Дадовічыха ўжо чакае Ганну. 3 пранікам сядзіць на прызбе, а побач з ёю капошацца ў пяску куры. Яна па-ранейшаму любіць сказаць пры выпадку: «Я да свайго Цупрона не маю спраў. Я жыву асобна, а ў яго — свая галава на плячах».
Ледзь толькі Ганна паказваецца ў двор, Дадовічыха адразу падымаецца са свае прызбы. Гэтак бывае кожную раніцу. I, як і кожную раніцу, яна першая кажа:
— Ну, пайшлі.
— Ага, пайшлі, цётачка,— радасна ківае галавою Ганна.
Дзівіцца Дадовічыха, пазіраючы на маладую Пабіраху. Ці то яна наўмысна маўчыць, ці то і сапраўды такая — можа ж старая і да яе прыходу сама патупаць у поле. Каб сказаць, што дурная, дык не — на рабоце вунь якая кемлівая дый на тых курсах, якімі кіруе цяпер аграном, яе хваляць.
I ўжо само сабою закрадваецца ў галаву: а ці ўсё як трэба ў гэтай трохі як бы разяватай, а ў сапраўднасці і не разяватай дзяўчыны? Не Пабіраха, а проста загадка. Адно добра: не крычыць, не лаецца, не плявузгае начальству. 3 гэтай, бадай, і адпачыць, паляжаўшы ў полі, можна было б, ды вось сама працуе, не спыняючыся, а адстаць сорамна. Неяк няёмка, калі ты будзеш ляжаць, а яна працаваць. I Дадовічыха спяшаецца ўслед за Ганнай, якая патроху робіцца ёй у нечым блізкай. Ідучы, яна пачынае прыкідваць у галаве далей. А гэта ж ніякіх Пабірахаў хутка не будзе,— думалася ёй.— А ці адных Пабірахаў? Зорык Цэнтнер, Вальдамар Луста і тыя ўжо збеглі. Чаго ж гэта пацягнуўся за імі гэты дурніца Цупрон? Шукаць лягчэйшага хлеба? Можа і знойдзе, толькі вось чысціні душы не знойдзе. А такія, як Хіма Цэнтнерыха, як Лусціха, як некаторыя іншыя, для якіх калгас толькі прыпынак,— іх таксама хутка не будзе. Іх змяце гэты самы кілаграм, за які так стараецца Ганна. I жыццё зусім інакшае стане.
Ух, што толькі адкрылася гэтай старой жанчыне Дадовічысе! Вось і захацелася ёй некаму пра гэтае самае расказаць! А каму? Хіме Цэнтнерысе — не зразумее. Лусцісе — аблае толькі. Адарцы — няёмка, скажуць, пад дачку падладжваешся. 3 тыдзень хадзіла маўчком во з такімі думкамі, а яны так і прасіліся на язык. Падазрона паглядала на сустрэчных: а ці яны здагадваюцца? Толькі хіба ж пазнаеш чужыя думкі? I чым больш во так хадзіла, тым большая злосць разбірала яе на Зорыка Цэнтнера. Да драбніц успамінала колішнія п’янкі, чырванела за самую сябе. Бач, адсюль вытурылі, дык у Валжэвічах прыляпіўся. Ды як прыляпіўся: хіба не помніць яна ягоных слоў, што цяпер такіх гнясці трэба. Хі-ітры! Сон страціла Дадовічыха, шаптала ўначы: «Гад. Я сына праз цябе можа згубіла».
I пачала бліжэй трымацца Ганны.
Неяк у поўдзень выклікалі Ганну з поля ў праўленне. Хіма Цэнтнерыха, як толькі ад’ехалася Ганна на выпадковай падводзе, паднялася, страсянула з фартуха пыл, кінула пад ногі пранік і пацягнулася.
Грэла сонца, блізка над іржышчам хмарамі лёталі шпакі. Гулі машыны ў блізкай адсюль МТС. Чыстыя далягляды з засмучонымі на небасхіле лясамі ляжалі вакол. Хіма зажмурылася і сказала:
— А гэта ж, бабанькі, і адпачыць можна, пакуль Ганна вернецца!..
Адна з жанчын, як па камандзе, адразу кінула свой пранік. За ёю і яшчэ некалькі. I неўзабаве ўсе зрабілі тое ж. Толькі Дадовічыха ды Адарка па-ранейшаміу працавалі. На твары Дадовічыхі была злосць, гнеў. Яна так грукала сваім пранікам, што з-пад яго сотнямі іскраў ляцела ільняная луска. Нарэшце, прыпынілася і, паглядаючы на Хіму, сказала непрыязна:
— Чаго ж гэта ты не працуеш? Відаць, Зорык з крамы яшчэ нешта прывалок?
— Адчапіся,— спакойна сказала Хіма.— Зорык чэсны.
— Ведаем яго чэснасць. I ты такая ж чэсная. Чаго сама не працуеш ды і другіх збіваеш? Або табе балюча, калі лішні рубель будзе на працадзень ды людзі зажывуць як трэба?
— Во яшчэ,— павярнулася Хіма спіною.— Стану я з табою спрачацца!
Пастаяла, яшчэ раз пазяхнула і лягла ў цяньку ільняных снапоў. Поплеч ляглі яе сяброўкі, а Адарка і Дадовічыха ўсё грукалі і грукалі пранікамі. Злосць брала Дадовічыху не толькі на Хіму, але і на Ганну. Вось да чаго давяла яе беганіна па дварах, яе патуранне такім во, як Хіма. А гэтыя Хімы цяпер вылежваюцца.
3 гурту жанчын, што ляжалі ў цяню разам з Хімаю, раптам паднялася адна і падалася ў бок Дадовічыхі. Гэта была Лусціха. Сорам увесь час дапякаў яе, не даваў спакою. Сорам падняў яе на ногі, і яна зноў садзіцца на сваё месца, чырванее, бярэ сноп і пачынае абіваць яго...
К таму часу, калі Ганна вярнулася з праўлення, жанчыны, што ляжалі пад снапамі, паспелі добра задрамаць. На таку працавалі толькі яе маці, Дадовічыха ды Лусціха. Ганна прыпынілася, здзіўлена аглядзела ток, села, укрыла ногі фартухом. Дадовічыха непрыязна ва ўпор пазірала на яе.
Читать дальше