А ўсім вядома, як змястоўна, пераканаўча, на самым высокім ідэйна-эстэтычным узроўні выступаюць у крытыка-публіцыстычным жанры такія паэты, як П. Папчанка, К. Кірэенка, В. Вітка, А. Вялюгін, Р. Барадулін, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч і інш.
Не магу ў сувязі з гэтым не згадаць артыкул рускага паэта і крытыка Т. Глуніковай з вельмі характэрнай назвай «Вобраз паэта — вобраз крытыка», дзе яна слушна гаворыць пра той агульны вобраз асобы, што вымалёўваецца з агульнай унутранай сувязі яго літаратурнай дзейнасці. У такім, адкрытым, «не зацененым вобразнай недагаворанасцю» выглядзе — у крытыцы і ва ўсеўзбраенні магіі «гарманічных гукаў» — у вершах. «Адкрытым» спосабам выяўляе свае эстэтычныя ўяўленні і Леанід Галубовіч, культура думкі якога, калі ведаць яго адукацыйны цэнз і абставіны нятворчай біяграфіі, не перастаюць добра радаваць.
А вось Р. Баравікова ў кнізе «Адгукнуся голасам жалейкі», па сутнасці, не пашыраючы свайго кола тэм, выйшла на той узровень, пра які варта гаварыць асобна. Здавалася б, усё тое ж, інтымнае, асабістае. Не будзем сцвярджаць, што ў паэтэсы з'явіліся філасофскія медытацыі. Але парывістая, апраметная энергія яе вершаў, не страціўшы сваёй імклівасці, набыла важкасць мудрага разумення многага ў жыцці, з'явілася не перарывістае, а напоўненае, як у трэніраванага спартсмена, «дыханне пругкае работы».
Безумоўна, выверанасць зместу і формы (без асобых навацый) — ад той, папярэдняй работы, што немагчыма без жыццёвага і літаратурнага вопыту, дзе былі і «памылкі і страты», і «мітуслівых надзей далягляд». Нялёгкі ён, кошт сапраўднага важкага слова:
Мне не шкода душы, хто не плача —
І гэта не дэкларацыя, не забяспечаная канкрэтным творчым багажом. За словамі — адказны змест кнігі. У якім — не часта — з'яўляюцца і такія адкрыта праграмныя радкі:
Высокіх слоў казаць я не павінна,
бо вышыня — у небе, тут — зямля,
на ёй сцяжына, нібы пупавіна,
дзе па адным з канцоў — на век свой я.
«Асмолаўскі тракт»
Пацверджаны зместам кнігі і спакойныя, упэўненыя высновы Сяргея Законнікава:
І стаю я, жыццё, прад табой...
Ты дарма хмурыш бровы сурова —
Ціха
вера,
надзея,
любоў
Шэпчуць мне запаветныя словы.
Жыць трывожна на свеце,
калі
Хмар злавесных гайня не радзее,
Ды над лёсам людзей і Зямлі
Свеціць зоркай бяссоннай надзея.
Прага шчырасці, роднасці зноў
У нязведанасць торыць дарогу.
Засяваю свой сціплы аблог
Зернем
веры,
надзеі, любові.
«І стаю я, шыццё, прад табой...»
...Многае пазначыцца ў сённяшнім дні нашай паэзіі, калі ўзяць пробы на глыбіні. Многае, што выяўляе асобныя прыкметы літаратурнага працэсу, прыкметы, што па аб'ёму, натуральна, не супадаюць з агульнымі заканамернасцямі. Але дазваляюць нешта ў іх высветліць, выпукліць, хаця б пункцірна пазначыць. У спалучэнні зместу і формы, у выяўленасці тэндэнцый свайго часу і злучанасці іх з традыцыямі культурнага мінулага, нават калі гэта выяўляецца і ў адштурхоўванні, нязгодзе з тымі традыцыямі. Ніякія ж навацыі немагчымыя без дасягненняў класічнага верша, вопыту паэтаў канца XIX — пачатку XX ст., паэтычных школ XX ст. Маю па ўвазе сусветную паэзію ўвогуле. Любыя з іх так ці інакш залежаць ад вопыту мастацтва мінулага. А прыцягальнасць традыцый бясспрэчная. Тут і вялікая сіла звычак і інерцыі, і вялікая эстэтычная каштоўнасць класічных узораў. У беларускай літаратуры сённяшняга дня, нават калі зрабіць толькі вось такую прыблізную прыкідку па асобных узорах, ідзе нармальны працэс, не пазбаўлены, натуральна, і страт, працэс, у якім і вопыт прыхільнікаў традыцый, і творчасць «традиций убежденных неслухов» (М. Асееў) знаходзіць пэўнае, хай і нераўназначнае выяўленне. І ў такіх, скажам, цікавых выявах, дзе скрыжаваліся мастацкія традыцыі многіх літаратурных школ і нацыянальных традыцый розных народаў, як паэма «Дождж у Ка- ралішчавічах» Карласа Шэрмана.
Любая ж эстэтычная ідэя імкнецца да той ступені мастацкай завершанасці, калі ўспамінаюцца словы Імануіла Канта: «...рабі толькі адпаведна той максіме, кіруючыся якой ты адначасова можаш пажадаць, каб яна стала ўсеагульным законам».
«НАБРАЦЬ ДЛЯ ПЕСНІ ВЫШЫНЮ...»
Сталасць... Маладосць... Пара вынікі падводзіць і пара пачынаць... Ёсць агульнапрынятыя нормы, засведчаныя аўтарытэтам вопыту і аўтарытэтам філасофскіх сістэм. А жыццё заўсёды нешта дадае да гэтых норм, уносіць карэктывы. І не ў адну пару прыходзіць да людзей сталасць. І ў кожнага свая пара пачынаць. Бывае, што не вагаючыся, яшчэ ў юнацтве, выйдзе чалавек да людзей са сваім словам, а нехта цяжка і доўга ўзважвае, ці мае ён права пісаць. А яшчэ ў каго думкі і адчуванні не адразу набываюць рэальныя слоўныя абрысы. А калі набываюць, з'яўляецца зборнік пад грыфам «Першая кніга паэта».
Читать дальше