— Чуеш? Даўно была?
— З гадзіну назад, мусіць.
— Доўга? Гутарылі?
— Ніколечкі. Адразу пайшла, і ён за ёй.
Крывёнак змаўкае і самотна паглядвае на сцежку. Нашу размову, напэўна, чуе Лук'янаў. Асцярожна ўпраўляючыся з рыдлёўкай, ён кажа:
— Распусцілі яго. Чалавека такога жывёльнага інтэлекту трэба выхоўваць. А ў нас ён на поўнай самастойнасці.
— Ага, выхаваеш яго! — глуха і зморана адзываецца Жаўтых. — Ён выхавацелям усе пальцы адгрызе. Глядзі, дакуль няма! Ну, хай прыйдзе, дармаед, футбаліст гэты. Ён у мяне папомніць!
Ад рыдлёўкі разгінаецца Папоў і кажа з заўсягдашняй сваёй разважнасцю:
— Лошка смелы. Лошка дужы — добра! Лошка хітры, Лошка ўпарты — нядобра. Марал чытай многа — не трэба. Марал чытай мала — трэба. Так я думай.
— Я яму дам, — сапе Жаўтых, шырока адмахваючы рыдлёўкай. — Хай толькі прыйдзе! Праўда, Аднавухі? — пытаецца ён у Крывёнка.
— Не гразіліся б, а даўно далі б.
— Даўно не было як. А тут не спушчу. Іш, прыліп да дзеўкі! І Люська, глядзі ты, не адшые.
— Люся нічога, — кажа Лук'янаў. — Яна разумная дзяўчына.
— Разумная? — з'едліва перадражнівае Жаўтых. — Пры чым тут розум? Ён вунь які бугай — на тое глядзі! А то — разумная.
— Мне здаецца — нічога асаблівага! — перастае капаць Лук'янаў. — Яны людзі розных узроўняў. А гэта даволі стрымліваючы фактар.
Жаўтых няпэўна чмыхае, сморкаецца, таксама выпростваецца і прыхінаецца да сцяны сховішча.
— От кажаш — фактар! Ведаеш, у нас было дзела, на Кубані. Фельчарка адна была ў станіцы, маладая, нішто сабе з аздобы, адукаваная, вядома, і так далей. І што думаеш? Адна, а вакол усе простыя. Прыспела дзеўцы замуж і выскачыла за нашага хахла. Так нішто быў хлопец. А пасля заганарыўся: як жа — жонка — фельчарка! Разбэсціўся, піць пачаў. І біў. І колькі яна нацярпелася ад яго. Мусіла цярпець, бо дзеці. От табе і фактар!
— Магчыма і такая сітуацыя, — падумаўшы, кажа Лук'янаў. — Але гэта нетыпова. Жанчына таксама выбірае. І куды больш старанна, чым гэта робіць мужчына. Асабліва такі, як Задарожны.
Праз гадзіну сховішча амаль што гатова, застаецца толькі падчысціць скос ды прарэзаць вузкую шчыліну ў беразе — для ствала. У гэты час на агнявой з'яўляецца Лёшка. Ён нячутна са змроку падыходзіць да нас марудлівым крокам і зморана сядае наверсе — на свежы, толькі што выкінуты з ямы глей. Я, мабыць, першы заўважаю яго крутаплечую постаць, пасрэбраную месцамі, і нешта нядобрае, помслівае з'яўляецца ў маім нутры.
— Усё ж капаем? — кажа Задарожны са здзеклівым спачуваннем. — Ну і ну!
Хлопцы паварочваюцца да яго і маўчаць, перастаўшы капаць, адзін толькі Папоў калупаецца ў самым глыбокім месцы — ён праразае шчыліну.
— Прыйшоў, дармаед?! — пагрозліва пачынае Жаўтых. — Дзе бадзяўся? Хто табе дазваляў? Мы што — ішакі на цябе працаваць? Га? Адказвай!
Але Задарожны не адказвае і не бянтэжыцца ад такой сустрэчы, — ён нават усміхаецца — мне зблізку відаць, як бліскаюць у яго роце шырокія чыстыя зубы.
— Эхма! Ну што крычыце?! Што вы разумееце ў высокіх матэрыях! — спакойна і крышку фанабэрыста кажа ён.
— Глядзі ты! — амаль крычыць камандзір. — Ён яшчэ нас дакарае! Ах ты нягоднік! А ну марш капаць! Я табе пакажу брындаць усю ноч! Вайна тут табе ці пагулянкі?
Задарожны, аднак, зусім не звяртае ўвагі на камандзіра, бы і не чуе яго.
— Усё ерунда, браткі! — нейкім разважным, уціхаміраным тонам аб'яўляе ён. — Капітуляцыя. Была Люська і кокнула! Законна!
Ад тых слоў з хлопцамі штосьці робіцца. Я адчуваю, як побач уздрыгвае Крывёнак, як насцярожваецца і пільна ўзіраецца ў Лёшку Лук'янаў, нават Жаўтых і той на момант перастае крычаць і нібы слупянее.
— Капітуляцыя! — смяецца Задарожны, адзначыўшы наша здзіўленне. — Гітлер капут і так далей! А дзяўчынка першы сорт, свежанінка! От пабрыкалася!..
— Паганец! — сіпата кідае яму Жаўтых, і я мярцвею, толькі цяпер зразумеўшы сэнс усёй гэтай яго пахвальбы. Крыўда, злосць і нянавісць да яго скручваюць маю волю ў тугі, балючы вузел, сціскаюцца зубы, і душу раздзірае немы крык: «Паганец! Сволач! Гад!» Збянтэжаны і прыдушаны, я стаю з рыдлёўкай, не ведаючы, што і думаць, і толькі заўважаю, як гэтая вестка неяк нейтралізуе гнеў Жаўтыха і ён, здаецца, не ведае, што сказаць.
— Бяры рыдлёўку, і капаць! — паспакайнеўшы пасля прыпадку злосці, загадвае Жаўтых, і мяне абурае, што ён гэтак хутка адышоў ад свайго грознага гневу, — я ж прагну Задарожнаму кары. Але Задарожнаму хоць бы што. Ён не спяшаецца выконваць загад, а сядзіць на брустверы, лена раскінуўшы калені, і месяц цьмяна высвечвае яго круты лоб.
Читать дальше