Наспех развучаная роля прывяла да адваротнага ператварэння намеру ў скутак. Выйшла, як на аматарскай сцэне. Ад спешкі ніўскі казанова страціў прыпісаны герою лірычны тон і ў яго голасе, замест шчымлівай тугі і радаснага спадзявання, узарваліся ўсе рэсурсы цялеснага жадання. Агаломшаная малодка спярша налілася сарамлівай чырванню, затым у вачах яе ўспыхнула поўнае недаўменне, быццам убачыла згаладалага сексуальнага вампіра.
— А Божачка! — ахнула, млеючы ад жаху.
І Сваяк, згараючы ад канфузу, кінуўся з усіх ног у лес. Толькі рэха рагатнула ўдагонку:
— Здурэў дзядзька!
Пераймаць Барскага? Лягчэй праз зямлю праваліцца. Застогнеш ад душэўнага болю і яхіднага рогату кплівых хаўруснікаў. І станеш блазнам.
Банальная ісціна, банальны хэпі-энд.
1.
Да вялікага ліцвіна завёў мяне італьянец Амічыс, аўтар гулкага Сэрца, якое праменіла на мае юныя гады, штурхаючы на дарожныя знаёмствы. На беразе Свіцязі наваградскі прарок сказаў мне:
— Кіруйся сваім сэрцам. Яно — твой правадыр.
І я паверыў паэту. Узяў напрамак на ўказку. А што ў гэты час рабіў розум? Куды дзеліся вочы? Розум змоўк, а вочы пачалі фокуснічаць: бачылі то руж, то чэрнь — іншыя колеры зніклі. Пачаў я не пазнаваць і рэальнасць, у якой жыў, і абставін, з якімі зжыўся, і людзей, якіх, здавалася, ведаў. Свет мо стаў і цікавейшым, але як бы зышоў з наканаваных віткоў. Тут і падаспеў хітрамудры Ідальга. Не адну зламалі піку. Ветракоў хапала.
2.
Неразважны Германюк падгаварыў Шаховіча, здавалася б разумнага журналіста, пададэкватніць роднай вёсцы шыльду. Кастусь Майсеня, тадышні сакратар ГП БГКТ, даў камандзіроўку і сродак транспарту. Селі актывісты ў гэпісцкую карэту і (ту-ту!) кіруюць у Доўгі Брод, на братняе памежжа.
Мігам сабралі сход, выступілі з палымяным словам — і за справу. Знялі польскую (дзяржаўную) шыльду, замацавалі беларускую (сваю) і змыліся. А вясковы унтэр Прышыбееў — бах! — рапарт у нядрэмную службу: дыверсія!
Нарад нядрэмных, абследаваўшы месца злачынства, высветліў: Германюк з Шаховічам перасунулі ў Нехрысць Польшчы дзяржаўную мяжу. І да мяне: „Пакараць Шаховіча!” Я да Шаховіча:
— Якога чорта перасоўваў мяжу?
— Не перасоўваў! — адпіраецца.
— Не вінаваты Шаховіч, — кажу нядрэмным.
— Вінаваты, — кажуць яны. І тыц мне пад нос рапарт унтэра.
— Дык дайце гэты дакумент. Не магу караць без удакументаванага доказу.
— Не дамо.
— Тады зробім канфрантацыю.
Прытураю з суседняга пакоя дыверсанта. Той выкручваецца вужом і перад нядрэмнымі. Такім чынам выбівае з маіх рук падставу ўляпіць страгача. А рукі свярбелі.
3.
Яшчэ няраз добрасуседства адгукнецца Доўгім Бродам. „Беларусы перасоўвалі граніцу! Далучаліся!” Колькі іх было? Няважна колькі. Хай нават „перасунуў” мяжу Прышыбееў. Знайшлі матэрыяльны доказ? Знайшлі. Намер праваліўся? Ну і што! Былі? Былі. Выступалі? Выступалі. А што наляпалі? Перайменавалі „Długi Bród” на „Доўгі Брод”. А такія знакі дзе? На Беларусі. А Германюк хто — германец? А Шаховіч — персідскі шах? Беларусы перасоўвалі мяжу.
4.
Вам дзіўна? Мне таксама. Хоць здзіўляцца няма падстаў. Нядрэмныя глядзяць на нас праз лагічны кантаслуп. Бо іх вучаць логіцы. У Прышыбеевых гэты прыбор прыродны, у шэрым рэчыве. Таму не выпучвайце вачэй, калі сусед мусоліць вас вітальнай брамай 1939 года. У яго зрашэчаная памяць — забыў, што ён таксама браму ставіў, шанаваў спрадвечны звычай. Каталіцкі Кракаў вітаў напаўпаганскага Ягайлу, Радзівіл — шведаў, цымбаліст Янкель — Напалеона, Алесь Гарун — Пілсудскага. У гэтай традыцыі і драбніца добрасуседскіх пачуццяў. Відаць, за пагром у Старым Беразове новаберазоўцы ўшанавалі Dziadka помнікам. Магчыма, у мройных снах суседзі расстраляных вазакоў Прыбелавежжа здабываюць бронзу для „Бурага”. Ужо ў Пушчы ўганараваны жалезным крыжам нямецкія вешальнікі. Такая логіка нашага жыцця.
5.
Сідар кажа: — Ва ўсёй гэтай мітусні вінаваты вялікі ліцвін. Заклікаў жа:
— Miej serce і patrzaj w serce!
Вось і нашы хлопцы глянулі ў цудоўны твор прыроды. І ўбачылі сябе вялікімі сынамі. Пяройдзем у вякі! Наша справа пачаць, а там — як неўзабаве адгукнецца галосны сэрцагляд Перабудовы — працэс пойдзе. А дзе вочы? Дзе розум? Спіць. Неактыўны дружбак. Актыўная воля! Яна асновай усяго. З зачаткавых нетраў сярэднявечча вызірнуў блажэнны Аўгустын, вучоны муж, іерарх сэрцаглядства. Во якія глыбокія карані. З іх і вырас Міцкевіч — з перавагі ірацыянальных сіл душы над розумам. Калі сціснуць квяцісты тэзіс Аўгустына, выйдзе, што і ў Міцкевіча: „Глядзі ў сэрца і слухай сэрца!”
Читать дальше