— Відаць, вы лічыце мяне адной з тых, з кім прывыклі мець справу ў сталіцы. Хай буду выглядаць у вашых вачах старамоднай, несучаснай, але я так выхавана традыцыямі сваёй сям’і, што для мяне не пусты гук такія паняцці, як гонар, годнасць, сумленне і цнота…
— Ні на хвілю не сумняваюся, Гануля! — палымяна ўсклікнуў Валянцін.
— Не! — спыніла яго парыванне дзяўчына. — Мне здаецца, вы не кахаеце мяне…»
З гэтай ахінеі можна вылушчыць хіба тое, што гуляць мы ўсё ж такі пайшлі. «Толькі доўга я не змагу», — папярэдзіла ты, зірнуўшы на новенькі залаты гадзіннік.
І ўсё было такім самым, як і ў першы раз: ноч, груша, калодзежны зруб, пахі і гукі лесу і чыгункі… І зноў мы сядзелі побач — вось толькі ты больш не прыціскалася да мяне, не брала маю руку і не клала сабе на сэрца, недаступнае цяпер, закрытае цяпер ад мяне не адным толькі станікам…
Замест наіўнай, мілай балбатухі я бачыў цяпер зусім іншую дзяўчыну, незнаёмую, незразумелую, з нейкай, да таго ж, задняй думкаю!
— Я пайду, — паднялася ты. — Добра?
Гадзіннік залаты… Чые гэта словы? Чые паводзіны? Адкуль ты гэтага нахапалася? Жытомірскі след? Узрост, у якім чалавек, тым больш дзяўчына, можа змяняцца на працягу дзвюх гадзін, калі не хвілін, не тое што двух летніх месяцаў?
Ці ты проста ўбачыла, адчула, што я ўжо ў тваёй уладзе? Што я, як тыя трусікі, закормленыя тваёй канюшынай, прыручаны?
Раздзел XVIII. «Палеская-Буравая»
Спакуса ўзяць зараз ды замест цябе ўсё апісаць — падрабязна, па-мележаўску густа: нашы сустрэчы, цёплыя доўгія дні з павуцінкамі восені, жнівеньскія вечаровыя туманы, зусім ужо зябкія ночы (крык птушкі, рэха цягніка), калі даводзілася нам грэцца пацалункамі-прыцісканнямі, бо спакваля ты ўсё ж адышла, скінула з сябе post-жытомірскае здранцвенне і зноў пачала мне сёе-тое дазваляць.
Але ніяк не магу адарвацца ад твайго дубовага тэксту, я прывязаны да яго, як вол, вяроўкаю і вымушаны хадзіць толькі па крузе, таптацца толькі па тых эпізодах, якія ты, невядома чым кіруючыся, адбіраеш, і карміцца той паслядоўнасцю, якую ты прапаноўваеш.
«… — Ці кахалі вы? — спытаў неяк Валянцін. Ночы былі ўжо халаднаватыя, на ім была куртка-»аляска», на ёй — таксама джынсавая куртка з башлыком-капюшонам…
Ганулька спынілася і, глыбока ўздыхнуўшы, падняла на яго свае сінія, як пралескі, вочы. Ёй было нясцерпна балюча ад уяўлення, што сваім прызнаннем яна можа зрабіць яму таксама вельмі балюча… Але і маніць не магла, бо ён стаяў перад ёй духоўна чысты, высакародны, разумны…
— Толькі вас, — прашаптала дзяўчына, пакорна схіляючы галаву яму на плячо…
— А я вас…
Закаханыя палюбілі шпацыраваць да Геалагічнага Пасёлка і назад. Там жылі ў вагончыках вясёлыя, бестурботныя — сёння тут, заўтра там — рамантыкі-геолагі… Іхняму лёсу Гануля калі-нікалі нават па-светламу зайздросціла.
Часта, узяўшыся за рукі, закаханыя выпраўляліся любімай дарогай…»
Я цярпець не мог тую дарогу.
Мне хацелася ў лес, на бераг кар’ера, дзе можна было палюбавацца вячэрняй вадою і паслухаць, як яна шапоча ў берагах, на крайні выпадак прайсціся полем — хоць і зжатым даўно, нецікавым — да вёскі. Ты ж нязменна выбірала свой шлях, толькі да гэтай і буравой цягнула цябе нячыстая сіла.
Глыбокія, выбітыя «Мазамі» каляіны… Спуск у лагчыну. Кладка — я пераходзіў па ёй, працягваў табе руку і ты саскоквала, трапляючы ў мае кароткія абдымкі. Даходзілі да бярэзніку. Праз дрэвы, калі яшчэ светла было, віднеліся вагончыкі, чуліся галасы і музыка. Спыняліся на паляне — вытаптанай, скрозь у чорных падпалінах, паўсюль акуркі, аб’едкі, папера, коркі пластмасавыя з-пад «чарніла» і гарэлачныя «касынкі»… Што цябе туды цягнула?!.
— Вось ўсё табе трэба ведаць, — крыўлялася ты, пакусваючы губку, страляючы вочкамі, зацягваючыся цыгарэтным дымам; стрымала-такі абяцанне, навучылася гэтаму шчасцю лепш за мяне. — І так разумны, разумныя старэюць хутка… Вось паедзеш, знойдзеш сабе новую Людку, а я буду прыходзіць сюды і ўспамінаць.
Стаялі, выкурвалі па цыгарэце, заварочвалі назад — ішлі ўжо ў прыцемках, сапраўды за рукі ўзяўшыся. Шчаслівы, што аддаляемся ад праклятага месца, я ўслых разважаў, што вось праз год, усяго! — скончу тэхнікум, станем мы жыць у лесе, можа нават у той жа казарме, ці пабудуем церам-катэдж — няважна; я буду хадзіць на паляванне, па рыбу ў кар’ер, па грыбы, чытаць кнігі і пісаць «літаратуру», ты — чакаць мяне, радавацца маім поспехам, завіхацца па гаспадарцы, гатаваць мне абеды, вячэры і сняданкі…
Читать дальше