— Здаровы быў, божая птушка! Каб жа лета нам добра з табой пералетаваць!
І глядзеў на буслянку, задраўшы белую бараду, прыжмурыўшы вочы пад сівымі бровамі.
А мне было вельмі зайздросна, што не на нашым, а на іхнім гумне была адна ў Аўсяніках буслянка. І я туды, на прыгуменне да Богушавых, бегаў часта, балазе яны блізка жылі, і мамін крык: «Юрык! Цэвак няма!» добра даходзіў туды ад нашага парога.
У той час, напрадвесні, сама кросны па хатах ткаліся, і для малых была бясконцая, нудная работа — сукаць уток з вялікіх клубкоў на цэўкі, што намі ж і наразаліся з роўных, гладкіх прутоў малінніку ці сухадрэўка. Такую цэўку з праткнутым мякішам (сёння ўжо ўсю тую тэхніку трэба растлумачваць), насукаўшы на яе нітак, укладалі ў чаўнок. Сукала было драўлянае, з вялікай качулкай-махавіком, а ў рух яно запушчалася бясконцым ляпаннем насліненай далонню па валіку. Процьму тых нітак даводзілася перасукаць з клубкоў на цэўкі, — то шэрых, на будзённы шарачак, то святлейшых, на палатно кужэльнае, то каляровых, на мудрагелістыя дзяругі-перабіранкі. Далонь аб той гладзенькі валік абаб'еш да пухліны, а толькі што, здаецца, выбег за парог — ізноў: «Юрык!..» А тут жа на вуліцы, дзе падсохла ўжо, і «чыжык», і «лапта», і госці такія — бусел, шпакі!..
Ніколі нам не пазнаць было — той самы гэта бацян, што летась быў, ці, можа, сын яго з маладзіцай, а то і проста новыя, якім на гэты раз спадабалася якраз тут. Ці, можа, жонка ў каторага адгэтуль, з леташніх буслянят, што вось сюды свайго і прывяла…
Было і такое адным прадвеснем, што на нашу пару, так і не разгаданую, напаў адзінец. Бойка была заядлая — з пікіраваннем аднаго бусла на дзюбу, штыхам настаўленую буслам другім, з кумільганнем па скаце высокай страхі, калі яны счэпяцца як у грудкі, з пераможным клёкатам законнага гаспадара, калі той чужаніца адлятаў кудысьці, на іншую бойку.
Усё буслінае жыццё праходзіла навідавоку. І гняздо ён падрамантоўваў, і жаніўся, як на трыбуне, і буслянят выседжваў, толькі галава тырчала днямі над гняздом. Вярнуўшыся з балота з купінай ці ламачынай, а то і са спажывай на чатыры лапкі, ён радасна клекатаў, і клёкат гэты вёска спагадліва чула і познім прыцемкам, і на світанні. Часамі бусел саскокваў з гнязда на страху, абыходзіў яго з бакоў і выкідаў адтуль вераб'іныя гнёзды. Нашылася гэтых падсуседзяў многа, і хоць бы ж ужо ціха жылі, без валтузні і вэрхалу, далі б гаспадару ў свабодную хвіліну пастаяць, падумаць на адной назе…
Раней за бусла, а тым больш за ластавак, з'яўляліся ў вёсцы шпакі.
Днямі я думаў, а дакладней сказаўшы — у маіх гадах неяк зноў па-дзіцячы адчуў, які гэта цуд, якое шчасце — зрабіць вясною шпакоўню. І смешна стала, успомніўшы, як я вучыў дачку-пяцікласніцу рабіць «домік шпаку». Было ў яе такое хатняе заданне, па недарэчнай у гэтым выпадку політэхнізацыі. Так захапіўся бацька, паказваючы, што сам і пачаў, і кончыў. Не хапала толькі бярозы, каб разуцца і залезці найвышэй. Ды не ісці ж мне было за Таццянай у школу.
І другое ўспомнілася. Вохрысты, з белымі, светлымі вокнамі дом майго друга ў далёкім райцэнтры. Самаробны столік у садзе, вінёўка з яшчэ сакавіта-зялёнай лістотай і недаспелымі грушамі, а ў лістоце ды ў грушах, высока — шпакоўня. Упершыню для мяне такая пацешна незвычайная, бо аж на дзевяць паверхаў, суцэльная.
Зяма, спакойны і салідны Залман Хаімавіч, добры настаўнік беларускай мовы і літаратуры, быў ужо тады на заўчаснай пенсіі, па здароўі, падарваным двума франтавымі раненнямі. У Зямы ўнукі-школьнікі, шпакоўню гэтую было каму задумаць і змайстраваць, аднак я, гледзячы на яго безнадзейна бледны, дарэшты стомлены твар, спытаўся, кіўнуўшы галавой угару, на шпакоўню:
— Твая работа?
— Толькі праект, — усміхнуўся ён у адказ. Ціха было і сонечна, як быццам стомлена-ціха і сонечна і, разумеецца, журботна на душы. Мы даўгавата не бачыліся і, як гаворыцца, зноў богведама калі… Дый наогул… Мы, яго родныя і сябры, ужо ведалі тое, чаго ён як быццам не ведаў. А тут пахла садам і агародам адразу, бо стол стаяў у траве, паміж вінёўкай і яблыняй, побач быў агарод, і ў ім, з-за градаў з рознымі морквамі ды пятрушкамі, падсыхаў вяла-духмяны картаплянік, пах якога я вельмі люблю, з маленства. З самага верхняга, з дзевятага акенца шпакоўні лена, з паўзамі, цвыркаў уніз шэры кум-верабей, нібы маркотны ад безрабоцця камендант апусцелага на канікулы інтэрната.
Зяма ўспомніў пра іншае, не пра наш педінстытут.
— Вясной, як толькі шпакі вернуцца, гэтая іх вышынная будыніна пераліваецца… Як нейкая жалейка. Або той губны гармонік.
Читать дальше