Нейкі час ваўкі яшчэ беглі ленаю рыссю следам за важаком з адтапыраным вухам; але спыніўся важак — і спыніліся ўсе астатнія. Яны чакалі, і Ляўчук раптам страціў цярпенне. Ад усіх гэтых бед, што сёння адна за адной сыпаліся на яго галаву, цяжка было стрымацца, ён гучна і злосна вылаяўся, даўшы выйсце сваёй роспачы. Страляць было нельга, бегчы таксама — няўжо ім прыйдзецца загінуць на гэтым праклятым возеры ў паўкіламетры ад гарнізона, поўнага немцаў і паліцыі?
Мусіць, ваўкі адчулі бездапаможнасць людзей і зрабіліся больш смелыя і нават нахабныя. Пакуль Ляўчук з Колабавым нерухома ляжалі на лёдзе, яны абышлі іх паўколам і закрылі дарогу наперад. З гэтага іх паўкола заставаўся толькі выхад назад, зноў у лес, дзе ў ваўчыным парадку быў разрыў крокаў на дваццаць. Тры іншыя бакі яны занялі, шырока разышоўшыся па лёдзе, і, не падыходзячы, аднак, бліжэй, насцярожана пазіралі на людзей.
— Сашка, ты бачыш? Ты зірні, што робіцца! — узбуджана сказаў Ляўчук да знямоглага Колабава, і той на момант прыўзняў галаву.
— Ладна, ты ідзі,— сказаў ён.
— Як? Яны ж цябе тут…
— Ідзі. Дай аўтамат і ідзі.
— А калі яны… На мяне?
— Не. Я ж застануся… Ты прыгані каня. «Сапраўды!» — мільганула ў галаве ў Леўчука. Гэта было выйсце. Ён паспрабуе вырвацца з гэтага кола, дабяжыць да вёскі, прыгоніць каня. I прывядзе людзей. Калі толькі Колабаў дажыве да таго часу. I калі ваўкі выпусцяць яго, Леўчука. I калі ён у вёсцы не налезе на немцаў. I калі немцы раней часу не налезуць на Колабава… Надта ўжо шмат назбіралася гэтых «калі», але іншага ў іх не заставалася.
Ляўчук з натугай падняўся на ногі, якія яшчэ слухаліся яго, схапіў вінтоўку і памарожанымі рукамі ледзьве ўправіўся з тугаватым затворам, пакуль даслаў патрон у патроннік. Глытаючы даўкі камяк у горле, ён кінуўся да самай сярэдзіны воўчай зграі, добра разумеючы, што яны могуць не выпусціць яго і разарваць на кавалкі. Вінтоўкай ён мог абараняцца толькі як палкай, страляць з яе ён не мог: першы стрэл, мусіць, стаў бы для абодвух пагібеллю. I так яшчэ добра, калі немцы з Зароўя не згледзелі іх. Мусіць, выручалі самаробныя маскхалаты, спецыяльна надзетыя імі на гэта заданне.
Ад усяго перажытага Ляўчук перастаў адчуваць сябе і без усякага страху, адчайна шыбануў на зграю. Ён бачыў перад сабой толькі бліжэйшага ваўка, які падцяў пруткі хвост і ўзіраўся ў яго, мусіць, не чакаючы такой смеласці ад знямоглага чалавека. Але Ляўчук кіраваў прама на яго, зараджаную на ўсякі выпадак вінтоўку трымаў у руках нібы палку, гатовы выцяць ёю ваўка, калі той не саступіць з ягонай дарогі. I воўк саступіў. Ашчэрыўся, прысеў на пярэднія лапы, нібы перад скачком, але, зразумеўшы, пэўна, рашучасць чалавека, не скочыў і не пабег, а незадаволена адышоўся ўбок, да суседа. Ляўчук, не збаўляючы кроку і нават не азірнуўшыся, толькі косячы вокам, прашыбаваў яшчэ дзесяць крокаў і выйшаў з іх кола.
Яны за ім не пагналіся і нават не збіраліся рабіць гэта — яны таропка замкнулі за ім сваё кола і падаліся да сярэдзіны. Ляўчук, які кінуўся быў подбегам, на секунду спыніўся — адсюль яму ўжо кепска быў відаць Колабаў у яго маскіровачным убранні, затое ён добра бачыў ваўкоў. Яны патрохі сціскалі кола, і з ім сціскалася Леўчукова сэрца. Страціўшы над сабою ўладу, ён праз хвіліну кінуўся назад да Колабава, затым, зразумеўшы, што так не паможа яму, з усёй сілы пабег па возеры.
Ён бег, баючыся азірнуцца; паслізнуўшыся на абмерзлых валёнках, упаў, балюча выцягнуўся сцягном, ускочыў, тады азірнуўся — некалькі невыразных плямак ледзьве шарэлі ў працьмелай далечы. Ні крыку, ні стрэлаў яшчэ не было, і ён кінуўся яшчэ хутчэй. Бегучы, аднак, пачаў адчуваць, што не паспее, што ваўкі, мабыць, управяцца з Колабавым хутчэй, чым ён дабяжыць да вёскі, якая была чорт ведае дзе.
Усё ж ён бег, зноў абліваючыся потам, да гарачай задухі ў грудзях, штораз азіраўся і слухаў. Ён чакаў стрэлаў, можа, ваўчынага выцця і напружана глядзеў наперад — калі ж тая вёска? Ногі на бягу адубелі—ці сагрэліся, ці можа ўжо змерзлі, ён перастаў адчуваць іх і думаў, што трэба як найхутчэй расцерці іх снегам і пераабуцца, інакш прападуць ногі. А без ног прападзе і сам.
Калі начную цішу ззаду разарвала грымотная чарга, ён стаў, нібы ўкопаны, і перастаў дыхаць. Здалося: гэта не вытрымаў Колабаў. Але праз хвілю ўдарыла яшчэ і яшчэ — над возерам далёка пакацілася чулае начное рэха. Нешта дужа ўжо гучна, падумаў Ляўчук, мусіць, аўтамат так гучна страляць не можа. Нібы пацвярджаючы яго здагадку, зараз жа забахалі вінтоўкі, пачуліся крыкі, і ён зусім разгубіўся.
Читать дальше