— Нічога. Можа, усё ж прыйдзе.
— Снарад мала — дрэнна. Лошка не хадзі — дрэнна. Крывёнак прапал — дрэнна. Тры мала дрэнна — адын балшой дрэнна.
Крывёнак, аднак, неўзабаве з'яўляецца.
Спярша аднекуль з-за бруствера цяжка грукае на агнявую зачыненая скрынка са снарадамі. Мы падхопліваемся, але зараз жа з суседняй варонкі перакульваецца сюды і Крывёнак. Гімнасцёрка ў яго выбілася з-пад дзягі, штаны і грудзі скрозь у зямлі, увесь ён мурзаты ад пылу. Адною рукой хлопец валачэ за сабой маток металічных нямецкіх стужак, у другой трымае за рукаятку шырокі блішчасты кінжал.
— Дзе, чаму хадзі? Нашто маўчы? Чаму дрэнна рабі? — адразу накідваецца на яго Папоў. Крывёнак аддыхваецца, прыўстае на каленях і пачынае запіхваць у штаны падол гімнасцёркі. Яго сур'ёзныя вочы з нейкім нямым дакорам коратка пазіраюць у твар наводчыку.
— Вось, — ківае ён на снарады. — На Скварышавай агнявой узяў. І патроны.
— Скварышаў хадзі? А дзе, што Скварышаў? — мякчэе Папоў.
— Яны-то ўкацілі. Паспелі, — кажа Крывёнак. Затым ён бярэ свой доўгі эсэсаўскі кінжал, на якім цьмянай гравіроўкай паблісквае «Дойчлянд юбер алес», і пачынае выціраць яго аб зямлю. На лязы і на рукаятцы свежая кроў, і я раптам здагадваюся, дзе ён быў і дзе ўзяў стужку.
— Што, на дарогу хадзіў?
— Дзе хадзіў — там няма. Што вам? — ваўкавата адказвае Крывёнак.
— А гэта? — ківаю я на кінжал. Крывёнак усаджвае яго ў чорныя лакавыя похвы і неяк выпрабавальна пазірае на мяне.
— Ну і што? — нервова кідае ён. — І буду! Рэзаць, біць, душыць сабак, да апошняга! — Пасля ваўкавата дадае: — Вунь пяхота пайшла, бачылі?
— Як пайшла? Куды пайшла?
Папоў няўцямна міргае вачмі і прыўзнімаецца на каленях. З раптоўна апалай надзеяй я таксама выглядваю над брустверам. Бачна, як удалечыні па пагорку ўніз брыдуць рэдкія купкі людзей. Заднія нясуць ПТР, нехта валачэ станковы кулямёт, яны пераходзяць адкрытае месца і па адным хаваюцца ў ходзе зносін, што вядзе ў тыл. У першай траншэі ўжо не відаць нікога.
— Ай-яй! — заклапочана кажа Папоў і змаўкае. Гаварыць болей няма чаго, мы і без слоў добра разумеем, што сталася.
— Ой, як нядобра! Гітлер скора-скора ідзі. Давай зямля капай, зямля-матушка хавай…
Мы адчуваем — з кожнай хвілінай наша становішча горшае. Толькі цяпер нічога не зробіш, цяпер трэба чакаць Лёшку або шчаслівага выпадку і рыхтавацца да бою.
Папоў застаецца на агнявой ля гарматы, а мы з Крывёнкам лезем у акоп. Акопчык наш памялеў, бруствер разбіты, наўкола густыя воспіны мінных варонак, трава скрозь шэрая ад пылу і зямлі. Крывёнак бярэ рыдлёўку са зламаным чаранком, я — абдзёртую каску Папова з парваным раменьчыкам, і мы пачынаем паглыбляць акоп.
Пот, перамешаны з пылам, тлуста блішчыць на нашых тварах. Сонца, здаецца, ужо хіліцца на адвячорак, але паліць бязлітасна. Трошкі павявае вецер, ды яго так мала, і так хочацца піць. Галава тлумная, няма ніякага жадання ні пра што дбаць, ні думаць, — нейкая знясільваючая цягучая стома смалой налівае цела.
Я выграбаю з акопа камякастую, з травою, зямлю, наваленую выбухамі, і высыпаю яе на бруствер. Крывёнак капае побач, у трох кроках ад мяне. Ён якісь невядомы мне сёння, знікла яго простая, стрыманая таварыскасць, здаецца, за ўвесь дзень хлопец не сказаў ніводнага добрага слова, толькі ўвачавідкі худзее і чарнее з пакалечанага свайго твару. Мне робіцца няёмка ад гэтае яго недарэчнае ваўкаватасці.
— Слухай, — ціха кажу я. — Ты прадчуваеш, што нам будзе?
Ён на секунду пазірае на мяне чужым позіркам сцюдзёных вачэй і ўсё імпэтна шпурляе на бруствер зямлю.
— Ты чуеш?
— Ну і чорт з намі! — кідае Крывёнак.
Я ўглядаюся ў хлопца, выгляд у яго незайздросны, сапраўды, лепей не лезці да яго з размовамі. Але чаго гэта ён такі злосны на мяне сёння, хіба я чым-небудзь пакрыўдзіў яго? Я трохі часу думаю, пазіраючы на сябра, і адна здагадка з'яўляецца ў маёй галаве.
— Слухай, Крывёнак! Чаго ты злуешся?
— А табе што? — падымае ён неласкавы позірк.
— Не, усё ж скажы.
Крывёнак з ярасцю выкідвае цераз голаў поўныя рыдлёўкі зямлі і зморана дыхае. Але я чакаю, і раптам ён выпростваецца.
— Сам ведаеш! Чаго на Задарожнага кідаўся? Люсіна чэсць заела? Ага?
Дык вось што! Цяпер ужо знікае загадка, цяпер мне ўсё зразумела. Гэта крыху бянтэжыць мяне, але што я магу сказаць яму? Схлусіць, што Люся тут ні пры чым, — у мяне не паварочваецца язык, а сказаць праўду я не хачу.
— Ты вось пра што! Цяпер зразумела…
Крывёнак маўчыць, у мяне таксама прападае ахвота да гутаркі, і я налягаю на працу.
Читать дальше