Ляжаў я там дзевяць дзён і ўсе гэтыя дні ў час лекарскіх абходаў прасіў нейкага сродка для паласкання горла. Баліць яно мне. Кожны дзень абяцалі і ні разу ніхто не глянуў у горла, ды не даў нічога для лячэння. Відаць, ратавалі дэфіцыт.
У бальніцу ішоў я бадзёры, а адтуль ледзь ногі прывалок. Але ў інфармацыйнай карце напісалі, што "хворы вяртаецца дамоў у добрым стане і ні на што не скардзіцца."
Даражэнькія, прыкідвайцеся здаровымі і не трапляйце Ў бальніцу!
1980 г.
Цётка майго сябра дрыжыць на думку аб магчымасці сканання. — Збоку гледзячы, можна падумаць, — гаворыць сябар, — што цётка ў рай не верыць.
Я, у сваю чаргу, яму, гіцлю не веру, бо ён хлус. Я таксама маю цётку і нічога такога не заўважаю. Ілжэ, паганец, але я слухаю, бо што, маю каву пакінуць, якой мяне пачаставаў? А ён выкарыстоўвае маю прагнасць і гаворыць амаль не спыняючыся. Яго цётка абыйшла всіх дактароў, якіх толькі ведалі яе сваякі, усіх знахароў і шаптух, якія толькі існуюць у нас. Усе ёй гавораць, бы ў адну трубку трубяць, што яна здаровая і ніякіх лякарстваў не патрабуе. А яна ім не верыць, бо адзін з дактароў сказаў, што будзе яшчэ здаравейшай, калі перастане тры разы ў дзень чарнічны суп на касцях есці. Яна, бы місіянер, ходзіць па ўсіх, хто толькі мае нешта супольнае з лячэннем, і пераконвае, што каб іх слухала, то даўно грызла б святую зямлю, а так яшчэ ходзіць і дзяцей глядзіць. — Няхай яны смяюцца з супу чарнічнага на касцях, — гаворыць быццам яго цётка, — а я яшчэ і перцу дадам.
Ой, ілжэ сябрук, ілжэ, але што ты зробіш з чалавекам, які ілгуном нарадзіўся. Я ж таксама маю цётку, але яна ціхая, спакойная, нічога чужога не чапае і з нявесткамі не сварыцца, глядзіць іхніх дзяцей, ходзіць у царкву, памагае бедным, не ходзіць па дактарах, а тым больш па шаптухах. А ўжо пра алкаголь то і не падумае. На думку аб ім у маёй цёткі нос сінее. Дзе там, барані Божа... Здараецца, што ў хаце выпіваюць у нейкае вялікае свята, то мая цётка выходзіць, каб не пачуць паху гарэлкі, бо ёй зараз галава баліць. А цётка сябра (я яму не веру) быццам галаўны боль лечыць алкаголем. Вось такі прыклад прыводзіць ілгун. Калісьці да цётчынага сына прыехаў госць. Сын пасадзіў яго ў пакоі за сталом, каб даць паабедаць. У тым часе цётцы балела галава і яна мела выпіць парашок. Але ўбачыла, што сядалі за стол, парашок адлажыла. Нявестка яе пытае чаму палажыла на акне парашок, трэба ж выпіць, калі галава баліць. А цётка кажа: "Пакуль не буду піць парашка, бо зараз пачнуць піць гарэлку і да мяне прывяжуцца, каб чарку з імі выпіла".
— Не будуць піць, бо госць гарэлкі не п'е, — адказала нявестка.
— То госць няхай не п'е, але ж паставіць трэба, бо як жа ж абедаць без гарэлкі, — засумавала гасцінная жанчына.
Сын паставіў на стол бутэльку, а цётка хутчэй са сваёй шкляначкай і перцам да стала. П'е і гаворыць: "О, тото добра, я сабе напарстачак вып'ю, то і з'ем як трэба а вы мужчыны маладыя вып'еце рэшту". Так і было: мужчыны выпілі рэшту, бо яны пілі "напарсткамі", а цётка "соткаю".
— Ну вось, зноў пацяплела, — прадаўжае ілгун, — і цётка пачала аднова шукаць лекара, які прадоўжыў бы ёй жыццё. Заехала да найслаўнейшага. Той паглядзеў, змерыў ціск, абслухаў, абстукаў і бачыць, што жанчыне нічога страшнага не дакучае, прыпісаў парашкі і адправіў дамоў.
Цётка ілгуна (бо я яму не веру) парашкоў не ўзяла, значыць, не выпіла ні воднага і на другі дзень паперла Ў амбулаторыю з прэтэнзіямі: "гаўно тыя вашыя парашкі памагаюць".
— То чаго вы хочаце, хворая? — пытае збянтэжаны лекар.
— Я хачу вось такія, — паказала пяддзю, — уколы!
— Вам, хворая, ніякіх уколаў не трэба, вы крыху толькі недамагаеце, быццам, ад нікатыну. Вы курыце?
— О, яшчэ што выдумаў, вялікі доктар, мне, старой, курыць?..
— А мо вы крыху выпілі?
Старая маўчыць.
— Ну выпілі крыху, ці не?
— Колькі я там выпіла...
— Ну, вось ідзіце дамоў, вазьміце парашкі і ляжце. Адпачніце, усё будзе добра.
— Нічога не будзе добра, пакуль я не дастану вось такіх уколаў.
Цётка села ў крэсла. Лекар з сястрою пераглянуліся.
Сястра, хітрая баба, кажа:
— Пане доктар, вы яшчэ раз паглядзіце жанчыну, мо сапраўды ёй нешта дакучае. Мо ёй памогуць дарагія ўколы?
— Як жа я іх дам, калі жанчына здаровая, а ў мяне іх мала?
— Ой, пане доктар, не шкадуйце, няхай хворая хутчэй здаравее.
— Ну, добра, калі ўжо вы, сястра, так упіраецеся, то прыгатоўце шпрыц. А вы, жанчына, падымайце спадніцу!
Хворая рассупонілася, выставіла мяккае месца і сястра ў цётчынае цела ўбіла вялікую іголку з аквай. Пякло цётцы, але была задаволена, сказала, што гэта паможа, бо надта пячэ.
Читать дальше