Здарэнне гэта праз некалькі дзён Ганне забылася, але потым, калі мінуў ужо не адзін месяц, выплыла зноў у памяці. Выплыла, ажыло, як бы вырасла, поўнае злавеснага сэнсу…
Але гэта было — потым. Пакуль жа цвіло іх лета. Лета-песня, лета-свята… За летам была свята-восень…
Кончыўшы ўпоцемку малаціць, Васіль павесіў на шула цэп і выйшаў з гумна. Не зачыняючы варот, ён некалькі хвілін стаяў нерухома. Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута, і Васіль быў хіба здаволены тым, што адпрацаваў, што сёння больш рабіць не трэба і можна вось так ціха стаяць, не згінаючыся, не махаючы цэпам, выпрастаўшы спіну. Стаяць і чуць на твары халаднаваты пад вечар асенні вецер, ад якога пачынаюць браць дрыжыкі пад лапаткамі, слухаць мірныя гукі вячэрняга сяла. Цапы па гумнах ужо не цупалі, ляскаталі недзе ў полі калёсы, поблізу, мусіць, на суседнім двары, бэлькалі авечкі.
Васіль прыслухаўся, што чуваць з Чарнушкавага двара, пачакаў, ці не пачуе Ганнінага голасу, але там было ціха. Здалося, што рыкнула іх карова, і Васіль падумаў, што Ганна, мусіць, доіць. У яго грудзях, як заўсёды, калі ён думаў цяпер пра Ганну, пацяплела, стала хораша, і разам з тым узяла нецярплівасць: каб хутчэй зноў пабачыцца!
Ён замкнуў гумно і ўжо сабраўся ісці ў хату, калі яго гукнулі. Васіль спыніўся: на прыгуменне ішоў дробны, кульгавы Грыбок Ахрэм.
— Жыто малаціў? — сказаў ён.
— Жыто…
— Добрае? Да Каляд на хлеб і аладкі будзе?
— Ат… — паморшчыўся Васіль. — Няма нічога…
— Зямля, туды яе маць! — вылаяўся Грыбок.
— Зямля… Пясок адзін…
— У Карча, братко, урадзіло…
— Каля цагельні?
— Аге. Зерне, братко, як боб. Што сноп, то мех.
— Дзіво…
Васіль ведаў, што ўся гэта гаворка і Грыбкова цікаўнасць толькі так, для прыліку, і чакаў далейшага, гадаў, што ж прывяло да яго Ахрэма. І не сябры — Грыбок бадай ці не ў тры разы старэй, і не суседзі — жыве Грыбок наводдаль і не мог збочыць так сабе. З нейкім клопатам прыйшоў…
Грыбок не спяшаўся.
— Як дзед Дзяніс, як здароў?
— Здароў…
— Узяў што з вулляў?
— Ат, пустое…
— Не кажы, братко. Мёду таго возьмеш у рот лыжку, а… чуеш!
— Толку з яго — без хлеба…
— Мудры стары, — завяршыў, з пашанай круцячы галавой, Грыбок. — Пчалу тую лепш як чалавека якога разумее! І рыбу!.. Мудры!
«Мёду, мабуць, хоча папрасіць! Чаю закрасіць, скажа, ці яшчэ што выдумае», — насцярожана сачыў за Ахрэмавай гаворкай Васіль. Але той звярнуў на іншае, галоўнае, мяркуючы па тым, як сур'ёзна загаварыў.
— Землю перадзельваць хочам… Мо чуў?
— Чуў…
— Штоб па-людску було. А не так, як дасюль…
— Даўно б пара!
— А калі тое було, сабрацца?.. Дак от на нядзелю надумалі… Я так думаю, што трэба табе прыйсці. Матка ўсё ж, сказаць, жанчына. Ці мо Дзяніс няхай прыйдзе?..
— Я прыйду, — цвёрда сказаў Васіль.
— Ну, от і добра. — Грыбок ужо сабраўся ісці, але спыніўся. — Я ето пачаў апавяшчаць шчэ пазаўчора. А цябе дак не бачыў. То ты не крыўдуй, я ето так, без хітрасці… Дак, кажаш, няма мёду?
— Няма… Дзед нядаўна глядзеў.
— А мо е трохі? Хварэе малое ў мяне. Паласавацца б яму. Мо паправілася б хутчэй…
— Няма…
— Ну, калі няма, то няма… — вінавата прамовіў Грыбок і падаўся на дарогу за гумнамі.
«Ласы на чужыя каўбасы! Мёду захацеў! — падумаў непрыхільна Васіль. — Аге ж, чакай!.. Надаешся вам усім!..» Васіль тут жа разважыў, што, можа, трохі і трэба было б занесці, бо што, як Грыбок пакрыўдзіцца за адмову і, каб на яго немач, абдзеліць, наразаючы зямлю. Як-ніяк у камітэце ж гэтым…
— З кім там гаманіў? — сустрэў дзед Дзяніс, калі Васіль увайшоў на двор.
— Ат, Грыбок.
— Чаго ён?
— Сход, кажа, будзе пра землю… І мёду прасіў. Для дзіцяці — маўляў, хворае…
— Хворае? То трэба б даць лыжку.
— Даць! Надаешся кожнаму! А што на кірмаш павязем, хлеба купіць!
Дзед не стаў пярэчыць: Васіль у доме станавіўся як бы старэйшым па чыну, гаспадаром, забіраў уладу.
Калі Васіль, павячэраўшы, устаў з-за стала, маці клапатліва параіла:
— Світу вазьмі. На дождж бы збіраецца.
— На холад бярэ, — азваўся Дзяніс. — Дажджу не павінно… Але світу надзень…
Васіль накінуў світу на плечы і выйшаў з хаты. На дварэ было цямней, хмурна і холадна, з блізкага балота несла гнілой вільгаццю.
Ганна прыйшла на запаветную іх мясцінку каля плота ў акуратным, з дамашняга сукна жакеціку. Васіль ужо не раз сам сабе адзначаў, што яна прыбіраецца, ідучы на спатканне, і яго гэта поўніла гонарам. Стараецца, каб падабацца яму, стараецца, як перад сапраўдным кавалерам…
Читать дальше