Свядома згадваю рэчы непраграмныя, здавалася б, падкрэслена асабістага кшталту. Аднак і тут важнасць і важкасць залежаць ад глыбіні мастакоўскага ўсведамлення быцця. І тут адчуваецца абавязковая залежнасць ад свайго часу, эпохі, і тут ёсць спрасаваны эмацыянальны вопыт, сацыяльная афарбоўка. Так, пра што б ні пісаў сапраўдны талент, усе гэтыя катэгорыі свядома ці падсвядома абавязкова прысутнічаюць у творчасці. Акт самаўсведамлення ў мастацтве — гэта і самаўсведамленне ў часе, прасторы, у канкрэтных жыццёвых рэаліях. Канечне, у творах грамадзянскай, палітычнай, філасофскай тэматыкі маштабнасць, гістарызм мыслення, сацыяльная пазіцыя аўтара выяўляюцца непараўнана больш выразна і адкрыта. У прамой залежнасці ад маштабу таленту, яго ідэйнага крэда, узроўню мыслення, культуры духоўнай, культуры валодання вершам. Калі гэта сапраўдны талент. Акцэнт зроблены не выпадкова. Як вядома, самую высокую ідэю можна зглуміць сумотным і невыразным выяўленнем. Мастацкае выяўленне павінна быць адпаведным сацыяльнаму і філасофскаму сэнсу.
...Не маючы на мэце стварыць карціну ці хаця б даць схему беларускай паэзіі ў якім-небудзь канкрэтным перыядзе, не намагаючыся класіфікаваць ці рабіць сінхронны, «гарызантальны» разрэз (Ю. Тынянаў), паспрабуем узяць некалькі «проб на глыбіні». Некалькі ў нечым адвольных па выбары, а ў нечым характэрных для пэўнага храналагічнага адрэзка літаратурных узораў, арыентуючыся ў асноўным на апублікаванае апошнім часам. Што там, на глыбіні? Якая народа?
Зноў, імкнучыся матэрыялізаваць у слове свае вывераныя жыццём прынцыпы, сцвердзіць не так сябе, як сваё, М. Танк прыгадае думку, што адпавядае яго жыццёвым высновам:
«Не гавары: Зямля мая,—
Казаў мудрэйшы з інкаў,—
А гавары: Зямля, я — твой...»
У. Калеснік у кнізе пра М. Танка адзначаў як паказчык творчай самабытнасці паэта «выключную адпорнасць на крайнасці як рамантычна-эстэцкага характару, так і на змрокавую празаізацыю формы», шырыню творчага дыяпазону. Паэт, дасягнуўшы вяршыняў творчай сталасці, канкрэтнай практыкай сцвярджае гэта, выкарыстоўваючы як выяўленне эстэтычнай рэфлексіі іронію.
Калі вы будзеце, сябры,
Зноў разважаць
. . . . . . . . . . . . .
Аб непарушнасці
Канонаў жанравых
. . . . . . . . . . . . .
Ці аб тым,
Якім памерам
Трэба пісаць вершы,—
Паклічце і мяне.
Бо, як некалі
Маэстра Дунікоўскі гаварыў:
«Я ўжо чалавек стары
І хацеў бы Памерці ад смеху».
Дарэчы, каноны, навацыі, традыцыі... Сёння гаварыць пра іх па-за сусветным літаратурным вопытам немагчыма. І хаця за традыцыйныя формы прынята лічыць формы класічныя, але ні і многія навацыі набылі ўжо трывалую традыцыю. Многія з іх прымаюць як новакласічныя каноны — ламаны радок, свабодны верш.
Але ёсць нейкія варункі творчыя, што ўжо мелі ў нечым падобныя спробы на ўзмежжы XIX-XX стагоддзяў, у 20-я гады, у сённяшнія дні. Гэта славеснасць, што не супадае з класічнымі, тысячагоддзямі выверанымі правіламі, не толькі формамі, але перш за ўсё зместам, які абумоўлівае адпаведныя формы. Не супадае зместавым напаўненнем, відавочнай устаноўкай на ўскладненасць, неадпаведнасць слоўнага выяўлення сэнсу, калі і сімволіка выдаецца занадта просталінейнай, перавага аддаецца слоўнаму коду, шыфру. Паэтаў такіх у нашай, у асноўным старакласічнай традыцыйнай паэзіі не так многа. У першую чаргу Алесь Разанаў. Пра яго пісалі, і нямала. У тым ліку і такія ўдумлівыя, не з тых, што трымаюцца толькі іерархіі густу, літаратары: У. Калеснік, В. Вітка, А. Сідарэвіч. Ёсць у паэта і свая чытацкая аўдыторыя — найбольш фізікі, увогуле навуковыя супрацоўнікі з галін дакладных навук, мастакі, студэнты. Мабыць, гэта і не выпадкова. Менавіта гэтыя чытачы бачаць у яго творчасці не разумовы хаос, а сугучнасць навуковым ведам, навуцы на ўзроўні XX стагоддзя, калі ўсе ісціны аспрэчваюцца, усе паняцці, што здаваліся на працягу тысячагоддзяў непахіснымі, сталі адноснымі — час, прастора, непадзельнасць атама. І яны згодны ў кожным слове паэта бачыць «цэлы комплекс паняццяў, больш важных, як прамое значэнне слова» (Е. Ярмілава).
Паэзію Разанава зацята прымаюць і яшчэ больш зацята не прымаюць. Але з'яўленне яго ў беларускай літаратуры — з'ява невыпадковая, яго паэтычныя вопыты — гэта адбітак светапогляду пэўных, хай сабе і нешматлікіх сацыяльных груп, адказ на іх эстэтычныя запатрабаванні. У самога ж Разанава мне гэта падаецца натуральным працягам тых пошукаў, што былі выяўлены ў традыцыйнай форме, але ішлі ад законаў фізікі, былі навеяны роздумам «нефілалагічнага» парадку. Памятаеце ягонае: «І білі звонкія ранеты/Па выпадковай галаве./А адкрыццё брыло начамі/Пад гоман рэчак і асін/У выпадковасці адчайнай/ Невыпадковае зусім». Магчыма, так. Ад Ньютана да Эйнштэйна. Пашыраныя далягляды навукі не аднаго яго звабілі сваёй нечаканасцю і неабмежаванымі магчымасцямі. Што яї, магчымасці мастацтва таксама невычэрпныя. Але ці перасякаюцца тыя паралельныя па Лабачэўскаму?
Читать дальше