Не разумеючы да канца ні свайго стану, ні прычыны трывожлівага гулу — звонку ці, можа, знутры, у сабе, ён урэшце памкнуўся ўстаць і сеў на край шырокага ложка. Але далей рашучасьць яго ўбавілася, пасядзеўшы крыху, ён зноў з палёгкай адкінуўся на скамячаную прасьціну пасьцелі.
Здаецца, дарма ён прыехаў сюды, у гэты блаславёны трапічны рай, здатны для людзкіх целаў, аблагоджаны прыродай і морам. У яго быў іншы інтарэс, але сталася так, што кантракт на канцэрты падпісаць не ўдалося, трапіўся няўдалы антрапрынёр, і ён падумаў тады, што, можа, гэтак і лепш. Ён вольны, без абавязкаў і мітусьні пабудзе ля мора, колькі ляжа на душу, а там будзе відаць. Тым болей, што дома, далёка на поўначы, яго ніхто не чакаў, пад той час ён вызваліўся ад якіх бы там ні было абавязкаў — перад сям'ёй, антрапрынёрамі; можа ўпершыню ў жыцьці настаў ягоны доўгі ці кароткі тайм-аўт. Ён быў музыка, але і з музыкай апошнім часам штось не заладзілася, ніколі ў яго не здаралася такой абыякавасьці, нават агіды да інструмэнту, які цяпер, бы непатрэбны, сіратліва стаяў у чорным футарале ля белых дзьвярэй. Штосьці ў ім разладзілася, гняло, — невыразнае, нават загадкавае, да канца не адчутае. Галоўнае — гэты вібрасты гул, падобны на нізкую ноту, якую хтосьці ня мог узяць да канца, толькі спрабаваў і цягнуў, бы няўмека. Але чаму ў ёй столькі няўтульнай гнятлівай трывогі?
Калі разумна і па-добраму, дык, мабыць, яму ў самы раз было б да псыхіятара, да іх сямейнага доктара Гаула, які некалі лячыў жонку, цешчу, старэйшую дачку. Але ніколі не лячыў яго самога — не было патрэбы. Зноў жа ён памятаў, як яшчэ ў дзяцінстве на тую схільнасьць тутэйшага люду да псыхіятрыі адгукнуўся ягоны бацька — грэбліва, бы да вэнэроляга. Але бацька быў чалавек іншага веку ды й іншага племя, якое, здаецца, мела калісьці звычай наогул абыходзіцца без дактароў. Мабыць, штосьці ад таго перадалося і сыну.
Не заўважыў, як зноў задрамаў, — мржа, карыстаючыся рэштай сіеставай цішы, і неяк адразу безь пераходу ці паўзы яму прысьнілася іншае, што ў рэальным жыцьці ня мела да яго пэўнага дачыненьня. Але ў сьне тое ўспрымалася, бы даўно знаёмае, звыклае, і не выклікала зьдзіўленьня. Найперш ляндшафт — шырокая прастора ўзгоркавай даліны, зялёная ад маладой травы, але з выгляду зусім ня прэрыя, не савана, — шырокі лясны далягляд без паселішчаў і дарог. Ён ішоў па травяністым схіле, за ім нясьпешна цягнуўся статак валоў ці бізонаў, тое неяк было не зусім зразумела, але ён і не спрабаваў зразумець. Ён пачуваўся ў ролі ці то пастуха, ці то правадыра гэтага статку, і не камандаваў, не заганяў жывёлін, а суладна вёў іх кудысь па невысокай, нетаптанай траве. Настрой і выява былі зусім букалічныя, калі б не загадкавая трывога, што пакрысе вынікала невядома адкуль. Трывога тая, аднак, перарасла ў спалох, калі наперадзе паблізу зьявіўся абрыў, — нейкая шырокая бездань, якую было не абмінуць. Галоўнае, ён ня мог спыніцца, не спыняўся і статак; мабыць не адчуваючы небясьпекі, валы (ці бізоны) маруднаю лавай сунуліся і сунуліся за ім і ўжо наблізіліся да краю бездані. Іх трэба б спыніць ці завярнуць назад, але ён не рабіў таго — ня мог ці ня ведаў, як. I ён з жахам памкнуў па сьлізкай траве ў бездань, на дне якой штосьці бурліла, нібы кіпела ў аграмадным катле — бруд, вулканічная магма ці яшчэ што….
Адчуваньне блізкай катастрофы і пагібелі змусілі яго на нейкія душэўныя высілкі, якія прыпынілі тую пакуту, і ён прачнуўся.
Асьвятленьне ў пакоі зьмянілася: было цемнавата, здаецца, настала ноч; дробныя шчыліны-палосы перасунуліся ўгору і цяпер паласавалі столь — гэта праз жалюзі прасьвечвала нізкае сьвятло вулічных ліхтароў. Прыглушана гучэла недалёкая музыка ламбады — ігралі ў суседнім гатэлі ці на ўзьбярэжжы пад пальмамі. Толькі ён адчуў з палёгкай, што пазбыўся прыкрага сну, як да ягонай душы зноў дапяў ранейшы загадкавы гул. Таго не магла заглушыць нават прычэплівая рытміка ламбады, ягоны несьціханы суцэльны фон клаўся на ўсе іншыя гукі знадворку, — то было ненатуральна, незразумела і загадкава. Ён устаў з пасьцелі і, не ўключаючы сьвятла, у паўзмроку пакою намацаў дзьверы ў лоджыю.
Рытмічныя гукі ламбады агарнулі яго з большай выразнасьцю, у твар дыхнула вечаровай парнасьцю, саланаватым подыхам мора. Босы, неапрануты, у адных толькі плаўках, ён ступіў да белых, яшчэ гарачых ад сьпёкі парэнчаў і абапёрся аб іх. Унізе пад лоджыяй ціхенька варушылася ад начнога брызу касмылявае лісьце пальмаў, уздоўж выгінастага берагу цягнуўся бісэрны ланцужок матавых прыдарожных ліхтароў, якія зьнікалі за скальным мыском. Мора чорнай сьцяной лена варушылася на ўсім начным прасьцягу, нябачна зьліваючыся ў далечыні з зорным высокім небам. Была ноч, зь ярка, бы ўдзень, асьветленай набярэжнай, абсаджанай шэрагамі пальмаў. Па гэты бок на горным адхоне грувасьціліся белыя будынкі вілаў, курорты і пансіёны; непадалёк, заліты нізкім сьвятлом, высіўся масіўны куб новага гатэлю кампаніі Шаратон. Унізе пад пальмамі, наўзбоч ад дарогі і гатэляў з бліскаўкамі рознакаляровых шыльдаў замерлі шэрагі аўтамабіляў; на прыморскай шашы іх трохі парадзелы паток, аднак, не прыпыняўся, бліскаючы фарамі, каціў і каціў у абодва бакі. Збочыўшы, два зь іх спыніліся ўнізе, якраз перад ягоным гатэлем пад пальмамі. З аднаго неўзабаве выйшла пара, жанчына прыпынілася трохі, чакаючы, пакуль мужчына зачыняў аўтамабіль, затым абодва таропка скіравалі да ўваходу. З другога чамусьці доўга ніхто не выходзіў, і ён перастаў чакаць. Ён перавёў позірк угору, у зіхоткую ад зораў чарнату паўдзённага неба.
Читать дальше