Зноў нездаволена павёў позіркам па хаце. Ступіў крок, строга аб'явіў:
— Я пачакаю тут.
— Пасядзіце. Табурэта не праседзіце.
Але ён не сеў. То стаяў, то ступаў крок, другі, вяртаўся назад. Ступаў, як бы стрыножаны. І ўсё думаў пра штосьці сваё, невядомае. Адно толькі відаць было, што думаў ён — пра непрыемнае, важнае, якое гняло яго. І якое рабіла яго старэйшым, непадобным да таго, якім ён здаўся Ганне ўпачатку. Не хлопцам зялёным, а рана пастарэлым чалавекам, незвычайным, незразумелым. Яна мімаволі сачыла, як ён нецярпліва ходзіць, далёкі думкамі, і старалася адгадаць, што яго гняце так. Відаць, толькі што быў у сяле, хадзіў, глядзеў. І от, мабыць, — успамінае пра тое, што пабачыў, пачуў, пахадзіўшы ў нашай гразі. От, мабыць, і гняце яго — у навінку. Гарадскі ж сам, відаць…
Гарадскі. Не з нашых балотных. Можна і не пытацца. Прысланы, пэўне, калектывы рабіць. Вучыць цёмных нас розуму… Граматны вельмі, не інакш. Граматны. Канешне. Не нашага поля ягада… Штосьці і далёкае, адасоблівае, і разам — цікаўнае, прывабнае было ў гэтым — гарадскі, невядомы. І цікаўнае, і — дзіўна раўнівае: што от ён такі, граматны, гарадскі. Не іх поля ягада… Таму, пэўне, і паставілі — такога маладога — над цэлым раёнам. Таму і слухаюцца ўсе, маладыя і старыя. Не глядзяць, што — малады… Апейку колькі давялося паспытаць усяго-ўсякага, пакуль падняўся, займеў такое права, а гэтаму — усё зразу. Гарадскі, адукаваны…
Канешне, яна думае пра яго не таму, што ён неяк кінуўся ў вочы. Нічога ў ім такога асаблівага, калі глянуць добра. І не відны вельмі, і плечы, што ў малалетка. І характарам — відаць — не лёгкі. Проста — не падобны ні на кога, што бачыла раней. Упершыню бачыць такога. Усё ад гэтага…
А наогул — пустое ўсё гэта, схамянулася Ганна. Не цікавіць яе ніхто. Ані трохі. Яўхім — от што цікавіць яе. Ды тое, пра каго ніхто яшчэ не ведае…
Дзе ж гэта Параска? Ці хоць бы Апейка. Няхай бы сядзелі ўдваіх, гаварылі пра свае справы.
То выходзіла на кухню, паліла ў печы, то вярталася ў пакой, для прыліку прыбірала. Паказвала: ёй няма чаго сядзець склаўшы рукі.
Заходзячы ў пакой, яна бачыла, што ён тупае і тупае, як на прывязцы. Часцей ён не заўважаў яе, нібы яе і не было блізка. Але калі-нікалі яна лавіла яго позіркі. Ён паглядваў недавольна, непрыхільна, быццам яна замінала яму. Ці, можа, так здавалася: ад таго, што думаў непрыемнае. Перажываў.
Дзіўна, яна мімаволі чакала, што ён загаворыць, запытае нешта. Але ён маўчаў. Тупаў і тупаў. Далёкі, незразумелы.
Ішоў вечар. У пакоі цямнела, што далей — больш. Але Ганна не запальвала лямпы: па звычцы берагла газу.
Ужо добра сцямнела, калі ўбегла Параска. У цемры адразу пазнала госця: ці, можа, ужо хто-небудзь пераказаў, што ён тут, — ледзь прычыніла дзверы, аб'явіла здзіўлена, узрадавана:
— А я і не ведала! Уцякла з хаты і не спяшаюся назад!.. Даўно вы тут?
— Не, — Башлыкоў гаварыў яшчэ нібы здалёк.
Параска адразу захадзілася гаспадыняю.
— Што ж вы так! У цемры! Не распранаецеся! — Яна жвава скінула хустку, паліто, падказала госцю: — От тут цвічок! — Крыкнула Ганне весела, загадна: — Зараз жа лямпу! Святло!
Тады, як Ганна запальвала лямпу, звонка — ну, чыста артыстка! — папракнула:
— Хіба ж так, Ганначка, сустракаюць гасцей! Ды яшчэ — такіх!
Ганна знайшлася:
— Госць думаў вельмі нешто. Не хацелася перабіваць…
Башлыкоў не адказаў.
Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Хапатліва прыгладзіла валасы, паправіла кофтачку. Тады зноў гасціннай гаспадыняй зірнула на Башлыкова:
— Госць, пэўна, галодны!
Башлыкоў, ужо без шыняля, танклявы ў сіняй гімнасцёрцы, перацягнутай шырокім бліскучым поясам, уціснуўшы пад пояс пальцы, адвёў складкі назад, адказаў няцвёрда:
— Паабедалі…
— Кажыце! — не паверыла Параска. Бадзёра супакоіла: — Нічога! Мы зараз з Ганнай арганізуем! Уміг!
Вясёлая, дзейная, пацягнула Ганну на кухню.
— Ты што ж гэта? — зашаптала з папрокам, пасяброўску. — Так сустрэць! Самога Башлыкова!
— А што ж — лістам перад ім слацца?
Шчыра прызналася:
— Усё глядзела, гадала: што ў ім такое, асобае?..
Параска не стала слухаць, перабіла. Не да гаворак цяпер. Уткнулася галавой у печку, адсунула засланку:
— Што тут у цябе? — У скаварадзе — бабка, з чыгунка, ледзь узняла покрыўку, вырваўся духавіты, нецярплівы пах баршчу. Голасна, давольна, каб, пэўна, чуў і ён, прамовіла: — От добра! — Распарадзілася шчодра і неадхільна: — Усё, што ёсць, — на стол! — Дадала шэптам, па-змоўніцку, як бы тлумачачы: — Настрой у яго — бачыш які?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу