— О, млеко!
Толькі цяпер да яе свядомасці дайшло, што заехалі немцы сюды не так сабе, а кватараваць, як сказаў настаўнік, і пытаюцца пра малако, — хай яны падавяцца ім — ёй не шкада было малака. Але яны не кінуліся па малако, настаўнік загергетаў штось да гэтага вёрткага і кругленькага, і яна, ніколі не чуўшы такой гаворкі, аж з цікавасцю і здзіўленнем услухалася, ды не зразумела ніводнага слова. Мусіць, Свянткоўскі добра ўмеў па-нямецку, а немец па-нашаму не ўмеў нічога і таму штось сказаў па-свойму настаўніку. Свянткоўскі павярнуўся да Сцепаніды.
— Пан германскі фельдфебель пытаецца, ці очэнь свежае гэта малако?
— Свежае, чаму ж не, — сказала яна і паставіла на край муравы даёнку, ля беражкоў якой яшчэ не ўлеглася — гойдалася малочная пена.
Яны нядоўга пагергеталі нешта, маладзейшы подбегам вярнуўся да аўтамабіля і прынёс адтуль белую пляскатую кварту. Свянткоўскі асцярожненька зачэрпнуў поўную кварту сырадою і ўслужліва падаў пану фельдфебелю. Той спаважна ўзяў і, угнуўшыся, каб не абліць выпнуты жывоцік, выпіў малако і абярнуў у паветры кварту.
— Іст гут!
Настаўнік аж весялей неяк зачарпнуў яшчэ маладому, у акулярах. Выцягшы рукі з караткаватых рукавоў мундзірчыка, той таксама выпіў. Затым кварту ўзяў прысадзісты, немалады немец з рабым, як ад воспы, тварам і таксама ўсё выпіў. Але чацвёрты, высокі, як жардзіна, апрануты ў нейкі балахоністы камбінезон, толькі паспытаў з кварты і тут жа пляснуў малако на траву; зялёная мурава на пяць крокаў забялелася, нібы ўзялася цвіллю. «Не спадабалася, каб ты прапаў», — падумала Сцепаніда. Сама не свая, яна пакорліва стаяла каля даёнкі, азіраючы нечаканых заезджых, сэрца яе дужа калацілася ў грудзях, але, здаецца, якой пагрозы на іхніх тварах ці ў рухах не было відаць. «Можа, нап'юцца і паедуць далей», — падумала яна, неўпрыцям ціхенька паўтараючы: «Добрае малачко, добрае». Немцы, аднак, не звярталі на гэтыя словы ніякай увагі, як і на яе таксама. Пакуль іншыя пілі, фельдфебель пасноўдаў сюды-туды па падворку, яна падумала: заверне ў хату, аж не — павярнуў да хлява, затым падышоў да калодзежа. Свянткоўскі, сморгаючы ў роснай траве новымі ботамі, падаўся за ім, і яна чула, як яны там гергеталі штось незразумелае для яе па-нямецку.
Тыя, што напіліся малака, таксама па адным перайшлі да калодзежа, штось іх там зацікавіла. Яна стаяла каля даёнкі, не ведаючы, ці ўжо сысці куды далей з воч, ці яшчэ пачакаць. Але, мусіць, трэба, каб тут быў гаспадар, які кудысьці прапаў і не паказваецца. Ці ён не бачыць, хто да іх завітаў?
— Пані Багацька! — зноў гукнуў яе Свянткоўскі. — Германскі фельдфебель мае жаданне паспытаць вашай вады. Будзьце так ласкавы, прынясіце вядро.
— А, вядро! Зараз…
«Дабраліся нарэшце», — зласліва падумала яна, подбегам трухаючы ў сенцы. Там яна здушана-спуджаным голасам крыкнула ў хату: «Пятрок!» — плюхнуўшы рэшткай вады ў цэбар, вынесла на падворак новае цынкавае вядро, якое ў яе перахапіў маладзейшы, у акулярах. Прычапіўшы вядро да ланцуга, ён спрытна раскруціў барабан і, як толькі вядро пляцнулася аб ваду, пачаў лёгка выкручваць за жалезную ручку, а іншыя, нерухома пастаўшы ля зруба, чакалі. На яе яны зноў перасталі звяртаць увагу, і яна ўжо рашыла падацца ў хату, каб усё ж выпхнуць адтуль Петрака. Ды ў гэты момант ён і сам паказаўся на ганку — у апорках на босую нагу пратупаў міма яе да калодзежа і з нейкай страхавітай асцярогаю зняў з галавы суконную, з абвіслым казырком кепку.
— Ага, добрая вада, ведаеце, — трошкі дрыготкім, мусіць, ад хвалявання голасам загаманіў Пятрок.
Немцы ўжо выцягнулі вядро і плёскалі з яго ў нейкі зялёны гляк, стрымана перагаворваючыся між сабой. Але ніхто з іх, апроч Свянткоўскага, нават не зірнуў на гаспадара хутара, і толькі калі настаўнік штось буркнуў, рабаваты немец змераў Петрака неспяшлівым позіркам. Той пакланіўся яшчэ раз, і тады малады, што стаяў бліжэй да яго, дастаў з кішэні пачак цыгарэт, спярша сам адну ўставіў у рот, а другую даў Петраку. Пятрок, усё камечачы шапку, няёмка ўзяў цыгарэтку і стаяў з ёю, быццам не ведаючы, што рабіць. Тым часам немец пстрыкнуў запальнічкаю і прыкурыў, Петраку, аднак, прыкурыць не паднёс.
Яны нешта там гергеталі, мусіць, гаварылі пра калодзеж, а Сцепаніда ўзяла з падворка даёнку і пайшла ў сенцы. Зачыняць дзверы яна пабаялася, з прыцемку сенцаў пазірала на немцаў, слухала, як Пятрок неяк дужа хутка і па-мужчынску проста ўціраецца ў іхнюю кампанію.
Праз хвіліну ён ужо нешта тлумачыў там, паказваючы то на падворак, то тыцкаючы рукой у калодзеж; шапку, аднак, усё не надзяваў, дробны дожджык сыпаўся на яго лысаватую, з рэшткай сівых валасоў галаву. І яны яго слухалі, нават не перапынялі. Гэтая лёгкасць ягоных адносін да немцаў, аднак, не спадабалася Сцепанідзе, і яна падумала: ці не павядзе ўжо ён іх у хату? Пушчаць іх у хату ёй чамусь не хацелася, хата была недатыкальным яе прытулкам, які трэба было берагчы ад чужынцаў. «Хоць бы яны хутчэй з'ехалі», — думала яна. Але, відаць па ўсім, з'язджаць яны сапраўды не збіраліся — адчапілі ад вялізнай машыны трохі меншы прычэп — паходную вайсковую кухню, і ўсе, апрача фельдфебеля, папіхаючы і аж чырванеючы тварамі, пакацілі яе на падворак. Пятрок памагаў таксама — рупна піхаў вялізнае гумовае кола, а пасля паказаў, дзе ямчэй уладкаваць кухню. Урэшце яны знайшлі для яе месца поруч з калодзежам, і Сцепаніда зусім апанурылася — тое, чаго яна найболей баялася, праўдзілася. Яхімоўшчына ад іх не ўбераглася. Што цяпер будзе?
Читать дальше