«І як добра, што кажнае раніцы муэдзін прыгадвае кажнаму масульманіну аб існаваньні ягоных абавязкаў перад Богам», - думаў Усевалад, знаходзячы выяў мудрасьці ў тым, што калі каторы зь іх яшчэ і сьпіць, дык рупны муэдзін падбае за яго і дапільнуе законнага часу, каб аддаць патрэбную даніну Божае пашаны. «І калі недзе ў шырокім сьвеце начныя гулякі ў шынкох яшчэ ўздымаюць чарговыя чаркі шкоднай гары і пазяхаюць іхныя наперсьніцы ад дарэмнай стомы, - далей цягнуў свае развагі Ўсевалад пра сучасны сьвет, - дык у Сьвятым Горадзе дбайны манах ўжо адчыняе браму царкоўнага двара, уваходзіць у Храм, каб там за момант напоўніць ягоную прастору гукамі нямоўчнага псальма на патрэбу духовага голаду, каб высака ўзьняцца ў неба душою і разам з нябеснымі анёламі прасіць Госпада Бога, Сына Божага і Сьвятую Маці, каб даравалі грэшным людзям на зямлі адпушчэньне іхніх грахоў, перасьцераглі ад дурных учынкаў, далі сілаў і змогі несьці свой крыж далей, заслужыць на тым сьвеце Царства Божае. І ніякія атамовыя хітрыкі веку, ніякія спакусы прыцягальных сілаў грэшнага жыцьця не адцягнуць тога падзьвіжніка ў манашскай сутане ад абавязку тае Службы. Так адбываецца штодзённае дакрананьне да тае вечнасьці, якая адна толькі і ў стане ўратаваць нас ад поўнае духовае звыраднеласьці. Адна сьведамасьць гэтага ўжо ратуе чалавека, надае яму моцы ператрываць лягчэй бачаную скрозь распусту. Дзякую табе, Госпадзі, што ты захоўваеш такую скарбніцу высокага духу і крыніцу жыцьця Сьвятога Слова, якой нам уяўляецца Сьвяты Горад. Дзякуй табе, Вялікі Ерусаліме, нізкі паклон табе, места, дзе стаяла нага жывога Госпада, які жыў сярод нас, тварыў цуды, вучыў нас дабру, прыняў пакорліва пакуты і дзеля нас памёр, каб уваскроснуць!»
Ціхановіч казаў у голас і сам зьдзівіўся, што ён якраз у Сьвятым городзе цяпер.
X.
У сьвятой ярданскай плыні
«Во Іордане крещающуся Тебе, Господи,
Тройческое явися поклонение».
З Трапара Хрышчэньня Гасподнега
Адзін пералік наведаных сьвятых месцаў у Ярданскай Палестыне будзе салідным. Акрамя ўжо названых раней месцаў тут варта назваць агляд Віфаніі, места сустрэчы Госпада з Марфаю, грабніцу Лазара, Дом Сімана Пракажонага, Капліцу Першамучаніка Стафана, Сьвятліцы Марыі Магдаліны ў Гефсіманіі, Дом Іаакіма і Анны - бацькоў Божай Маці, Віфезду, Крыжовы Шлях, Цямнічку, Ліфостротон, Храм каля Суднае Брамы, месца Сергія Раданежскага, Рускі Манастыр на Елеоне, Поле Пастухоў, Соракадзённую Гару, Манастыр Георгія Хазевіта, Лаўру Саввы Асьвячонага, Казанскую ікону Божай Маці, Эммаус, Самарыю, Студню Іякава, Манастыры Іоанна Хрысьціцеля, Мёртвае мора, Іерыхон, Елеонскі Сад у Іерыхоне, Іасафатаву Даліну, Столп Авессалона, Сілоамскую купальню, Хэўрон, Дуб Маўрыйскі, Манастыры Вялікамучаніка Георгія і прарока Ільлі, Рускі скіт пры Дубе Маўрыйскім, Пячору прарокаў, Храм «Ойча Наш», Келью Прэпадобнай Пелагеі, царкву роўнаапостальскага князя Ўладзіміра, Малую Галілею і, нарэшце, Іардань.
І цяпер Усевалад Ціхановіч прыгадвае тыя наведаныя мясьціны: перад яго вачыма, як жывыя, паўстаюць абразы сьветлай дарогі з Віфаніі - дому фінікаў або «беднасьці», паарабску - «Эль-Азарыя» - у Ерусалім, па якой наш Збаўца на осьліку ехаў у Сьвяты горад, а цяпер у Вербную суботу праваслаўныя ідуць крыжовым ходам. Удзячлівая памяць аднаўляе абраз Віфанскае праваслаўнае школы з інтэрнатам для арабскіх праваслаўных дзяўчатаў на чале з Ігуменьняй Марыяй і Матушкай Марфаю. Увушшу да гэтага часу зьвіняць галасы дзяўчатак, іх гульні і песьні ў часе перапынку ад працы па абслугоўваньні паломнікаў. Нельга не адзначыць з пачуцьцём глыбокае ўдзячнасьці ахвярную працу праваслаўных манашак і настаўнікаў гэтае школы, якія безінтэрэсоўна аддаюць справе выхаваньня і наўчаньня мясцовых арабак гэтулькі часу і энэргіі, што міжвольна сьхілішся перад падзвіжніцтвам Божай справе. А гэта ж дзьве ангелькі, што праняліся праўдаю праваслаўя, прынялі яго і пастрыгліся ў манашкі, пазналі паўнату веры і пасьвяцілі сябе працы на дзяцей. Дзякуючы іхняй актыўнасьці Віфанская школа набыла сярод Палестынскіх арабаў шырокую вядомасьць. Пазьней Марыя сталася настаяцельніцай сястрычаства пры Храме Марыі Магдалены ў Гефсіманіі, а Марфа жыве пры Школе ў Віфаніі. Дзякуючы ім сярод арабаў падтрымваецца разуменьне хрысьціянства, а дзяцей вучаць царкоўнаму пяяньню і літургіі. На двары школы знойдзены камень з надпісам па-грэцку: «Тут Марфа і Марыя пачулі ад Госпада слова аб Уваскрошаньні з мёртвых...» На тым месцы стаіць капліца, у якой у Вербную сыботу адбываецца служба з крыжовым ходам і вадахрыстам.
Читать дальше