Дзіва, але ў Зазыбы ягоная недарэчная балбатня зусім не нараджала ўнутранага пярэчання, можа, нават з тае прычыны, што горыч, якая была на душы сёння ад самага рання, змянілася за час дзяльбы калгаснага палетка стомленай абыякавасцю ад гарачага сонца і тлуму людскога, а яшчэ, відаць, і таму, што Зазыба разумеў — абвяргаць бязглуздзіцу Брава-Жыватоўскага адзін на адзін, таксама як і пераконваць яго ў адваротным, было справай дарэмнай, раз ужо ўсё гэта вынашана ў думках і складзена ў пэўную сістэму. Яму толькі як бы дзіўна трохі было, што аднавясковец, хоць і прышлы, але ж аднавясковец, гэтак складна ўмее гаварыць; здавалася, Брава-Жыватоўскаму ніякай цяжкасці не каштавала вольна абыходзіцца з такімі моўнымі зваротамі і такімі разумовымі паняццямі (адзін «калгасны нэп» чаго варты!), якія Зазыба дагэтуль мог вычытаць адно ў тайных кніжках альбо пачуць на не менш тайных сходках; калі ж улічыць, што нічога падобнага Зазыба не чытаў і не чуў, для яго ўсё гэта стала новым, упершыню сказаным цяпер Брава-Жыватоўскім, дык і зусім можна было пазайздросціць мужыку: няўжо хапала на абгрунтаванне такіх высноў той вяскова-гарадской адукацыі, якую верамейкаўскі прымак набыў некалі ў вёсцы, а затым у Баранавічах? Сваёй парадаксальнай гаворкай ён здзівіў і насцярожыў Зазыбу яшчэ ўчора, калі яны вярталіся на адным возе з Бабінавіч, тым больш нечаканай, нават не так нечаканай, як незвычайнай сваім зместам была яна сёння. Але яна — мы ўжо гэта ведаем — не выклікала ў Зазыбы належнага пярэчання. Яна толькі вельмі гняла яго, лёгшы ўсярэдзіне, на самае сэрца, нейкім шчымлівым і неадольным цяжарам, акурат як здараецца перад небяспечнай хваробай, пра якую чалавек яшчэ не здагадваецца, але якая ўжо моцна патурбавала арганізм.
— Вядома, у цябе на душы, Зазыба, кошкі шкрабуць, — чоўп сабе Брава-Жыватоўскі, штораз, мусіць, проста дзеля забавы, шморгаючы сціснутымі пальцамі правай рукі — вялікім і ўказальным — па скураным, з аблезлаю жоўтаю фарбай рамяні бельгійскай вінтоўкі, якую ён нёс на плячы, кароткім ствалом уніз. — Як жа, пачалі раптам разбураць тое, што з тваёй дапамогай рабілася назаўсёды. Нездарма ж зямлю нават з дзяржаўнага карыстання не пашкадавалі перадаць на вечнае калгасам. А тут вось гэты немец! Як кажуць, чорт задумаў адно, а д’ябал узяў ды збунтаваў, нават невядома, з якой карты хадзіць, а каторую на казырную трымаць. — Брава-Жыватоўскі ўсміхнуўся — у яго маналогу ўсё выразней адчуваліся здзеклівыя ноткі, і голас яго паступова рабіўся злосны і нецярплівы, няйначай паліцэйскага раздражняла Зазыбава адмоўчванне, калі нават не абыякавасць; нарэшце Брава-Жыватоўскі ўспомніў, усё роўна як на ноч гледзячы, «чорта і д’ябла», якія бунтавалі карты, тады Зазыба раптам ачомаўся, быццам і папраўдзе толькі цяпер да канца сталі зразумелыя разважанні спадарожніка, задзірліва глянуў на верамейкаўскага прымака — нядаўна яшчэ асцярожнага і руплівага селяніна-калгасніка, а цяпер паліцэйскага-філосафа, і не менш задзірліва сказаў:
— Не кажы, Антон! — Яно б і грэх было Зазыбу не ўчапіцца за апошнія словы Брава-Жыватоўскага, сэнс якіх прагучаў няпэўна і нават дваяка. — Адмысловы гулёк заўсёды ведае, з якой карты калі хадзіць. Яго ні чорт, ні д’ябал не зблытае. Ты ж, гэта, мусіць, ні разу і не згуляў з нашымі мужыкамі ў карты?
Як у вялікім здзіўленні Брава-Жыватоўскі павярнуў галаву да Зазыбы, дапытліва прыжмурыўшы вочы, ажно стала відаць, як абапал іх пабралася дробнымі зморшчынамі скура.
— Не, — тым не менш проста і лёгка адказаў ён і яшчэ больш проста і лёгка спытаў: — А што? — мусіць, не надта здагадваючыся, чаму раптам Зазыбу, які маўчаў столькі часу і не адважваўся, а можа, і не хацеў пярэчыць яму, зацікавіла такая няважная акалічнасць.
— А тое, што яны б цябе пэўна ўжо навучылі, з якой карты калі хадзіць, а якую на казырную трымаць, — адказаў Зазыба і таксама дапытліва паглядзеў на паліцэйскага.
Той адчуў скрыты сэнс Зазыбавай гаворкі, на момант сумеўся, мусіць, шкадуючы, што гэтак неасцярожна падставіў сябе.
— Пражывём як-небудзь і без іхняй навукі, — сказаў Брава-Жыватоўскі і перасмыкнуў ад прыкрасці левай шчакой.
— Ну, ну...
Тым часам вакол забітага лася варушыўся натоўп — усе, хто памеў цікавасць паглядзець, якога звера застрэліў татарын. Зазыбу відаць было, як нечага ажно ныраў у натоўп і тут жа выныраў адтуль, быццам сапраўды даставаў дна, Мікіта Драніца, а рахункавод Падзерын стаяў ужо супраць Рахіма, даводзіў штосьці «паляўнічаму», тыцкаючы ў грудзі рукой; трохі зводдаль ад верамейкаўцаў стаяў Сілка Хрупчык — няйначай, гэтаму дужа цікава было, як па лузе падлеткі ганяліся за палахлівым ласянём, быццам ён, як спрактыкаваны хіжак, пільнаваў той хвіліны, калі і асірацелае ласяня, і яго мучыцелі выб’юцца з сіл, каб потым завалодаць ахвярай самому; нават Кузьма Прыбыткоў, з дубцом і на нядужых нагах-раскірэках, і той паспеў неяк апынуцца разам з іншымі верамейкаўцамі на сухадоле, мусіць, таксама прытупаў туды, падахвочаны цікавасцю. А ўсё гэта адбывалася непадалёку, можа, крокаў за семдзесят ад крыніцы, драўляная кадушка якой вытыркалася над зямлёй сваім краем гэтак высока, што яе відаць было простым вокам яшчэ ці не з гуцянскай дарогі.
Читать дальше