А калі летась цябе, Ай, дзеля выпрабавання ўпершыню ўзялі на паляванне і ты, разам з усімі высачыў аленя, старэйшыя, як мне потым расказвалі, хацелі саступіць, даць табе стрэліць першаму. І ты, стаіўшыся ў кустах, ужо заклаў стралу, нацягнуў цецяву, але ў апошняе імгненне перадумаў, спыніўся і ўвогуле адкінуў стралу убок. І тады адразу стрэлілі трое з тых, хто заўжды напагатове, стрэлілі і смяротна паранілі аленя. І разам з аленем упаў на траву ты, мой Ай. Так расказвалі мне мужчыны. Ты тады ледзь не страціў прытомнасць. А потым так плакаў, кідаўся, крычаў па начах, што мне давялося адпойваць цябе зёлкамі. І наш Галоўны, Важак, паглядаючы на цябе, толькі ківаў галавою:
— Нічога не паробіш, будзе, як бацька, мастаком.
А мы, жанчыны, даўно ведалі, што ты не такі, як усе, што ты незвычайны. Можна было і не браць цябе на паляванне, не правяраць. Нарадзіўся ты, абкручаны пупавінай, і цябе ледзь уратавалі, ледзь прымусілі падаць голас, закрычаць. І ты не крычаў, як усе доўга і нудна “Аааа-аааа—ааа!”, не агукаў, ты крыкнуў гучна і раз усяго:”Ай!”. Відушчая, кажуць, як толькі дазналася пра тое, як ты нарадзіўся, адразу сказала, што ты будзеш не такі, як усе. Што вялікі дар табе будзе дадзены: дар лячыць або маляваць. А я цябе так і назвала —Ай.
Ты з’явіўся на свет на самым пачатку лета, калі сонца заткала зямлю зелянінай і кветкамі, калі ўсё навокал, вітаючы тваё з’яўленне, спявала і танчыла. І дзіўны салодкі кветкавы водар кружыў мне голаў, хмяліў да самазабыцця.
Але ж усе ведаюць, важна не толькі, як і калі чалавек быў народжаны, але і як, калі быў зачаты. Мы з бацькам прадвырашылі тваё з’яўленне ўвосень. Цёпла было, цёпла і парна. Грыбоў — не сабраць. Баравікі. Белыя, чаранагаловікі. Тыя, што растуць пад дубамі і ў хваёвым бары. Сярод грыбоў трапляліся і тыя, якія можна есці не варыўшы. Мы з тваім бацькам мелі кожны свае грыбныя мясцінкі, і цягалі грыбы кашамі. Ды толькі не спяшаліся браць. Любаваліся. І там, у лесе. І потым, калі перабіралі. Кожны ж грыбок непаўторны. Кожны грыбок — адкрыццё. Адкрыццё прыгажосці. Мяккі вільготны мох, а ў ім моцная, пругкая ножка, гладзенькі капялюшык... І нашыя пацалункі там, у засланым цёплым туманам, росным, засыпаным апалаю лістотай, ігліцай восеньскім лесе, тыя пацалункі таксама былі для нас адкрыццём, якое вяло да разгадкі таямніцы зачацця, твайго зачацця, Ай. Так дождж лашчыць зямлю, каб узгадаваць кінутае ў яе зерне. Колер зярнятка, колер семені, колер малака. Наш колер. Ён ёсць нябеснае святло, наша повязь з небам.
А зімою, калі, Ай, я напэўна ўжо ведала, што ты ёсць, што ты будзеш у мяне, мы з тваім бацькам сядзелі ля вогнішча ў нашай вялікай, складзенай з мамантавых костак і зацягнутай па версе звярынымі, воўчымі шкурамі хаціне. І было чуваць, як захліпаецца снегам завея і выюць ваўкі. Усе паснулі. А мы з табою, здаралася, і ўсю ноч сядзелі ля вогнішча. Я шыла, а твой тата выразаў з костак звяроў, тых самых, якіх і цяпер Відушчая кладзе на зямлю падчас танца мужчын, што выпраўляюцца на паляванне. Паляўнічыя, калі хочуць упаляваць звера, мусяць спачатку патрапіць стралою ў яго выяву. Ды ты гэта ведаеш.
А яшчэ твой бацька ляпіў, выразаў, выбіваў з каменю жанчын, якіх мы завем — Маці або Рода.
Ты шмат разоў бачыў іх, яны стаяць ці ляжаць амаль у кожнай хаце, на невялікім узвышэнні. З нашаю Родай, калі ты, калі быў малы, нават гуляўся. А ў Відушчай захоўваецца самая вялікая Рода. Яе таксама выбіў з каменю наш бацька.
У яе крутыя клубы, круглы, як гарбуз, зад, чэрава, у якім зручна будзе дзіцятку. Грудзі — кожная па яблыку. Усё самае сакральнае ясна пазначана. Нашая Рода, тая, што ляжыць у нас, касцяная, крыху меньшая. Але ў яе таксама вялікі акруглы зад і грудзі па яблычку. Аднойчы, ты яшчэ малы быў, патрымаў яе ў руках, пагладзіў і запытаўся:
— А чаму ў яе няма вачэй? Твару зусім няма. Уся галава — і ззаду, і спераду — рысачкі, рысачкі, кропачкі. Ізноў рысачкі.
— Твар, Ай, пазначаць нельга, — паспрабавала я патлумачыць. — Твар, вочы ёсць толькі ў жывых. Так казаў твой тата. А яму пра тое сказалі наш Галоўны і Відушчая. Гэтыя жанчыны, Роды — знак, сімвал урадлівасці, знак плоднасці. Каб у каласках было шмат зярнятак, а на яблыні — яблычкаў. І ў цябе, Ай, з’явіліся брацікі і сястычкі. Вялікае чэрава ў яе для таго, каб вынасіць дзіця, а вялікія грудзі, каб потым выкарміць.
— Але ж ты не такая, — сказаў ты, Ай, і зірнуў на мяне...
Так, як калісьці ў цёплым грыбным восеньскім лесе глядзеў на мяне твой тата. У цябе, як і ў яго, вялікія шэра-блакітныя вочы. Але не, нават па колеру яны ў цябе цяплейшыя. Не як сцюдзёная крынічная вада, а як мяккая павольная рачная плынь. І гэтая плынь лашчыць мяне, люляе. Заварожвае... Аднойчы, калі я прыбірала ў хаце і ўзяўшы ў рукі Роду, пра нешта задумалася, ты раптам сказаў:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу