Паводле адмысловай пастановы аднойчы ўвосень у адзіны для краіны дзень усчаліся арганізаваныя набажэнствы. То было дужа ўрачыстае й прыгожае мерапрыемства. Прываліла безьліч згаладнелага па веры народу, усе глядзелі, слухалі, захапляліся царкоўным антуражам — можа, болей, чым па рок-канцэртах. Некаторыя нават хрысьціліся — справа налева ці наадварот, бо ўжо забыліся, як трэба. Іншыя, трохі пастаяўшы на імшы, выбіраліся на вальнейшае месца і пыталіся: дзе буфет? Буфету чамусь не было — ня тое, што на звыклых дэпутацкіх выбарах. Што гаварылі сьвятары — ня дужа слухалі, бо і не разумелі. Кіраўнікі, што нядаўна яшчэ змагаліся з рэлігійным дурманам, стаялі наперадзе са сьвечкамі ў руках, хоць таксама мала што разумелі. Хіба рабілі выгляд. Бачна было — чакалі, калі тая нудота скончыцца і можна будзе пайсыді традыцыйна адзначыць пачатак важнае справы.
Спакваля, аднак, сталі прывыкаць да царкоўных службаў, стаяць і нават маліцца. Маліцца — гэта значыць прасіць у Зямнога Бога. Адныя прасілі здароўя, другія шчасьця ці хлеба. Начальства маліла асігнаваньняў на гаспадарку, якая за бязбожныя гады зазнала вялікі заняпад. Прадпрымальнікі прасілі крэдытаў. Ды Зямны Бог пасьля выбараў бы аглух — нічога не даваў нікому. Толькі браў. Хлапцоў — у салдаты, грошы — на падаткі, здароўе — у старых, свабоду — у маладых. З цягам часу народу ў цэрквах стала ўсё менець. Хадзілі ўжо толькі па вялікіх сьвятах, і то болей старыя. У моладзі здаўна было іншае захапленьне — дыскатэкі і канцэрты поп-музыкі.
А пасьля цэрквы і зусім абязьлюдзелі, ніхто туды не хадзіў. Выдатнае царкоўнае ўбранства — абразы ды пазалоту — усе ўжо бачылі, слухаць жа там не было чаго — па тэлевізары прамаўлялі цікавей.
Кіраўніцтва таксама ня дужа шчыравала, рэдка паяўляючыся на службах. Іерархі і сьвятары скардзіліся на несьвядомасьць вернікаў і хадайнічалі, каб сьпецслужбы паспрыялі. Тыя згаджаліся, што справа дрэнь, і ўспаміналі нядаўняе старое. Што старое — ня ёсьць усё кепскае, што і ў старым было шмат добрага. Напрыклад, прымус па формуле: добраахвотна, але абавязкова. Як некалі падпіска на пазыку або выбары дэпутатаў. Калі дзе што не атрымвалася, выручаў прымус. Прасілі ў Зямнога Бога санкцыю на прьшус, які ён ахвотна даў у неабмежаванай колькасьці. Бо, як казалі, браў прымус з Космасу, дзе яго было процьма. Кіраўніцтва за тое дужа палюбіла ўласнага Зямнога Бога і пачало дружна маліцца за яго.
А просты люд зноў упаў у нэндзу і паняверку. Як ні круці, зноў павярнуўся да звыклага, ці не з паганскіх часоў ідалу — яе сьвятасьці Бутэльчыны. На самадзейна-дэмакратычнай падставе ў краіне пачалася кампанія за будаўніцтва адпаведнага сімвалу — меркавалася цыклапічнае збудаваньне са шкла, бетону і сталі на самай цэнтральнай плошчы сталіцы ў форме аграмаднай Бутэлькі. Быў прыняты адмысловы праект, але стрымвала адна нечаканая і цяжкавырашальная праблема — з коркам ці без. Калі з коркам, казалі, будзе недэмакратычна, калі без… Вядома, што бывае з бутэлькай бяз корка. Чакаюць блаславеньня Зямнога Бога, як ён вырашыць — так і будзе.
Пэўна ж, дачакаюцца. Але што тады будзе?
Народ быў нямы.
Жыў на шырокай вялiкай высьпе сярод акiяну, нiякiх сувязяў зь iншымi выспамi ня меў i думаў, што ўсе астатнiя народы, якiя недзе жывуць, таксама нямыя. Зрэшты, мова ня дужа была i патрэбная нямым, — усё, чаго вымагалi гаспадарчыя, людзкiя ды сямейныя дачыненьнi, яны разумелi бяз мовы, па вачах, жэстах, рухах. Нiякай балбатнi ў вольны час не было, бо не было вольнага часу — усе працавалi ад начы да начы. Жылi небагата, але й не галадавалi, i калi не здаралася мору, эпiдэмii цi ўрагану, дык пачувалiся амаль шчасьлiвымi. На высьпе, воддаль ад цывiлiзацыi, валадарылi мiр i спакой. Войнаў людзi спрадвеку ня ведалi.
Праўда, здаралiся выпадкi, якiя часам прымушалi людзей хвалявацца. Гэта калi на марскiм даляглядзе паказваўся вялiзны белы карабель, i зь яго на выспу ў затоцы высаджвалiся людзi. Тыя людзi былi незвычайныя. Усё ў iх было прыгожае ды разумнае — i твары, i вопратка, i начыньне. А галоўнае — яны ўмелi мовiць. Словы зь iхных вуснаў сыпалiся, бы соевыя бабы зь мяшка, i азначалi таемную сiлу, бо сьледам iшлi пэўныя дзеi i ўчынкi. Гэта было племя ГАВАРКIХ, вырашылi нямыя, бо ў iх нават прылады вымаўлялi словы — такiя маленькiя чорныя скрыначкi. Нямыя баялiся гэтых людзей, ды й паважалi таксама. Чужынцы ж, у сваю чаргу, не злавалiся на маўклiвых нямых — наадварот, усяляк давалi зразумець, што iхная немата iм падабаецца. Настолькi падабаецца, што аднойчы яны высадзiлiся на бераг i пачалi будаваць палац. Нямыя не пярэчылi — спакойнае, панылае жыцьцё на высьпе, лiчы, iм абрыдла.
Читать дальше