— …а, таварыш лейтэнант! Праходзяць, здаецца.
— Што? Праходзяць?
Неяк прымасціўшыся на адхоне, баец назіраў за дарогай, голас яго прагучаў з надзеяй, і лейтэнант таксама ўзлез на адхон. Шаша сапраўды ачышчалася ад войска — апошнія фурманкі марудна адпаўзалі на ўсход. Напэўна, пакуль не позна, трэба было бегчы да сваіх на пагорак.
Яны падхапілі лыжы і трушком пабеглі па дне рова, ступаючы ў глыбокія, яшчэ не замеценыя снегам свае сляды. Ім зноў пашанцавала, яны ў самы час выбраліся на ўезджаную пустую дарогу і, перабегшы яе, зноў схаваліся ў рове. Пакуль беглі, добра ўгрэліся, у Іваноўскага спацела спіна, а ў Піваварава зноў густа заплыў потам твар, па скронях і шчоках цяклі буйныя, нібы стэарынавыя, кроплі. Цяжка дыхаючы, баец сціраў іх рукавом маскхалата, але нідзе не адстаў, не замарудзіў, і Іваноўскі ўпершыню, мабыць, адчуў сяброўскае пачуццё да яго. Слабаваты гэты баец стараўся з усяе сілы, і было б несправядліва не ацаніць гэтага.
На пагорку за першым паваротам рова Іваноўскі прыцішыў крок і некалькі разоў з палёгкаю выдыхнуў гарачаю парай. Здаецца, зноў перайшлі. Аднекуль зводдаль зноў даляцеў вуркат дызеляў, але гэта яго не палохала. Яго думкі ўжо беглі наперад, туды, дзе іх чакалі байцы, і першай трывогай лейтэнанта было: як там Хакімаў? Вядома, неразумна было б чакаць, што той ачнецца і ўстане на ногі, але ўсё ж… А раптам ён памёр? Чамусьці падумалася аб тым без спалоху, нават без жалю, хутчэй наадварот — з надзеяй. Як бы ўсё аказалася прасцей, калі б гэты Хакімаў памёр, як бы ён дапамог групе. Але, мабыць, гэта не залежала ад ягонай волі і іхняй патрэбы.
Дзесь зусім блізка ў рове былі яго байцы, і лейтэнант прыслухаўся — здалося, ён злавіў знаёмы разважлівы голас, і гэта яго здзівіла. Лейтэнант прыспешана выйшаў з-за павароткі і тварам у твар сутыкнуўся з Дзюбіным. Мабыць, пачуўшы ягоныя крокі, старшына павярнуўся і з напружанаю ўвагай на бурым, нібы апечаным, твары зірнуў у вочы Іваноўскаму. Непадалёк сядзелі на снезе Лукашоў, Краснакуцкі, Суднік, і каля валакушы з Хакімавым самотна згорбіўся Заяц.
Усе павярнуліся да камандзіра, але ніхто не сказаў ні слова, і лейтэнант таксама моўчкі, не зірнуўшы ні на каго, падышоў да валакушы.
— Як Хакімаў?
— Ды ўсё так жа. Без памяці, - сказаў Лукашоў.
— Вады давалі?
— Як жа вады? У жывот…
Мабыць, так, у жывот. Калі ў жывот, дык вады нельга. Але што ж тады можна? Глядзець, як ён пакутуе, і самім пакутаваць з ім разам?
Лейтэнант угледзеўся ў збялелы твар Хакімава з пакутлівым выразам разнятых пасмяглых вуснаў — баец ледзь чутна стагнаў, заплюшчыўшы вочы, і немагчыма было зразумець, чуў ён што або не.
— Трэба б яго паўшубкам укрыць, — сказаў здаля Дзюбін.
Яму быццам з нейкаю злосцю адказаў Лукашоў:
— Паўшубак! Дзе тут возьмеш паўшубак!
— Тады прападзе.
— Даўно прыйшоў? — не паварочваючыся ад Хакімава, запытаўся Іваноўскі.
— Гадзіну назад, — сказаў Дзюбін і кінуў у бок Зайца: — Во праз яго. Лыжу зламаў…
— Якім чынам?
— Ды як лес аб'язджалі, - сказаў Заяц. — На нейкую купіну налез, хрась — і гатова. Не вінаваты я…
Напэўна, іншым разам было б дарэчы як след вылаяць гэтага Зайца, які ўжо двойчы падвёў групу, але цяпер Іваноўскі змоўчаў. Тое, што Дзюбін дагнаў астатніх, трохі парадавала яго, хоць радасць гэтая, ведама, азмрочвалася цяпер агульнаю іх няўдачаю. Лейтэнант знарок стараўся маўчаць, не заводзіць аб тым размову, ён проста баяўся таго моманту, калі выявіцца, што шалёны іх крос быў марны. Але доўга маўчаць яму не давялося, хоць яго змрочны выгляд ніяк не падахвочваў да размовы, і гэта бачылі ўсе. Тым не менш пытанне пра базу, відаць, непакоіла лыжнікаў, а побач у рове сядзеў прастадушны малады Півавараў, да якога цяпер і скіраваліся погляды астатніх. Першы не вытрымаў Лукашоў.
— Ну што там? Шмат немцаў? — ціха запытаўся ён за плячамі ў лейтэнанта.
— А няма немцаў. І склада таксама няма, — проста адказаў Півавараў.
— Як няма?
Лейтэнант унутрана сцяўся, нахмурыў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.
— Як, лейцінант? Гэта — на самай справе? — павярнуўся да яго Лукашоў.
Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.
— Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца.
Зрабілася ціха, ніхто не сказаў ні слова, толькі Краснакуцкі праз зубы цыркнуў на снег. Заяц недаўменна глядзеў проста ў твар Іваноўскаму.
Читать дальше