— Браточкі, калі вы задыміце ўсе адразу Панасавым гарладзёрам — мы ж адзін ад наго бачыць не будзем. Гэта ж дынаміт у сумесі з дымавой шашкай, — жартам i сур'ёзна прасіў Пятро.
Смяяліся, але цыгарак не кідалі.
Капыл вычытваў прозвішчы гучней, чым да прыходу «прадстаўнікоў грамадскасці», i сядзеў паважней — мабыць, хацеў паказаць, што ён тут не абы-хто, a роўны сярод роўных, але разам з тым пастава плеч была такая, быццам чалавек чакаў, што яго ў любую хвіліну могуць ударыць. I голас яго неяк дзіўна секся.
«Прайшлі» адну вёску — Капылы. Узяліся за другую — Панізоўе. Адна сям'я, другая — міма. Пра трэцюю:
— Гэтым бедакам трэба нешта падкінуць. Ячменю на крупнік. I хоць няпарныя чаравікі. Дзяўчына — нявеста, а на вячоркі ходзіць у бурках.
— Так i запішы, Каця. Паўпуда ячменю i чаравікі. Ніхто не пярэчыць?
— Нізавец Вольга Пятроўна. Сям'я ворага народа, — паведаміў Капыл, не ўзняўшы нават галавы, упэўнены, што тут затрымлівацца няма чаго. — Асадчы…
Ды Шапятовіч раптам спыніў сакратара:
— Чакайце, Халімон Авяр'янавіч. Я прапаную сям'і Нізавец аказаць дапамогу. Я не ведаю, за што пасадзілі самога Нізаўца, але… дзеці за бацьку ў нас не адказваюць! Таварыш Сталін сказаў… A дзеці — школьнікі… Малодшая — выдатніца. Таня ў мінулую пятніцу самлела ў класе. Фельчар наш кажа — недаяданне.
— Тых, хто ваяваў, мінаем, а хто… — запярэчыў Рыгор Прышчэпа, хоць не вельмі рашуча.
— Жанчына з дзецьмі на фронт не магла пайсці. Але i яна ваявала… Вольга Пятроўна да фашыстаў служыць не пайшла. Нашым памагала. Хлеб партызанам пякла. Іван Дзямідавіч расказваў. Іван Дзямідавіч?
— Хлеб пякла, — ціха пацвердзіў Бабкоў, але неяк як быццам няўпэўнена, без сваёй заўсёднай шумнай настойлівасці: i падтрымліваць i пярэчыць да хрыпаты.
Шапятовіч убачыў, што i другія — Грамыка, Атрошчанка — сядзяць з такімі тварамі, нібы ён, сакратар, сказаў i зрабіў нешта недазволенае i ім ніякавата за яго, a паправіць няма як — староннія людзі прысутнічаюць.
Адзін Капыл адарваўся ад кнігі i глядзеў на Пятра сваімі маленькімі вочкамі-свярдзёлкамі амаль з дзіцячай цікаўнасцю.
Пятро не разумеў, чаму яны вось так… Нават Грамыка, такі смелы i рашучы. Булатаву i Рабіновічу вунь як адказваў! А тут — патупіў вочы. Няўжо праўда баяцца падтрымаць сям'ю ворага народа? Але ж… Пятро шчыра верыў у дзейнасць формулы: дзеці за бацькоў не адказваюць. Сэрца i розум патрабавалі: памагчы такім дзецям — святы абавязак твой, камуніста, кіраўніка, педагога. Няхай дапамога мізэрная, але для такой сям'і сам факт будзе мець значэнне — пра ix клапоцяцца, як пра ўсіх, яны не забытыя, не адшчапенцы.
— Не будзем забываць, што i ў райкоме нам сказалі: у першую чаргу памагчы тым сем'ям, дзе дзеці… A дзеці ёсць дзеці!
— А каго вы агітуеце, парторг? — спытаў Вася. Пятро ды i ўсе іншыя насцярожыліся. — Пра Вольгу Пятроўну ніхто слова дрэннага не скажа. Хіба сабака які можа гаўкнуць. Не толькі хлеб яна пякла партызанам. А хто лячыў нашых матак ды малых пры акупацыі? Дактароў ніякіх не было. Няхай Іван скажа, як жонку яго ратавала.
— Што там казаць: Вольга — чалавек правільны! I дзеці — па ёй пайшлі.
Бабкоў хутка падняўся, стукнуў костачкамі пальцаў па стал е.
— Стаўлю на галасаванне, — сказаў афіцыйна, як на вялікім сходзе.
Дагэтуль не галасавалі, калі нават узнікалі спрэчкі i разыходжанні; дамаўляліся так: большасць выказалася «за» — Каця заносіла ў спіс.
Шапятовіч зразумеў — фармальнасць з'явілася ад прысутнасці інвалідаў: стары хітры i асцярожны, не жадае, каб многа гаварылі пра такую сям'ю, бо гаворкі пойдуць па сёлах, лепш — вырашыць без лішніх слоў. Што ж, гэта правільна.
Пятро першы падняў руку. I ўсе адразу паднялі, але тут жа апусцілі так хутка, што здалося — толькі махнулі рукамі.
— А нам можна? — спытаў Іван Асадчы.
— Галасуйце, — дазволіў Бабкоў.
— Ну, дык мы — «за». Так, хлопцы? — звярнуўся да «сваіх» Асадчы.
— За.
— Пішы. Чаго там разводзіць анцімоніі!
— Галасую дзвюма, — падняў абедзве рукі Вася i для апраўдання нявесела пажартаваў: — Мне можна: я без ног.
— Аднагалосна, — сур'ёзна i зноў-такі залішне афіцыйна заключыў старшыня сельсавета.
I гэта была як бы кропка. Ці, можа, як вяршыня перавалу. Усім захацелася раптам перакурыць, перавесці дыханне. Загаманілі. Пачалі скручваць цыгаркі. Гаварылі зусім пра другое — хто пра што, але ўсе чамусьці стараліся прыгадаць вясёлае.
Калі «перакур» скончыўся, Асадчы сказаў:
— Мяркую так, хлопцы! Нам тут рабіць няма чаго. Начальства само разбярэцца. Яно газеты чытае…
Читать дальше