Эй, товарищ! Эй, прохожий!
С нами вместе песню пой!
Ажно ў майскую песню ўрываецца Валодзька Цендракоў:
— Ребята, на Тверской шпана лупит наших румынов!
Падзея побач. Тверская — вуліца Горкага. Пабеглі на выручку. Аказалася, бойка ўсчалася з-за масквічак, якім румыны прапанавалі dupu (дружбу). Былі навічкамі, не ведалі ні рускай мовы, ні правіл тутэйшага побыту. Але і балгарыну, чацвёртакурсніку, без дай рацыі дасталася па шапцы. А я, хоць бы што, хаджу па сэрцы ўсёй Расіі як уладар. Галю Ягораву праводзіў аж да вузкага праходу на Красную плошчу, да самага пад'езда ейнага дома. І ніхто мяне пальцам не крануў. А Галя — дзявоха ціптоп! Куды тым, „румынскім”, да яе.
Тайну раскрыў у бани. Гэты храм культуры гнездзіўся ў задрыпаным завулку неўздалёк ад нашага інстытута. Па камфорту ён, вядома, не раўняўся з элітарнымі Сандунамі, але і ў ім можна аформіцца паводле патрэбы: выпарыцца, высцебацца бярозавым венікам, пагаліцца, падстрыгчыся, адпрасаваць адзенне, выпіць куфаль піва, кульнуць сто грамм. Вось і я перад парылкай абмалоджваюся ў цырульніка, а ён, як той варшаўскі доктар, завіхаецца каля мяне звыштарыфна, і шэпча на вуха:
— Знаю, кто вы. Вы с посольства...
І мінай дае зразумець: Полный молчок. Никто про это не узнает. Будь спок.
Во дзе мая сіла! У зелянковым шынельным сукне заакіянскага паходжання. Палеглы ў бітве з самураямі новазеландзец выручае саюзніка. Адданага займеў заступніка. Нават пасля смерці Сталіна, калі Варашылаў выпусціў крыміналістаў і яны запрудзілі Маскву, урки мяне не чапалі.
Той жа час. Ахоўнае сукно, хоць і якаснае, сцерлася. Адзеўся я ў дэмакратычны касцюмчык. Электрычкай „Москва — Апрельевка” еду ў прыўзнятым настроі з заняткаў. На творчым семінары чытаў новыя вершы. Хвалілі. Вагон напаўпусты. Падмаскоўны народ яшчэ на „стройках” сталіцы. І я шкадую, што няма звычайнай як у канцы дня „толкучки”, калі працавікі ў прапацелых ватоўках вяртаюцца ў свае спальні. Хачу іх бадзёрыць творчым настроем. Але ў вагоне стракаты вонкава неакрэслены сацыяльны склад. Пляваць ён хацеў на твой душэўны ўздым. Дык накіроўваю ўвагу на мілавідную малодку, што сядзіць насупраць. Прыкмячаю, і яна коўзае дапытлівым позіркам па маёй фізіяноміі. Абмяняўшыся паглядамі, бяру ініцыятыву ў свае рукі:
— Девушка, куда едете?
— Во Внуково.
— О, стюардесса?
— Нет, не угадали.
— А кто?
— Учительница.
Чаго мне больш трэба? Во каго ўражу!
— Значит, мы соседи, — накіроўваю спадарожніцу на патрэбную выснову.
— ?
— Я живу в Переделкине, — паясняю. — Теперь ваш черёд; отгадайте, кто я? — пускаю ў вочы туман і ўжо чую: „Ах, я так и думала! Вы из городка писателей. Вы поэт!”
Девушка азмрочыла мяне. З адабральнай усмешкай сказала:
— Вы инженер.
Не, не інжынер чалавечых душ, а звычайны тэхнарук. Нічога ўва мне не знайшла паэтычнага. На гэтым можна было б і кончыць гутарку, але я па здрадлівай інерцыі гну ўздымную лінію:
— Вы здешняя?
— Нет, из Украины... Западной.
Хапаюся за саломінку:
— А как вы думаете, я — здешний?
— Вы из Прибалтики! — заліваецца ўцешным смехам украінка і я патанаю ў безнадзеі.
Зноў усплывае Перадзелкіна. З другога курса жыў я ў загарадам інтэрнаце ў чатырохмесным пакоі. Кампанію складалі аднакурснікі: асецінец Георгій Гагіеў і двое русакоў — калінінец Аляксандр Гевелінг і ленінградзец Барыс Нікольскі. Слаўныя хлопцы, добрыя таварышы, азартныя гульцы. Ноччу, адарваўшыся ад літаратуры, забівалі „трызубца”, часам і „казла”, а зімою прышпілялі да ног лыжы і імчаліся ў лес, на ўзгорысты бераг завілістай рэчкі, пад рэзідэнцыю праваслаўнага патрыярха ўсяе Русі, або ў бок Унукава, у чароўную бярозавую рощу. А тут Кірыл Іванавіч (а мо Іван Кірылавіч?), наш сяброўскі фізрук, падкінуў нам дзве пары баксёрскіх пальчатак.
— Учитесь боксу, ребята, в жизни пригодится!
Мы гэта ведаем, адным талентам у літаратуру не праб'ешся. На трэніроўку! Перамагае той, хто найдаўжэй выстаіць на нагах. Не хапае сіл, лезь пад стол. А я ў жыцці не меў на руках скураных пальчатак. Без бою лезці пад стол? Палез бы, але як на тое, у Маскве чэмпіянат Еўропы па боксу, і палякі выйшлі на першае месца. Трэба трымаць марку, я ж іх „амбасадар”.
Сябры выскачылі са штаноў, скінулі кашулі. У адных трусах і майках размінаюцца. А я начапляю на тулава амартызатар — польскі кажух, які здабыў на канікулах, а на рукі — агромністыя скураныя куксы. І пускаю ў вір верхнія канечнасці. Ніколі не думаў, што так лоўка можна імі віраваць.
Читать дальше