— Дай мне! — устаў з падаконніка Дубадзел. Яшчэ да таго, як Барыс даў згоду, Дубадзел рушыў да стала прэзідыума.
Момант стаяў моўчкі, сярод нацятай цішыні. Выцягнуў шыю, ускінуў галаву, рашучы, адважны.
— Граждане, а такжа гражданкі сяла Глінішча! І асобенно — калхознікі, якія ўчора разабралі сваю маёмасць і тым самым выйшлі з калхоза «Рассвет»! — Голас яго быў поўны настойлівасці і закліку. Нервова абцягнуўшы зашмальцаваны картовы пінжачок, Дубадзел, вастраплечы, з касцістым тварам, на якім крывіўся, торгаўся сіняваты шрам, імкліва кінуўся ў наступ: — Тут ужэ ў сваім выступленні Барыс Казачэнко, які выступаў перада мной, правільно сказаў, што вы сваім учарашнім паступкам паклалі пляму на ўсё сяло. Але ён не сказаў, што ета пляма, якую вы ўчора паклалі, легла не толькі на ваша сяло, а легла яна і на ўвесь сельсавет, Алешніцкі сельсавет, а такжа і на ўвесь Юравіцкі раён. Бо сваім паступкам, усім тым, што вы зрабілі, а іменно — тым, што вы самавольно расхваталі ў прошлом часных коней і кароў, а такжа свае ў прошлом часныя калёсы, плугі, бароны і ўвесь іншы абагулены інвентар, вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно — стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрыялізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!
Дубадзел гаварыў амаль без прыпынку, усё высокім голасам — вінаваціў, заклікаў. Па тым, як ён гаварыў, адчувалася, што для яго не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, — колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду.
— От рэжа! Як рэпу грызе! — сказаў нехта каля Ганны, у прыцемку калідора. Яна ўлавіла ў голасе непрыхільнасць.
— Стараецца! — адгукнуўся хтосьці іншы, хрыпаты, прастуджаны. — Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!
— Начальство ж унь, побач сядзіць! Заўважыць можа!
— Аж ахрып! І патыліца — умокла!..
Патыліца, праўда, мокла ад поту, Дубадзел нецярпліва раз-пораз выціраў яе далоняй. І хрып, што далей, то больш: усё часцей вымушан быў прыпыняцца, пракашлівацца. Але і не думаў канчаць гаворку. Ганна не першы раз дзівілася яго настойлівасці і ўпартасці. Здзіўленне яе, як і ў тых, што смалілі цыгаркі побач у прыцемку, было не толькі без якой-небудзь спагады, а рэзка непрыхільным: за ўсім тым, што гаварыў Дубадзел, увесь час адчувала яна жывога яго, даўно ўжо і непрыемна знаёмага ёй. «Даў жа Бог сілу чалавеку і зацятасць!..» — думала яна з насмешкай, цярпліва чакаючы, калі ж ён зможацца. Водзячы вострым позіркам па тварах людзей, што сядзелі ў пакоі, яна бачыла, што многія з іх таксама амаль не слухалі і чакалі таго ж самага. Вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы! Ганна захацела пабачыць, як слухае Дубадзела Башлыкоў, але з калідора відна была ёй толькі спіна. Усё ж яна суцешыла сябе: «Етаго не правядзе, пэўне! Еты бачыў ужэ такіх, не інакш!..»
Гайліс пасля Дубадзела загаварыў, здалося, незвычайна спакойна, ціха. Выпрастаны, у вайсковым кіцелі, з акуратна зачасанымі назад русявымі валасамі, стаяў ён за сталом і нехапатліва, старанна вымаўляючы кожнае слова, выразна выказваючы кожную думку, разважаў:
— Былі недахопы ў рабоце. Это — праўда. Былі. І недахопы немалыя. Вялікія… — Людзі і ў калідоры, і ў пакоях глядзелі моўчкі, пільна чакалі. Ён жа спакойна, важна клаў, нібы цагліны: — Чэсныя людзі работалі, работалі, а палучылі — мало. Дзвесце грамаў за дзень — это не палучка. Кілаграм картошкі — тожэ не палучка!..
— Не палучка! — выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.
— Правільно!
У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.
— Мало кармоў нарыхтовано, — павёў ён тым жа роўным, важкім голасам. — Скаціну вясной не будзет карміць чым. Саломай карміць трэба будзет. Скаціна будзет галадаць — это ўжэ відно… — Кожнае слова латыша адгукалася сярод слухачоў неспакойным гулам. У калідоры так гаманілі, што Ганне цяжка было слухаць. Хтосьці з мужчын не вытрываў, крыкнуў:
— Ціхо бо вы!
Слухаючы, як слова за словам строгі латыш маляваў невясёлае становішча ў калгасе, як рос нядобры гул, Башлыкоў, адзначыла Ганна, нецярпліва павярнуўся да Гайліса. Відаць, быў нездаволены кірункам яго выступлення. Але Гайліс не заўважыў — ці не хацеў заўважаць — башлыкоўскага позірку: вёў і вёў гаворку пра бядоты няўдалага калгаса. Толькі дамаляваўшы становішча, спыніўся.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу