— Заходзь, я пачакаю на калідоры, а вы пагаварыце.
«Касперскі» (Адольф, канечне, адразу здагадаўся, што гэта не сапраўднае прозвішча), зусім малады хлопец, яшчэ маладзейшы, можа, за Адольфавага сына, сустрэў яго з ветлівасцю, рэдкай нават для Мінска, не кажучы аб правінцыі. Адольф, як пан, сядзеў у мяккім фатэлі, а хлопец стаяў перад ім, нібы гэта Адольф бярэ яго на працу, а не наадварот.
«…Займаемся распрацоўкай праектаў. У асноўным тыпавых. Але стараемся ўносіць дызайнерскія, стылявыя навінкі… Рыхтуем разліковую дакументацыю, складаем смету для будаўніцтва ад нулявога цыклу да камунікацый, інфраструктуры і азелянення… У асноўным, спартыўныя аб’екты, лядовыя палацы… Але таксама паркавыя ансамблі, і…»
— Для вас, — падкрэсліў хлопец, — у нас ёсць вакансія. Мы можам прыняць вас праекціроўшчыкам фрагментарных распрацовак. Напрыклад, будзеце рабіць толькі аўтастаянку. Альбо зялёную зону.
Як звычайна робяць у такіх выпадках — для формы, з ветлівасці — Адольф пачаў ламацца і мямліць:
— Не спраўлюся… Вопыту не маю… Такіх камп’ютараў ніколі не бачыў…
— А вы рабіце рукою, на ватмане. А мы потым унясем у камп’ютар. Мы вам таму і даем выпрабаваўчы тэрмін на авалодванне камп’ютарам. Прыйдзе ад нас чалавек, паставіць спецыяльную праграму. Будзеце дома вучыцца. А калі што незразумела, якія пытанні: званіце, прыязджайце — падкажам, раскажам.
— Ну, калі так…
— Праўда, ёсць адно але. Вы на паўстаўкі, таму грошы невялікія. Мы можам прапанаваць усяго толькі…
І хлопец назваў суму, у пяць разоў большую за Адольфавую камвольна-камбінатаўскую поўную стаўку з усімі яе прэміяльнымі, за стаж, па кантракце і інш., і інш.
— Але гэта часова! А там усё наладзіцца!
І, нібы баючыся, каб Адольф не адмовіўся, пачаў расхвальваць, якія ў іх выдатныя ўмовы: дружны калектыў, карпаратыўнасць, ніякага дыктату, зрабіў за гадзіну — вольны чалавек.
Адольф і марыць не мог пра такую працу, нават не ўяўляў, што яны такія бываюць на свеце. І гэта афіцыйна, з запісам у працоўнай кніжцы, каб стаж ішоў, з графікам, як знарок падагнаным для творчага чалавека. Хочаш — сюды прыходзь, хочаш — дома рабі. Ну цуд, проста рай, як пляменнік Талян кажа. Адно слова — сталіца.
— Усё? — спытала Тома, калі ён выйшаў.
— Няўжо гэта праўда? І я цяпер нібыта працую? Афіцыйна? Сорамна нават…
Тома смяялася.
— Прывыкай! Галоўнае, ніхто ж не гоніць. Проста авалодвай камп’ютарам, калупайся ў інтэрнэце, потым паставяць спецыяльную праграму… А не хочаш, надакучыць, няма ахвоты — малюй акварэлькі.
Адольф папрасіў яе пачакаць і прайшоўся па калідоры, асцярожна заглядваючы ў расчыненыя дзверы. Якія чыстыя, светлыя, прасторныя кабінеты… Офісная прыемная строгая мэбля, чысціня, святло, у кожнага свой столік з новенькім камп’ютарам. І недзе тут, варта яму толькі захацець, знойдзецца і яму месца.
Толькі цяпер, калі было з чым параўноўваць, зразумеў Адольф, як у іх на камвольным камбінаце ўсё было шэра, прымітыўна. Дабітыя вірусныя камп’ютары стаялі хутчэй для антуражу, а так — кульман, ватман і рэйсшына. Аблезлае памяшканне, выпіўка ўціхую… Вечнае прыніжэнне, адчуванне абдзеленасці, абыйдзенасці цябе іншымі, непавага з боку начальства, якое само толькі тым і было заклапочана, каб яго паважалі і хвалілі.
Дома Тома адвяла Адольфу ўвесь вялікі пакой. Мальберт, камп’ютар. Вось гэта праца! Якая раскоша: ведаць, што ты сам сабе гаспадар, свайму часу, свайму целу! Нікому не трэба тэлефанаваць, хлусіць, прыніжацца, выдумляць, адпрошвацца. Пішы шэдэўр, малюй акварэлькі, авалодвай праектнай камп’ютарнай праграмай.
Але трэба ж — менавіта цяпер, калі з’явіліся ўсе ўмовы для душы і цела, калі славутага «вольнага часу» аказалася хоць адбаўляй, дзяваць не было куды — не тое што шэдэўр, нават машынальна не атрымлівалася намахаць акварэльку з Дняпром, полем і асіннікам.
Усё валілася ў Адольфа з рук. Ні да чога не было ахвоты. Дні два ён туляўся з кутка ў куток, не разумеючы, чаму так? Потым зразумеў — жонка Ірына Бацькаўна. Яна завочна па-ранейшаму не давала яму спакою. Яна нібы адсочвала кожны эпізод яго новага жыцця, як адзняты на відэакамеру. І гэтай сваёй нябачнай прысутнасцю яна непакоіла, бянтэжыла яго, сарамаціла. Перашкаджала яму забыцца, не давала расслабіцца, каб ён мог адчуць усю асалоду такога багатага, новага, шырокага, поўнага жыцця. І цяпер ён вымушаны жыць так, нібы трымае перад ёю справаздачу.
Усё гэта прыгнятала Адольфа псіхалагічна.
Читать дальше