Жыццё на Віці ішло нудна і аднастайна.
Зімой стала крыху весялей. Віць прытаілася сярод хмызнякоў, зрабілася вузенькай і непрыкметнай. Затое лес папрыгажэў. Ён стаяў суровы і сур'ёзны ў сваёй зімовай зацятасці. Ноччу ён шумеў глуха і насцярожана. Юрку з непрывычкі было нават страшнавата.
Над Віццю ўзыходзіў такі светлы і круглы месяц, якога Юрка, здаецца, яшчэ ні разу не бачыў. Уся даліна Віці ў гэты час ззяла нейкім дзівосным хараством.
Аднойчы вечарам Юрка выйшаў на Віць паглядзець венцяры, якія Пеўнік паставіў нанач. Ціха шумела прыбярэжнае трысцё, па срабрыстаму ільду вецер гнаў лёгкі сняжок. Чыстае, зорнае неба, белая аднастайная даліна Віці, суровая сцяна зімовага лесу — усё гэта выклікала ў душы нейкую ўрачыстасць і спакой.
«Прыехала б сюды Ніна, — міжволі нарадзілася думка. — Тут так прасторна»...
У адзін з зімовых дзён Юрку прапанавалі зрабіць даклад у бабінавіцкім клубе. Хлопец гаварыў з запалам, і слухалі яго ўважліва. Даклад, мабыць, спадабаўся, бо Юрку задалі нават зашмат пытанняў. Ён аж узмакрэў, пакуль адказаў на ўсе гэтыя пытанні, якія больш за ўсё датычыліся розных нечаканасцей у надвор'і. Пасля дакладу да Юркі падыйшла Люська.
— Прыходзьце ў клуб, — сказала яна. — Нэ канікулы і Ніна прыедзе, яна ж у нашай школе вучылася. Прыходзьце, а то вы са сваім Пеўнікам хутка адзічэеце на тым хутары.
Хлопец пакінуў бабінавіцкі клуб у добрым, прыўзнятым настроі. Гэты настрой не пакідаў Юрку ўсе дні, якія заставаліся да пачатку студэнцкіх канікул, хоць на станцыі былі і свае непрыемнасці. Занядужаў Пеўнік, і яго паклалі ў бакоўку, якую дагэтуль займаў Юрка. Вольга Апалонаўна, як апантаная, бегала па пакоі з нейкімі бутэлечкамі і зёлкамі. Цяпер уся станцыя лягла на Юрку і Дземідзюка. Але хлопец носа не вешаў. Яму прыбавілася рухавасці, у адной сарочцы выбягаў ён на заснежаную пляцоўку і з небывалым раней спрытам узлазіў па лесвіцах да прыбораў.
— Занядужаеце, Юрый, — з непаддзельным спалохам гаварыла Вольга Апалонаўна.— Станцыю ж закрыць нельга...
Па юркавых разліках Ніна павінна была прыехаць ужо, але Пеўнік не ўставаў, і хлопец не мог адлучыцца ў Бабінавічы цэлы тыдзень. Станцыя згубіла для Юркі ранейшы інтарэс, і ён хадзіў вялы, безуважлівы. Пеўнік, мабыць, разгадаў юркаў настрой. Аднойчы пад вечар, крэкчучы, ён выйшаў з бакоўкі і падсеў да хлопца.
— Чаго ты сумны, Юра? — спытаў ён ціха, не гледзячы ў вочы свайму памочніку.

Юрка не ведаў, што адказаць.
— Мне ў Бабінавічы трэба, Пётр Іванавіч. Я пасля дзяжурыць хоць цэлы месяц магу.
— То ідзі, Юрка. Мне лепш стала, ідзі і нічога не думай. Усё добра будзе...
— Заўтра вы цэлы дзень адпачываць будзеце, Пётр Іванавіч, — узрадавана сказяў хлолец і стаў борздзенька апранацца.
Бабінавіцкі клуб гудзеў, як вулей. Іграў акардэон, лёгка насіліся па зале пары. Юрка праціснуўся наперад і пачаў шукаць вачамі Ніну. Яе не было ў клубе, але ў хлопца было такое адчуванне, што яна абавязкова прыдзе. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачамі, а адразу ўсёй істотай. Яна паявілася ў дзвярах з расчырвзнелымі ад марозу шчокамі, з заінелай пасмачкай валасоў, якая выбілася з-пад вязанай шэрай хусткі. Ніна здалася Юрку на дзіва прыгожай, і ён з хвіліну не мог адарваць ад яе свайго позірку. Дзяўчына, нарэшце, заўважыла яго і кіўнула, усміхнуўшыся. Юрка лёгка прабраўся да яе і павітаўся.
— Чаго ж вас не відаць? Можа вы холаду баіцёся? — сказала Ніна.
— Ды не, — збянтэжыўся Юрка. — На станцыі ў нас... А вы надоўга прыехалі?
— Я ўжо чатыры дні тут, праз дзень паеду, Гэта ўжо маці ўпрасіла застацца, а то я паехала б ужо. Нас усяго на тыдзень пускалі.
Юрка імгненна спахмурнеў і не ведаў, што гаварыць далей. Падбегла Люська і, як сарока, пачала трашчаць нешта сваё, незразумелае. Пасля зайгралі вальс, і Ніну запрасіў танцаваць высокі хлопец у армейскім кіцелі. Юрка танцаваць не ўмеў і з зайздрасцю пазіраў, як кружылася Ніна з высокім, прыгожым хлапцом. Ён яе не адпускаў, і яны танцавалі ўзапар усе вальсы і полькі.
Люська расказала, што высокі хлопец — студэнт, вучыцца ён у самай Маскве, і што наогул сёння студэнты спраўляюць свой развітальны вечар. Яна дакарала Юрку за тое, што ён не паказваўся ў Бабінавічах усе гэтыя дні. Студэнты між тым сабраліся ў купку і пачалі спяваць пад акардэон. Спявалі яны хораша, суладна, і Юрку на душы стала да болю маркотна.
Читать дальше