Ён раптам хэкае, нібы атрымаўшы далоняю па кадыку, пачынае глытаць словы, захліпваецца імі, кашляе, хаўкае, як рыбіна на пяску. Праз некаторы час, аддыхаўшыся, спачатку з цяжкасцю, па адным слове:
— Адфільтраванага… хвояю… паветра, — а потым, усё больш набіраючы разгон, язык яго зноў пачынае мянціць роўна і гладка: — Але вось парадокс! Любое абмежаванне чалавека ў прасторы, часовае — як у нас з вамі, або поўнае, як, дапусцім, у турме ці ў манастыры, любая адсутнасць фізічнага дзеяння — карацей, пазбаўленне волі, прыводзіць, як ні дзіўна, да разумення ісціны! Згадаем хоць бы антычных мудрацоў. Адзін днямі маляваў дроцікам на пяску свае тэарэмы і доказы іх, другі не вылазіў з ванны, усклікваючы час ад часу: «Эўрыка!», трэці ўвогуле жыў у бочцы і сярод белага дня бадзяўся з запаленым ліхтаром, шукаючы, бачыце, чалавека… Аднак гэта не перашкаджала ім быць геніямі, разумець ісціну. А ісціна, мушу сказаць, гэта зусім не набор пастулатаў, гэта не дубовыя максімы, не псеўдафіласофскія абстракцыі, нават — выбачайце за кашчунства! — не хрысціянскія або любыя іншыя рэлігійныя догмы, а! — драбяза, дэталькі, малюсенькія, штодзённыя, якіх мы амаль не заўважаем, а дарэмна, бо на іх трымаецца свет, на іх стаіць жыццё, з іх сумы ўрэшце і складваецца такое нібыта маленькае, але і такое неабходнае, такое сапраўднае — шчасце…
Паслухаць яго, дык гэты балбатун-«філосаф» і ёсць самы шчаслівы на свеце, гэткі алхімік-вынаходнік, які выпадкова замест вырабу каштоўных металаў адкрыў рэцэпт прыгатавання ні многа ні мала самога шчасця, навучыўся складаць яго з рознай драбязы, як, напрыклад, з нязграбных, недарэчных аскепак мазаікі пад рукой майстра паступова атрымліваецца гарманічны малюнак, і цяпер не толькі сам карыстаецца сваім вынаходніцтвам, а яшчэ і па дабрыні душэўнай гатовы падзяліцца ім з іншымі, хоць бы з гэтымі вось суседзямі па палаце, якія, канечне, пакуль нават не здагадваюцца, што варта было б запісваць усё чутае, у крайнім выпадку запамінаць, бо такі чароўны і разам з тым просты рэцэпт ашчасліўлення чалавецтва можа прапасці, растварыцца ў словах, развеяцца ў паветры.
— Так, сябры мае, — толькі тут, у гэтай бальніцы ў цэлым і ў гэтай палаце ў прыватнасці, тут, у вымушанай ізаляцыі, і адкрываецца чалавеку сапраўдная мудрасць…
«Сябрам маім» яго словы да лямпачкі. Дзед усё варушыць вуснамі, чытаючы сваю бясконцую малітву, — такому не ў філасофію ўдавацца, не пра глабальнае шчасце думаць, а пра пераход у свет лепшы. У вачах чалавека-лемура поўная прастрацыя, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў іншым жыццёвым вымярэнні, дзе з усёй разнастайнасці чалавечых пачуццяў засталіся толькі два: пакута і цярпенне.
Маладога ў сваю чаргу ані не бянтэжыць адсутнасць аўдыторыі.
— Бачыце, сябры, — працягвае ён, звяртаючыся да шыбіны, — імкненне да роўнасці — хімера, такое ж пустапарожняе глупства, як вечны рухавік. Не, можна, канечне! — можна якімісь рэвалюцыйнымі зменамі, ці канстытуцыйнымі законамі, ці, урэшце, жалезнай рукою манарха-дыктатара дабіцца адноснай матэрыяльнай роўнасці… Але вось тут акурат і ўмешваецца яе вялікасць прырода, ці Бог, ці лёс — і ўсё ляціць старчаком, усё губляе сэнс! Бо як былі, так і застануцца здаровыя і хворыя, высокія і нізкія, прыгожыя і непрыгожыя, разумныя і дурныя, злыя і добрыя… У вечнай няроўнасці — вялікі, неразгаданы сэнс, цэлая філасофія, тут, я вам скажу, ёсць над чым паду… паду…
І зноў хэканне, перханне, хліпанне, і зноў кашаль пачынае біць яго так, што ложак трасецца і трубкі разам са скураю паадрывацца гатовы.
Уваходзіць доктар. У пантофлях на босу ногу, у белым халаце, сініх штанах і сіняй, высокай, як клабук, шапцы ён падобны на нясмешнага клоуна. Адразу кіруецца да ложка маладога гаваруна. Дзеду ён не дае ўвагі зусім, чалавеку-лемуру на хаду кідае: «Піць хочацца?»
— Хочацца, — сухім, як наждак, голасам скрыпіць той.
— Цярпі, — і да маладога:
— А ты ўсё гаворыш? А табе ўсё не ляжыцца? А ў цябе да ўсяго рукі цягнуцца? — Падкручвае вентыль, робячы меншым напор кісларода, і ў бутлі асядаюць на дно чорныя і ружовыя камячкі і перастае так страшна булькаць «брага».
— Якога чорта ты ставіш кісларод на максімум?! Якога хрэна ты яго чапаеш?! З цябе ж за гадзіну к чортавай мацеры разам з лёгкімі ўсе вантробы павыдзімае! Дарослы чалавек, а горш за дзіця! Ну вось што ты сам з сабою робіш?
Нягледзячы на грубасць, у яго голасе не дакор, а хутчэй спачуванне, нават пакута, нібы яму баліць больш, чым неразумнаму хвораму.
Читать дальше