— Крывёнак, пабудзі Папова, — загадвае старшы сяржант, варушачы вусамі. — Я да камбата.
Крывёнак, здаецца, абыякавы да ўсяго, што неўзабаве чакае нас, расслаблена ўстае ад кацялка і, валюхаючыся, ідзе будзіць наводчыка, якога Жаўтых перад світанкам паклаў спаць. Папоў, вядома, не выспаўся за якую гадзіну, разбуджаны, сядзіць нейкі час у доле і, пазяхаючы, няўцямна глядзіць перад сабой.
І тады зноў з-за варожых пагоркаў даносіцца злавесны гул танкаў. Гэты раз гудзе ўжо бліжэй, пачынае нават здавацца, што танкі ідуць сюды, на нас, усе мы ўстрывожана ўзіраемся ў бок ворага, але ўбачыць там яшчэ нічога нельга. Гэты гул, відаць, канчаткова абуджае Папова, ён устае на калені, падпяразваецца, бярэ свой кацялок з ежай і, узіраючыся ў змрочныя пагоркі, ідзе да гарматы.
— Усё ж нешта яны нам рыхтуюць сёння, — кажа Лук'янаў і бярэцца за аўтамат. Мы з Крывёнкам таксама бяром нашу зброю і ідзём да сваіх баявых месц ля гарматы. Ля разасланае палаткі з рэшткамі сняданка застаецца адзін Задарожны.
Нейкі час мы моўчкі сядзім на станінах, і, па меры таго як усё больш рассцілаецца-вынікае з-пад змроку знаёмы прасцяг, усё расце, большае наша хваляванне. Крывёнак згортвае няроўную, тоўстую пасярэдзіне цыгарку і нервова, без меры цмыгае яе. Лук'янаў надзявае ў рукавы шынель і зябка месціцца на снарадных скрынках, — як заўжды на світанні, яго пачынае трасці малярыя. На худым, нейкім да часу абвялым твары з глыбокімі зморшчынамі абапал рота і ў выцвілых вачах пад светлымі брывамі — выраз цярплівасці і пакорнасць непазбежнасці. Лёшка, здаецца, злосны і абыякавы да ўсяго, ён сядзіць, дзе сядзеў, не кратаючыся, але тое, што ён не ў гуморы, — выдае трывогу ў ягонай душы. Адзін толькі Папоў, санлявы яшчэ, без усякіх адзнак неспакою, старанна выскрэбвае з кацялка кашу і вузкімі вачыма на расплюснутым бурым твары раз-пораз глядзіць на пагоркі, дзе затаіўся вораг.
Дзень наступае і няўхільна блізіць наш небяспечны час. Ужо становіцца відаць бы кратом накапаная крывуляка першай траншэі, праз туманную золкую парнасць у лагчыне праступае чорная пляма танка ля ручая, на пагорках яшчэ курыцца дымчастая шэрасць, але яна неўзаметку, з кожнай хвілінаю радзее і саступае месца святлу.
Пакутліва і вельмі напружана мы чакаем. Кожны засяродзіўся ў сабе, нікому не трэба размовы, ніякія словы цяпер не маюць значэння. Мы прыціхаем, натапырваемся і чакаем хуткага, таго самага часу, калі для кожнага з нас можа вырашыцца ўсё. І ў гэтую часіну нейкім дужа будзённым і таму дзіўным голасам адзываецца Папоў:
— …Не можа пасаліць! От повар, нехарош повар!..
— Што?
Усе паварочваюцца да наводчыка, яўна збянтэжаныя тым, што ўчулі, і ён ранейшым ціхавата-абыякавым тонам кажа:
— Каша мала-мала солі, трава каша. Нехарош каша — нехарош повар.
Мы затойваем прыкрасць, ніхто яму не адказвае: ці да кашы цяпер.
І вось у полі з'яўляецца наш камандзір. Ён бяжыць ад КП наўпрасткі па траве, і тое, што ён не ідзе, а бяжыць, спяшаецца, яшчэ больш узвінчвае нас. Я станаўлюся за шчытом на калені і раблю найпершае, што трэба зрабіць перад стральбой, — адчыняю затвор. Паварот тугаватай рукаяткі апускае клін, можна зараджаць, хоць — адчуваю я — зараджаць яшчэ рана, але мне ўжо нясцерпна бяздзейнасць, карціць што-небудзь рабіць.
Жаўтых, напэўна, здаля прыкмячае, як нядобра сцішыліся мы, і, пэўна, каб разбурыць нашу панылую прыкрасць, гукае:
— Ну, мальцы-ўдальцы! Пальнём зараз! З першага снарада — цэль, і спаць да вечара!
— Ерунда! — кідае Лёшка і ўскоквае з долу. — Паспіш тут! — Ён ідзе да ўсіх на пляцоўку, неяк беражліва несучы ля сябе свае вялікія, рудыя ад загару рукі. Жаўтых саскоквае з невысокага бруствера, ідзе на сваё баявое месца — злева ззаду ад гарматы, у шырокім гарматным сховішчы.
— Нічога. Не першы раз! Трымайцеся за зямлю-матухну. Яна выручыць, — спакойна кажа ён і ўзнімае бінокль. — Так!.. Не, яшчэ трошкі пачакаем. А ну, сядайце ўсе!
Мы, стаўшы на калені, займаем свае месцы — Папоў за прыцэлам, я справа ад яго за шчытом, між станін укленчвае Задарожны, за ім ля снарадных скрынак Крывёнак і Лук'янаў.
Жаўтых усё ўзіраецца ў бінокль; згінаецца да прыцэла Папоў — мы разумеем, што ўступаем у паядынак, дзе пытанне — хто каго — будзе рашацца тым, хто хутчэй. Калі толькі мы спознімся і немцы раней убачаць нас на гэтай пазіцыі, то нам будзе кепска.
— Папоў, наводзіць пад ніжні абрэз! — распараджаецца Жаўтых, ужо не адрываючыся ад бінокля. — Та-ак! Зарадзіць!!! — сіпата, спакойна, але з залішняю строгасцю камандуе ён, і я адчуваю па тым, што хоць трошкі, але хвалюецца і ён. Задарожны натрэніравана і размашыста ўсоўвае ў патроннік снарад, затвор, коратка лязгнуўшы, зачыняецца. Папоў прыліпае да прыцэла, і мы затойваем дыханне.
Читать дальше