Уздоўж усхонных скалаў і да сяньня яшчэ жывуць дзе-нідзе пустэльнікі ў пячорах. Відаць пратаптаныя сьцежачкі ўздоўж адхонных кручаў. Надворны бок пячоры звычайна зачынены драўлянымі дзьверцамі пад крыжом. Зь іх спушчаюцца ўніз вяровачныя лесьвіцы, часта адзіны спосаб дастацца ў хаціну такога пустыньніка.
Прыходзіцца дзівіцца, чым яны жывуць, калі нідзе ніякіх адзнакаў абробленае зямлі ці якіх гародчыкаў. Відаць, патрэбы свае зводзяць да мінімуму. Але гэткім спосабам самаізаляваньня ад грэшнага сьвету, яны ратуюцца ад сусьветнага наступу сучаснае Садомы і Гаморы. Кажнаму сваё. Нам, людзям сьвецкага жыцьця, бачыцца іншая дарога служэньня Госпаду Богу. Мы стараемся праводзіць Божыя законы ў самім жыцьці. Але няма патрэбы адмаўляць і права пустыньніка собскімі дарогамі ісьці да Бога.
Дарэчы, знайшоў у манастыры Хозевіта прытулак сваёй Богалюбнай душы і адзін чалавек, казак з Дону. Каб хоць нешта здабыць на пракармленьне, ён расчыняе перад паломнікамі сундучок з чэрапам чалавека і прапаноўвае цалаваць яго, як аднаго з сьвятых падзьвіжнікаў Грузіі. Ад пацалункаў той чэрап ужо аж блішчыць. Вернікі ў чарзе падыходзяць пакланіцца тому сьвятому, цалуюць і кладуць даляры на скрынку. Казак кажнага запэўнівае, што адна думка аб тым падзьвіжніку наводзіць на спакой і пасяляе ў душы сьветлыя надзеі.
«Кажны чалавек зарабляе свой хлеб адно яму даступнымі сродкамі», - думаў пра тога казака Ўсевалад і паклаў яму свайго даляра на куфэрак. «Няхай яму Бог даруе ягонае вынаходзтва. Жыць жа яму неяк трэба і на тэй гары, куды яго закінуў лёс у ролі інака і дзе ён цешыцца той нямой цішынёй, у якой адно найлепш і слухаць голас Усявышняга і ратавацца ад наступу сатаны. І Бог яму, я пэўны, даруе тыя нявольныя грахі, ад якіх людзям зла ня робіцца, а беднаму інаку падмога вялікая. А часам можа і на дабро пойдзе, калі чалавек вераю лечыць злыдні, што пераследуюць яго?»
Немагчыма пералічыць усе манастыры ўсіх веравызнаньняў на Сьвятой Зямлі. Іх значна больш, чымся паломнікам даводзіцца за два тыдні наведаць. У кажным зь іх па-свойму, на сваёй мове і паводле сваіх традыцыяў, праслаўляюць Бога і прапаведуюць хрысьціянскі шлях жыцьця. Гэта заўсёды радуе і натхняе паломнікаў і ўсіх, каму дарагія Вялікія Хрыстовыя запаветы. Адно ў наш час наводзіць на сумныя развагі: немагчымасьць папаўненьня манахаў у праваслаўных манастырох вядзе да ўсе большага і большага скарачэньня іх ліку. Старыя манахі паступова паміраюць, - дарма, што іх век звычайна даўжэйшы, чымся людзей сьвецкага жыцьця. А на зьмену ім прыходзіць вельмі і вельмі мала. Вялікая крыніца іхняга заўсёдняга папаўненьня з праваслаўнага славянства цяпер бадай-што зусім запынілася ў выніку захопу ўлады ваяўнічымі бязбожнікамі. А маленькая Грэцыя, адзіная цяпер у вольным сьвеце праваслаўная эўрапэйская дзяржава, ня ў стане запоўніць усе вакансіі ў праваслаўных манастырох Палестыны. Таму праваслаўныя манастыры арабскае Палестыны запоўненыя далёка не на поўную магчымасьць. Часам там, дзе магла б быць сотня ці больш манахаў, жыве адно які дзесятак, а часьцей і таго менш. А ў Ізраільскай частцы Палестыны і таго горш. Ізраільскі ўрад не дазваляе наагул прыяжджаць манахам з-за мяжы і асяляцца ў манастырох. Разьлік просты: з часам старыя манахі адыйдуць у лепшы сьвет, а манастыры з-за адсутнасьці жыхароў адыйдуць да дзяржаўнае маёмасьці. Цяжка манастыром і з сродкамі: адзіная крыніца папаўненьня касы - ахвяры паломнікаў. Дабрабыт і лёс манастыроў тых у значнай ступені залежыць ад добрага сэрца кажнага хрысьціяніна ў сьвеце і ўсіх нас.
XII.
У патрыярхіі ерусалімскай
«Паўстань, сьвяціся, Ерусалім, бо прыйшоў сьвет твой, і слава Гасподняя ўзышла над табою. Уздымі вочы твае і паглядзі вакол: усе зьбіраюцца, ідуць да цябе...»
Ісаія 60, 1, 4
Улетку 1966 году праваслаўная група паломнікаў, зь якою езьдзіў у Палестыну аўтар гэтых нарысаў, была асабліва ўражаная згуртаванасьцяй і салідарнасьцяй усіх удзельнікаў, сьвятароў і вернікаў. Усе з цяплынёю на сэрцы прыгадваюць той энтузіязм, з якім наведваліся сьвятыя месцы і тую дапамогу і прыём, з якім іх сустракалі ў Патрыярхаце Ерусалімскім і на месцах. Нельга забыць тае радасьці і любові, якая сьвяцілася ў тварах архімандрыта Дзімітрыя - начальніка Духоўнай Місіі ў Ерусаліме, радаснага малебну і сьлёзаў у вачох, калі паломнікі слухалі сьпяваньне маладых арабак, вучаніцаў Віфанскае школы, і манашак Гефсіманскае Сьвятліцы.
Читать дальше