Вайна ў любы момант, паказваў Башлыкоў, гатова ўварвацца ў нашы гарады і сёлы. У нашы хаты. Паліць наша дабро, прымусіць туляцца па лясах нашых дзяцей, нашы сем'і. Вайна ўвесь час стаіць каля граніцы Савецкага Саюза. Вораг гатоў выкарыстаць любую нашу слабасць, любы зручны момант. Гэта абавязвае нас быць увесь час напагатове, трымаць порах сухім. Не дапускаць ніякай слабасці ў нашых радах.
Ганна лавіла кожнае яго слова. Яго клопатнасць, трывога і яго гнеў хвалявалі Ганну, уводзілі яе ў свет, які яна не ведала і які, аказваецца, так гразіўся ёй, усім людзям, і гэтым, і многім іншым на свеце, што жывуць бесклапотна, слепа. Яго хваляванне пра ўсё гэта і між усяго — таксама ж і пра яе, зноў непрыкметна і хораша збліжалі яе з ім, ядналі. Узрушаная, захопленая тым, што ён гаворыць, яна раз і другі дзівілася, як ён багата ведае. Ведае, што робіцца на ўсім свеце. «Було за што паставіць над раёнам! — падумала з гонарам і неадступнай рэўнасцю. — Е ж такія адукаваныя!..»
Ёй падабалася дзіўна тое, што ён часам гаворыць не так, як іншыя, быццам незразумела, па-вучонаму: да таго адукаваны, што дацягнуцца няпроста.
Строгім, трывожным быў Башлыкоў і тады, калі пачаў расказваць, што робіцца ў нашай краіне. Унутры СССР бальшавіцкае наступленне, адкрыта паведаміў ён, ідзе ў няспыннай барацьбе з самымі рознымі варожымі сіламі, якія ўсімі спосабамі імкнуцца падарваць нашу краіну знутры… Не зважаючы на тое, што бальшавіцкая партыя вядзе бой з ворагамі ўсіх масцей, гэтае супраціўленне не толькі не заціхае, а ўсё абвастраецца і стварае яшчэ большыя цяжкасці на нашым шляху. І калі мы ўсё ж дабіліся вялізных поспехаў у будаўніцтве сацыялізма, то гэта толькі гаворыць пра непераможную сілу Савецкага Саюза… Голас Башлыкова палагоднеў, нават павесялеў, калі ён з захапленнем, многімі прыкладамі, пачаў расказваць, як ператварае Савецкую краіну індустрыялізацыя, што разгортваецца па плану пяцігодкі. Далёкія Магнітагорск, Чэлябінск, Харкаў раптам аказаліся быццам блізкімі сваякамі і памочнікамі іх Глінішчаў, іх надзейнымі абаронцамі. Праўда, Ганна заўважыла, што тут увага да Башлыкова і яго ўплыў на людзей прыкметна паслабелі. Людзі варушыліся, у вачах паявіліся нецікаўнасць, недавер'е. Нібы казаў пра неабавязковае і пра такое, пра што можна варажыць па-рознаму. У гэты момант прамова Башлыкова страціла багата сваёй сілы.
— Што мы маем у сельскай гаспадарцы? — Башлыкоў зрабіў паўзу, як бы даваў час падрыхтавацца да новага, вельмі важнага. У голасе яго былі трывога і цвёрдая мужнасць, калі ён пачаў расказваць, што наступленне ў вёсцы асабліва абвастрыла шалёнае супраціўленне варожых элементаў, якія, прадчуваючы сваю блізкую пагібель, не спыняюцца ні перад чым. Тут Ганна адчула, як залу зноў працяла пільная, насцярожаная цішыня. Усе зноў глядзелі на яго, чакалі… — Па ўсёй краіне кулакі і іх пасобнікі ў бяссільнай злосці ідуць паўсямесна на адкрытыя выступленні. Паляць калгасныя пабудовы, дамы сельскіх актывістаў, страляюць з абрэзаў селькораў… Яны думаюць, што гэтым звярыным тэрорам запалохаюць нас, сарвуць калектывізацыю! — Голас Башлыкова набыў сілы. Башлыкоў заявіў цвёрда: — Дарэмна яны разлічваюць на гэта! Бальшавікі не з палахлівага дзесятка! Кулацкая барацьба яшчэ больш згуртоўвае нашы рады! Рады бальшавікоў і перадавога сялянства!..
Сіла яго слоў, чула Ганна, была не так у саміх словах, як у тым, што было за гэтымі словамі, у тым пачуцці, з якім яны былі зліты. За ўсім адчувалася шчырая, непахісная пераконанасць, адданасць, якая прымушала прыціхаць недавер'е многіх, а Ганну проста звала, захапляла. Такога гарачага пераканання яна яшчэ не адчувала ні ў кога. Ад гэтага да ўсяго прымешваўся непатрэбны раўнівы сум…
— Па ўсёй краіне, — загаварыў ён раўней, але ўсё з той жа пераконанасцю, — нечуванымі тэмпамі разгортваецца масавая калектывізацыя… Па ўсяму Савецкаму Саюзу ёсць ужо не толькі такія раёны, дзе калектывізавана больш за пяцьдзесят працэнтаў, але ёсць і раёны суцэльнай калектывізацыі!.. Такія раёны ёсць у Паволжы, на Кубані, на Украіне, у важнейшых зернавых раёнах СССР. Ёсць такія раёны і ў нас, у Беларусі. Напрыклад, Клімавіцкі раён… Ідзе справа да суцэльнай калектывізацыі і ў нас. Мы паставілі пытанне аб тым, — голас Башлыкова зноў набыў асаблівую значнасць, — каб і наш, Юравіцкі раён, уключылі ў вышэйшую групу па калектывізацыі, і ў ЦК падтрымалі нас. Мы ўзялі ўдарную, бальшавіцкую задачу: да вясны наступнага, 1930 года калектывізаваць раён на ўсе сто працэнтаў!.. Мы паставілі гэту задачу, — загаварыў Башлыкоў моцна, нібы вылучыў, — і мы яе выканаем! Нягледзячы ні на што!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу