У кнізе шмат лірычных замалёвак, традыцыйных у паэзіі лет, зім, вёснаў, восеняў, дажджоў, навальніц. Як быццам немудрагелістыя накіды з натуры з прывычнымі атрыбутамі рыфмаванага пісьма — але ў іх сталая настроенасць душы на імгненную эйфарыю ўражання, якая перадаецца чытачу.
Зіма. Цвітуць аблокі.
Сінее ясны дзень.
Сварлівыя сарокі
Дзяўбуць свой цёмны дзень.
Гуляе лёгкі вецер —
Ганяе снежны пух.
Зіма на белым свеце...
Вясна займае дух!
«Зіма. Цвітуць аблокі...»
Гэты жанр, жанр лірычнай замалёўкі, мне здаецца, не знікне ў паэзіі, хаця яго кожнае дзесяцігоддзе дваццатага стагоддзя старанна спрабуюць пахаваць апантаныя вынаходнікі новых формаў. Будзе існаваць у сваёй простай і непасрэднай залежнасці ад свету хараства. Як існуюць і незалежна і аб'ектыўна захоўваюць у сабе непадробную прыцягальнасць неба, трава, кветкі. І ўсё гэта мы заўсёды ўспрымаем у пэўнай залежнасці ад нашых уяўленняў аб прыгажосці і дабраце, аб сусвеце і светапарадку. У вялікім крузе зямнога быцця, дзе заўсёды ёсць вось гэта, святое:
...У кожнай думы шчырай
Адзіны ёсць выток:
Зямля, народ, Айчына,
Жыцця глыток...
І там паэт «прыкуты сваёй мовай да Радзімы і разам да Сусвету усяго...».
Леаніда Галубовіча не мінуў вобраз-спакуса паэтаў не ад Ромула нават, а з незапамятных міфалагічных і даміфалагічных часоў — агонь-таямніца, «агонь, якім мы праведна згараем» («Таемнасць агню»), «і палаюць кастры, і злятаюцца душы» («Агонь»), агонь ачышчэння, агонь пазнання, веры, «агонь, якому сутнасць давяраем жыцця свайго» («Таемнасць агню»). Зразумела, вобраз не новы, аднак, мне здаецца, неабходна патрэбны паэту для падтрымання высокага эмацыянальнага тонусу. А тонус гэты часам пачынае падтрымлівацца трохі штучна, вершамі, якія маглі б належаць і нейкаму іншаму аўтару, не Галубовічу. Ну, скажам, «Давайце жыць аддадзеней і шчырэй...», «Прадвесне» або «Ліпеньскі поўдзень». Але — вось што важна, і тут ёсць радкі і прыкметныя, і таленавітыя: «За зіму вымерзлае сонца», «...Бяжыць і смяецца малое дзіця,/ Сябе пакідае і нас/ без аглядкі/ — у ліпеньскім дні».
Леанід Галубовіч — паэт-лірык. Перш-наперш. І рух душы, настрой абумоўліваюць агульную танальнасць яго паэзіі. І, як амаль ва ўсіх паэтаў, ёсць у яго свае схільнасці да нейкай пары года. Да восені, мне здаецца. І вясны. Лета ў яго звычайна па-сялянску гарачае, працавітае. Зіма ўзнікае свежа і ясна, але рэдка. Вясна і восень — часы роздуму, асабліва вострага ўспрыняцця свету, часцей за ўсё сустракаюцца ў Леаніда Галубовіча, і тут асабліва відавочна выяўляецца напружаная ўнутраная работа паэта. Маю тут на ўвазе, што канкрэтнаму чалавеку Леаніду Галубовічу, магчыма, больш за ўсё даспадобы лета або некаму з яго чытачоў усё ўяўляецца зусім інакш. Гаворка пра маё асабістае ўражанне ад кнігі паэта. Ёсць у яго вось такі верш:
Сатканы восеньскі матыў
Сівою вяззю павуціны,
Рудзеюць з вуліцы платы
Перагарэлаю пацінай.
...Прасторны сад. І ў ім — адзін,
Нібыта райскі, яблык позні
Між чорных вугальных галін
Датлеў амаль пад ветрам слёзным.
«Сатканы восеньскі матыў...»
Мне тут, шчыра кажучы, прыгадалася вось гэтае: «яблык, пераспелы, як даўняя туга» з прозы Міхася Страль цова. Прыгадалася не дзеля непатрэбнай паралелі. Ні ў якім выпадку. Проста не толькі ў гэтым, прыватным перагукванні, але і ў больш шырокім сэнсе, агульная настроенасць паэзіі Леаніда Галубовіча падалася блізкай нейкімі матывамі творчасці Міхася Стральцова. І, магчыма, гэта зноў жа маё, асабістае, творчасці Максіма Багдановіча. Не шкалярскімі перапевамі. І не наяўнасцю прысвячэнняў і эпіграфаў, хаця, калі весці гаворку пра Багдановіча,— яны ёсць. А ўнутранай, не відавочнай блізкасцю.
Пад вечар — восень, а зрання
Атуліць сад халодным пухам
Растайны снег, нібы мана,
Якую ты дарэмна слухаў.
«Сатканы восеньскі матыў...»
Або:
Цябе ніколі не было,
Аднойчы я цябе прыдумаў.
Любові запаліў святло
Над цёмным непарушным сумам.
«Жанчына з мары»
У адным, не вельмі ўцямным артыкуле мне давялося не так даўно прачытаць, што справа не ў цытацыі: што там паэта паўтараць, я вам усё за яго растлумачу. Мне здаецца, уласцівасць сапраўднай паэзіі ў тым, што яе хочацца чытаць, перачытваць, чытаць другім:
Няўжо сплыве абеленая даль
І шэрань зноў дарогі мне пяройдзе?
Размые каламутная вада
Настылае і чыстае ў прыродзе?
Читать дальше