— Куды йдзеш, Талян?
— У бальніцу да мамкі Нінкі! Перадачу нясу. Сала з цыбуляю захацела. Вы ж ведаеце, калі хворы чаго захоча — гвалт!
— Лёніка знайшлі?
— А хто яго шукаў?
— І што гэта з вашай сям’ёю такое здарылася? — спачувалі яму. — Столькі бяды ў адначас…
— Пазайздросцілі! — тлумачыў Талян. — Нехта добра вока паклаў!
— Дык ты адзін цяпер?
— Чаму адзін?! А дзядзя? Вы хіба не ведаеце майго дзядзю — Адольфа? Гэта ж такая душа… Не перадаць! Чалавек з вялікай літары! З бальніцы пайду на пошту, яму званіць. Ён заўсёды паможа. Не, мой дзядзька Адольф (Талян падымаў вялікі палец) во такі!
2013 г.
Нядаўна перадавалі па радыё амаль неверагодную гісторыю: чалавек, хворы на рак, сам, без лекаў і аперацый змог цалкам вылечыцца!
Як? Даведаўшыся, што жыць яму засталося гады два ад сілы, гэты разумны і, несумненна, мужны чалавек не стаў мітусіцца, хныкаць, скандаліць і палохаць радню ўвесьчаснымі згадкамі свайго хуткага фіналу. Найперш ён памірыўся з былымі ворагамі, вярнуў пазыкі (якія, вядома, змог успомніць), і спакойна, стараючыся ні пра што не дбаць, пачаў развітвацца са светам і з людзьмі. Усё ім цяпер успрымалася інакш, і ён з горкай усмешкаю назіраў за людской мітуснёю. Беды і радасці абміналі яго. Ён дайшоў нават да таго, што ў думках пачаў дзякаваць лёсу за xваробу, якая надала яго жыццю раней невядомую цэльнасць. Нават боль, нібы насыціўшыся сваёй перамогаю, нібы пераканаўшыся, што чалавек зламаны і больш не падымецца, пакрысе пачаў адступаць. Яму, болю, было ўжо нецікава з пераможаным, яму трэба былі іншыя ахвяры, дужыя, радасныя, бестурботныя.
Між тым наш хворы рэгулярна, раз у месяц прыходзіў у дыспансер на абследаванне, кожны раз рыхтуючыся да таго, што гэты раз можа стаць апошнім. Аднак з кожным новым візітам дактары, агледзеўшы яго, зверыўшы аналізы, паціскалі плячыма, неяк здзіўлена між сабою пераглядваліся і нічога не казалі. І вось недзе праз год, калі чалавек ужо нагледзеў сабе месца на могілках, заказаў труну, вянкі, помнік і агароджу, распісаў між шматлікай раднёю свой небагаты нажытак, у час чарговага наведвання дыспансера ён пачуў ад доктара:
«А чаму вы, уласна кажучы, сюды ходзіце? У вас даўно усё рассмакталася і зарубцавалася. Тут хапае сапраўдных хворых!»
Так, ці вельмі блізка да таго, расказваў, выступаючы па радыё, гэты чалавек.
Неверагодна! Вылечыцца ад такой страшнай хваробы толькі тым, што змяніў свае адносіны да людзей, да жыцця! Чалавек проста ўсё лішняе перастаў браць да галавы. Ён нікога не чапаў, нікому не дакучаў і змог стварыць сабе такія ўмовы, пры якіх і яго не чапалі і не дакучалі яму.
«Дык гэта хворы, — падумалася мне, — а нам, здаровым? Ды мы ж у сто, у тысячу разоў больш павінны радавацца кожнаму імгненню такога шчасця, як жыццё! Падумаеш, наступілі ў тралейбусе на нагу. Ці прадаўшчыца нахаміла ў гастраноме. І вось перажываем, камплексуем, шукаем, на кім спагнаць злосць…
А гэта ж якім цудоўным магло быць жыццё, калі б мы ўсвядомілі, што кожны з нас — той жа „хворы на рак“, толькі без большменш дакладнага ведання даты свайго фіналу.
Якім цудоўным магло б быць кожнае імгненне жыцця, калі б мы ў кожным „блізкім сваім“ бачылі найперш хворага, смяротнага няшчасніка, калі б мы не ўкарочвалі адзін аднаму і без таго кароткі век рознымі плёткамі, дробнай зайдрослівасцю, урэшце, элементарнай побытавай бесцырымоннасцю!..»
З такімі думкамі я паехаў на працу ў рэдакцыю. Вырашыў пачаць з сябе…
* * *
У рэдакцыйным калідоры сустрэў сябра, ён кінуўся мне на шыю.
— Нарэшце! Прывітанне! А я кожны дзень званіў і заходзіў, хоць і ведаў, што ты ў адпачынку.
— Чаго ж ты званіў і заходзіў?
— Так, думаю, можа, засумаваў па сябры, раней вярнуўся… Ну, расказвай. Дзе быў? У вёсцы, вядома?
— Не, у Крыму.
Сябар замоўк, тады адступіўся.
— Вось як, — сказаў ён іншым голасам і агледзеў мяне іншымі вачыма. — Ну, і што там, у тваім Крыму?
— Ведаеш, здорава! Накупаўся, пазагараў, у горы лазіў…
— Ага. Я і забыў, што спяшаюся, — ён заклапочана зірнуў на гадзіннік.
— Ды пачакай, я ж і не расказаў толкам нічога!
— Што тут расказваць… Падумаеш, Крым… Мы ўжо якнебудзь так, панашаму, павясковаму… Абыдземся якнебудзь без «Крымаў».
Нядобрая здагадка працяла мяне. Але я ўспомніў, што ўсе мы — смяротнікі, «хворыя на рак», і ў нашай уладзе не атручваць адзін аднаму імгненні жыцця.
— А ведаеш, твая праўда, — пакорліва сказаў я. — Якія там горы, адна назва, проста пагоркі нейкія. Адзін раз усяго і злазіў, толькі калена абадраў, вось, — я падняў калашыну і паказаў драпіну. — Ды і мора — бруднае, пена, медузы, дэльфіны гэтыя… Адна назва, што мора.
Читать дальше