З даўніх часоў жыве ва мне несціханы трывожны боль, ён перасільвае маю звычайную чалавечую палахлівасць, жалобай і лютасцю пячэ маё сэрца. Я не ведаю, што гэта — злосць ці нянавісць або няздзейсненая прага помсты, толькі адчуваю, што ў жыцці мне спакою не будзе, пакуль не сціхне той гарачы боль у грудзях. І я ўжо не маю ахвоты шукаць дзе лягчэйшага — мушу ісці насустрач труднаму і трываць усё да канца.
Пачалося ўсё тое ў клёклы восеньскі ранак на роднай, далёкай адсюль зямлі, ля невялікай віцебскай вёсачкі, якая мела няшчасце асесці па-над тою жахлівай прыфрантавою дарогай…
Дарога была звычайная, якія тысячы на зямлі: і не дужа роўная, і не дужа гладкая, але яна вяла на станцыю, якую чамусьці ў тую восень упадабалі для сваіх бандыцкіх спраў немцы. На станцыі яны выгружаліся з вагонаў, платформаў, наладжвалі свае грузавікі, транспарцёры, браневікі і валакліся к фронту. Ішлі нудныя восеньскія дажджы, і варожыя колы прарэзалі на той дарожцы дзве доўгія і глыбокія, па калені, каляіны…
Гэтымі каляінамі мы, шасцёра атрадных разведчыкаў, у глухі змрок вераснёўскае ночы прыйшлі ў вёску.
Што тут нам трэба было, аб тым ведаў наш камандзір Колька Буйневіч, які і прывёў нас да патрэбнае хаты. Пакуль ён там рабіў сваю справу, мы стаялі на варце за хляўком і на гародчыку пад мокрай рабінай. Немцаў у вёсцы, здаецца, не было, вялікая калона іх надвячоркам прайшла па дарозе. Было ветрана, сцюдзёна, восеньская золь пранізвала да касцей. Вёска спала. І ўсё ж знайшліся паганыя людзі, высачылі, данеслі. Мы ж заўважылі кепскае трохі позна.
Якраз пачало світаць. Адстрэльваючыся, мы беглі па агародах, затым па дарозе, паўзлі па тых глыбокіх, як раны, каляінах. Даганяла нас з паўсотні паліцаяў і немцаў. Многія з іх палеглі на вуліцах тае вёскі. Але перапала і нам. Застаўся ў каляіне Вася Шумскі, цяжка параніла Колю Буйневіча, усадзілі кулю ў сцягно і мне. Хлопцы вывалаклі нас на пагорак і прытаіліся пад вялізным валуном збоч ад дарогі. Думалі, ён будзе нашым помнікам. Але ворагі чамусь не пабеглі за намі, а, пастраляўшы, вярнуліся ў вёску.
Патронаў у нас было мала, і ісці далей не было як. Наўкола ляжаў шырокі адкрыты прасцяг, да лесу было далёка. І мы ляжалі пад каменем, чакаючы, што будзе далей.
І дачакаліся горшага, чым калі б загінулі ўсе.
Апоўдні немцы і паліцыі пачалі выганяць жыхароў вёскі на гэтую дарогу. Выганялі ўсіх — дарослых і малых, жанчын і дзяцей. На ўскраіне ўсіх строілі ў дзве доўгія, нібы чэргі, калоны. Затым пачалі класці ў каляіны. Над дарогай усчаўся лямант, забухалі стрэлы. Людзі нехаця, адчуваючы нешта страшнае, клаліся ў гразь і ваду.
На тым канцы вёскі пад'язджалі і спыняліся машыны, бронетраспарцёры і ўсюдыходы.
Праз гадзіну пачалося жахлівае.
Калона машын рушыла па дарозе. Па тых самых каляінах, дзе ляжалі людзі…
Гэтага забыць нельга. Мы то настаўлялі, то зноў хавалі свае аўтаматы — было далекавата, ды і што мы маглі зрабіць з нашай паўсотняй патронаў? Мы толькі глядзелі. Побач паміраў Колька Буйневіч, сцякала крывёю дрэнна перавязаная мая нага. Сыпаў дробненькі дождж…
Затым гарэла вёска. Раўлі не выгнаныя на пашу каровы, кудахталі куры, вішчалі свінні. У полі наўкол пажарышча бегалі ашалелыя авечкі, трашчалі аўтаматныя стрэлы.
Увечары хлопцы перанеслі нас цераз поле і дабраліся да лесу. Буйневіча там закапалі.
…З таго дня пачаліся мае пакуты. Я думаў, здурнею ад болю і бездапаможнасці, бяссільнае ярасці, што туманіла маю свядомасць. Зубамі я шматаў ноччу ватоўку ў лагерным шпіталі, удзень сварыўся з доктарам Фрумкіным, які хацеў мне адрэзаць нагу. Я тады стаў лаяцца, нізавошта крыўдзіў сястру і таварышаў. Я хацеў сілы, дужасці, каб устаць і ўзяць аўтамат, але сілы было вельмі мала, а нестрываны боль у назе прымушаў выць. Тады я рашыў памерці, і як найхутчэй. Я не еў, выплёўваў лякарствы, не даваў рабіць уколы. Доктар, напэўна, спалохаўся за маю нагу, а яшчэ болей — за розум і адправіў мяне на аэрадром.
У ціхім тылавым шпіталі мне стала лепш. Нагу не аднялі, я супакоіўся, хоць часам хацелася завыць, як у тым лесе. Але дактары былі чужыя, незнаёмыя людзі, ці яны маглі зразумець недарэчныя мае пакуты? Патроху гаілася нага, і я займеў надзею вярнуцца на фронт. Я зрабіўся самым старанным хворым, рабіў усё, што мне раіла медыцына, прымаў усе лекі, нават вітаміны, расходжваў нагу, рэгулярна займаўся лячэбнай гімнастыкай, якой цураліся параненыя. Я ж мусіў яе любіць: мне трэба было вярнуць сабе сілу, трапіць на фронт і сквітацца з ворагам. Быццам дражнячы мае пачуцці, у шпітальнай палаце вісеў плакат з надпісам: «Воін Савецкай Арміі, адпомсці!» Пасля ўсяго, што я перажыў, плакат мне не дадаваў ярасці, я і без яго прагнуў схваткі і не сумняваўся, што, калі толькі дарвуся да жывых немцаў, аб маім подзвігу даведаецца свет.
Читать дальше