Немцы пачалі лупіць з усяе зброі. Чэргі гулка калацілі звечарэлую ціш, кулі, бы палкамі, лупцавалі гэты канец сцірты. Яна церусіла ў падветраны бок саламянай трухой і мякінай, густа запарушвала белы свяжуткі снег. Цімошкін прыціснуўся галавой да конскага чэрава і напружана чакаў, калі ж урэшце пацішэе той іх першы агнявы напор.
I ён урэшце неяк раптоўна спыніўся зусім. Хлопец хапіўся за аўтамат — немцы былі зусім блізка, доўгім выгнутым ланцугом яны ахоплівалі сцірту. Адны беглі, другія таропка крочылі — у падаткнутых пад дзягі шынялях, у касках ці ў зімовых казыркастых шапках. Цімошкін зірнуў на Ваню — здаецца, той быў жывы, цярпліва ляжаў пад рогам сцірты і чакаў.
— Рус, здавайсь! — данёсся з поля далёкі, задыханы, чужы і вельмі варожы голас. Закрычалі і другія, і з паўхвіліны яшчэ хлопцы чулі:
— Рус, здавайсь!
— Еван!.. Капут!
— Рус капут, здавайсь!
Хто ведае чаму — не той іх шалёны агонь, а гэтыя нахабныя воклічы гарачымі абцугамі рванулі Цімошкіну душу. Здалося хлопцу, што сапраўды іншага ім выйсця няма, што ўратавацца яны ўжо не здолеюць і застаецца толькі адно — памерці ці здацца ў палон. Але ж палон! Колькі ўжо яны нагледзеліся і начуліся аб ім, — палон быў для іх горш за самую страшную смерць.
I тады, каб заглушыць у сабе безвыходную роспач і тыя варожыя крыкі, Цімошкін, не дужа старанна прыцэліўшыся, крамсануў па ланцугу чаргой. Пасля, упёршы магазін у змерзлую канячую лапатку, выпусціў запар некалькі кароткіх і частых чэргаў. Немцы страпянуліся, сёй-той кінуўся наперад, некаторыя пападалі ў снег, і зноў, хутка набіраючы лютасць, загрукацелі здаля іх аўтаматы.
Не, узяць хлопцаў тут было не так лёгка. Усё ж яны былі прыхаваны невялічкімі снегавымі ўзгоркамі ля сцірты, якія затулялі ад прыцэльнага агню. А ворагі відны былі як на далоні, ні аднаму з іх не было дзе схавацца. Калі б у гэтае тройкі было болей патронаў, дык, мусіць, яны б яшчэ адбіліся.
Але патронаў было вельмі мала для такой бойкі, і праз нейкі час Цімошкін ажно спалохаўся, падумаўшы, што магазін, мабыць, ужо апусцеў. Шчарбак таксама перастаў страляць. У наваколлі крыху пацішэла, толькі з боку ворага нейкі аўтамат сыпаў усюды кулі — у снег, у сцірту, недзе ў паветра над імі. Засмярдзела дымам — гэта ў сцірце, якраз у падстрэшку, дзе яны нядаўна хаваліся, нешта курылася, і вецер круціў, слаў у доле горкі смярдзючы дым.
— Валодзька! — гукнуў з дыму Шчарбак. — Дзе пісар?
Цімошкін крыху прыўзняў голаў і ўслухаўся, але за сціртай нічога не было чуваць — ніякага руху, ні стрэлаў — мусіць, нешта там здарылася. Праўда, хлопец і цяпер не вельмі шкадаваў Грышку — але ж у такі час патрэбны быў і Блішчынскі. Шчарбак, пэўна, ужо адышоўся ад нядаўняе злосці і цяпер клапаціўся і аб гэтым абаронцы.
— Споўзай туды: можа, паранілі, — усё моршчачыся ад болю, сказаў ён.
Сцірта ўсё болей дыміла, але агню не відаць было. Немцы ляжалі ў полі, нехта з іх ланцуга, мабыць паранены, папоўз да дрэўцаў, раз-пораз патрэсквалі аўтаматы. Падхапіўшы ля каня сваю зброю, Цімошкін паўзком пад сціртай падаўся на той бок, да Блішчынскага.
На локцях і каленях ён запоўз за сцірту, тут здалося хлопцу трошкі зацішней, і можна было прыўзняцца. У той час штось нечакана рванула на галаве яго шапку, яна тузанулася і налезла на самае вуха. Цімошкін азірнуўся, сарваў яе з галавы — на патыліцы ў шапцы з дзвюх свежых дзірак тырчала вата. Ён зноў насунуў яе і падаўся далей.
Але дзе ж гэты Блішчынскі? Цімошкін дапоўз пад сціртаю да яе доўгага боку, куды паўгадзіны назад кінуўся Грышка, і нідзе не ўбачыў яго. Спачатку нешта палахліва-самотнае варухнулася ў душы; аглядаючы наваколле, ён не ведаў, што і думаць. Але вось зусім блізенька, ад самой сцірты, ён убачыў сляды. Шырокія крокі нямецкіх абшытых валёнак крывуляста беглі па снезе ў тыл і знікалі ў недалёкіх кустах вінаградніку.
Дык вось што!
Умомант усё стала непапраўна выразна, хлопец аж застагнаў ад бяссільнае злосці і прыкрасці. Чаму ён не прыпоўз сюды на якую хвіліну раней? — такое шкадаванне перш за ўсё скаланула яго пачуцці. Калі б хоць здалёку ён убачыў, як уцякаў гэты гад, дык, не зважаючы на Івана і на нямецкі агонь, кінуўся б па тых ненавісных слядах і дагнаў бы яго. Але ён спазніўся, і земляка ўжо нідзе не было відаць.
За некалькі кароткіх хвілін, пакуль хлопец ляжаў пад кулямі за тою сціртай, цэлы рой устрывожаных думак пранёсся ў яго галаве.
Подлы, агідны чалавек! Чаму ён не даў тады Івану застрэліць яго? Чаму ён увесь час недарэчна стараніўся ўсяго нялюдскага ў ім, не хацеў з ім чапляцца і ўсё думаў, што людзі самі ўбачаць і пакараюць яго. Крыўдлівы боль сціснуў хлопцава сэрца ад усведамлення таго, што Блішчынскі праз яго бяспечнасць ашукаў іх, двух параненых, і тым падставіў пад смерць. Вядома, за іхнімі спінамі ён дарвецца цяпер да ратунку, выжыве, дачакаецца светлага дня і кляшчом увап’ецца ў новае, пасляваеннае жыццё — увап’ецца ў яго самае салодкае і мяккае месца. На ягоных грудзях будуць вісець баявыя медалі, у кішэнях будуць ляжаць паперкі, што дадуць яму патрэбныя правы ў жыцці, і ён будзе прапаведваць тое, у што сам не верыць, і здабываць сабе выгаду з тых пропаведзяў.
Читать дальше