Зрэшты, лейтэнант нерваваўся і, здаецца, пачынаў злавацца — балела патрывожаная рана, і надта прыкра было на душы — ён усё яшчэ не меў пэўнага ўяўлення, што рабіць далей. Невідушчым поглядам ён хвіліну азіраў пакатае, з далёкім кустоўем поле, пакуль думка пра пакінутых за дарогай байцоў не змусіла яго дзейнічаць. Тады ён адштурхнуўся палкамі і хутка пайшоў па ранейшым сваім следзе ўніз.
Пакуль прабіраліся па знаёмым шляху ў кустоўі, Іваноўскі, трохі ўжо прызвычаіўшыся да сваёй няўдачы, спрабаваў разабрацца ў пачуццях і рашыць, як быць далей. Ведама, знікненне базы рабіла непатрэбнай усю ягоную вылазку, і было крыўдна да слёз за дарэмныя намаганні. Вельмі шкода было забітых, паміраючага Хакімава, але цяпер яго ўсё болей пачало дапякаць пытанне: як гэтую няўдачу растлумачыць у штабе? Надта ўжо ўрэзаліся ў памяць лейтэнанта іх зусім не ваенныя праводзіны, сардэчная генералава прамова ў двары дома з прыгожымі аканіцамі… «Сынкі!..» Вось табе і сынкі! Нікудыкі, маруды і разгільдзяі. Пакуль збіраліся, пакуль блудзілі ўначы, пакуль спалі ў рове, база бясследна прапала.
Агіднае становішча, болей нічога не скажаш, думаў Іваноўскі і ўвесь час моршчыўся, як ад зубнога болю. Ён ужо не ўхіляўся ад калючага голля хмызняку — ішоў наўпрост, ледзь толькі прыгнуўшыся, і думаў, што лепш бы генерал вылаяў яго ў самым пачатку ды адправіў на праверку ў Дольцава, чым слухаць той яго злашчасны даклад пра базу. А ўжо калі было прынята такое рашэнне, дык хай бы лепш начштаба строга загадаў яму адносна гэтае базы або нават прыгразіў трыбуналам на выпадак невыканання загаду, чым так вось: «Сынкі, на вас уся надзея!» Што яму рабіць цяпер з гэтай генеральскай надзеяй? Куды ён з ёй? Гэтая бязрадасная думка варушыла, трывожыла яго свядомасць, не давала прымірыцца з няўдачай і вымушала на нейкае дзеянне. Але што можна было зрабіць?
Перайсці шашу зноў аказалася няпроста: яшчэ зводдаль стаў бачны суцэльны паток войска. Ішла, напэўна, нейкая пяхотная часць — калоны варожых салдатаў, брычкі, фурманкі, зрэдку трапляліся конныя; у другім радзе раўлі машыны і цягачы з гарматамі на прычэпе. Густы гэты паток няспынна імкнуў на ўсход, да Масквы, і ў лейтэнанта ў нядобрым прадчуванні сціснула сэрца — зноў! Зноў, відаць, наступаюць, магчыма, прарвалі фронт. Бедная сталіца, як будзе ёй выстаяць супраць такой сілы? Але, пэўна, знойдзецца і ў яе сіла, прынамсі, павінна знайсціся. Іначай навошта тады столькі крыві, столькі заўчасна аддадзеных за яе жыццяў, столькі людскіх пакут і намаганняў — ёсць жа ў гэтым сэнс. Павінен быць.
Вось толькі ў яго сэнсу атрымалася дужа нямнога — хоць за гэтую ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў, але база ад таго не стала бліжэй, чым учора. Можа, яшчэ і далей, бо ўчора ў яго была поўная сілы група, нерастрачаная рашучасць, а што засталося сёння? Нават у яго самога, што ні кажы, а паменела сілы, а галоўнае — разам з базай знікла ранейшая яснасць мэты: ён проста не ведаў цяпер, што рабіць і куды падацца.
Зрэшты, спярша трэба было дайсці да сваіх байцоў.
І яны з Піваваравым, падхапіўшы ў рукі лыжы, зноў сунуліся ўсё ў той жа супрацьтанкавы роў. Ісці далей да шашы было небяспечна, яны затаіліся за чарговым земляным паваротам, зрэдку выглядваючы з-за яго на адкрыты ўчастак дарогі. Часта выглядваць не было сэнсу — калона войска цягнулася там без канца і пачатку, — перайсці ў такі час не было чаго і думаць. Значыць, зноў трэба было чакаць. І лейтэнант пачаў пакорна бавіць на сцюжы свой час, у поўным бяздзеянні, за паўкіламетра ад немцаў. Цяпер, аднак, нядаўняга нецярпення ўжо не было, ён гатовы быў сядзець тут да ночы, усё роўна ўдзень тут не было куды сунуцца. Да таго ж ён яшчэ не прыняў ніякага рашэння і не ведаў, куды накіравацца далей — шукаць базу або, можа, вярнуцца да сваіх за лінію фронту. З Піваваравым ён амаль не размаўляў — размова перашкодзіла б слухаць, а слух цяпер быў для іх адзіным сродкам бяспекі ў гэтым бясконцым снегавым супрацьтанкавым рове. Іваноўскі час ад часу даставаў з кішэні танкавы свой гадзіннік, які толькі і ведаў, што сведчыць, як хутка і няспынна ідзе час. Набліжалася халодная зімовая ноч. Нягледзячы на сцюжу, вельмі хацелася спаць. Напэўна, толькі цяпер Іваноўскі адчуў, як прытаміўся за гэты начны пераход. Вялікае напружанне апошніх некалькіх дзён цяпер паступова спадала, нервы расслабляліся, непрыкметна для сябе ён нават заснуў, прыхінуўшыся спіной да марознага снегавога адхону. І раптам прахапіўся ад ціхага голасу Піваварава:
Читать дальше