Валодзя, хоць і Казак, таксама быў не ваяка.
А Шура Богуш падкраўся неяк на нашым двары да быстрай, неаб'езджанай жаробкі, ускочыў на яе з калоды, і — яна яго панесла! Спачатку па двары. То на дыбы, то задам! Тады пераскочыла цераз нізкія веснікі на агародную дарожку, вылецела на прыгуменне і закружылася там, то брыкаючы заднімі нагамі, то ўздымаючыся на іх. І толькі там ужо Шура паляцеў. На цвёрдай сцежцы. Раман прынёс яго ў хату, і там адлівалі…
А то і такое бывала ў нас, з пацукамі.
Вялікія бочкі на збожжа называліся пасамі. Вясною ў іх заставалася трохі жыта ці аўса, і там, прыпадняўшы века пасы, можна было ўбачыць двух-трох пацукоў, якіх у нас называюць бацамі. Тады мы наладжвалі паляванне. Ішлі дахаты і прыносілі сваіх катоў, таксама двух ці трох. Укінуць іх туды і века трохі прытрымаць — эх, і пачнецца ж у пасе!.. Наша Рыска, малая тыгровая кошачка, спраўлялася найлепш — хапала першага-лепшага баца за карак і наверх! Катам было страшней, чым кошкам: бацы ведалі, за што іх хапаць. Раз адзін кот, малады, нават вякнуў у пасе, на шчасце схоплены не за тое. Катам па хатах жылося добра, змалку ў кожнага з нас быў свой мармытун. А тут мы іх, пестуноў, так бязлітасна ці бяздумна падводзілі. Дзеля свайго азарту, цікавасці і трохі страху.
І вось аднойчы Аляксандр Сяргеевіч, прыпадняўшы века найніжэйшай пасы, ледзь не шэптам усцешыўся:
— Э, а яны ж тут блізенька!..
Па яго загаду мы з Казаком ірванулі ўгару над пасай лёгенькае века, а Шура ледзь не нырнуў туды цераз борт і, вырваўшыся адтуль з двума бацамі ў руках, закрычаў:
— Расступіся, народ, ліхарадка бярот!
І выскачыў на двор, а мы за ім. Там ён з размаху гвазнуў адным, тады другім вялізным бацом аб сцяну, а на таго, якога кідаў з левай, яшчэ і наступіў скураным хадаком, які, па-нашаму, лапаць.
Ух ты!.. Я паглядзеў на Казака і падумаў, няўжо і я, як ён, таксама пабялеў?..
Валодзя быў не тое што баязлівец, а нейкі добры, гультаяваты, вясёлы. Калі яго лаялі байструком, ён так і не мог зразумець, чым жа ён вінаваты, чым вінавата мама, — яму было проста балюча, а мне яго шкада. Аднак на пашы ён вельмі ахвотна спяваў адну з тых, як наша мама казала, брыдкіх песень, што засталіся з вайны:
Гэй, там каля рэчкі,
гэй, там каля бору
казак маладзенькі
вёў дзеўку ў камору..
Далей ішлі ўсе падрабязнасці, і ён іх выводзіў — адзін ды старанна, усё да апошняга слова, як быццам і не ўяўляючы, што гэта мае зусім блізкае дачыненне да ягонай маці. Спяваць дык спяваць!.. Валодзя яшчэ і на скрыпцы іграў. Спачатку на самаробнай, а потым, калі ўжо мы сталі дзецюкамі, і да сапраўднай дайшло.
З Казаком я дружыў.
Трохі большае захапленне нейкім адным, пасля другім ці трэцім не перашкаджала дружбе з усімі. У пачуццях мы былі шчырыя, свабодныя, а час і абставіны рабілі сваё. Пусты смех Тонінай цёткі Любы абарваў, перапыніў на нейкі час нашу з Латышкай першую, відаць, найлепшую, найшчырэйшую дружбу; потым, на пашы і ў школе, мы ўжо не зблізіліся так, каб нам, ад хаты да хаты, высыпалі купальскім белым пясочкам сцежку: «жаніх і нявеста». Мы проста дружылі, як пастушкі — пускалі адно аднаго дадому ці на рэчку, а як вучні — дзяліліся кнігамі, часамі нават што-небудзь цяжэйшае разам і вырашалі. Пакуль я не ведаў Зямы, найбліжэйшым сябрам быў у мяне Шура. Потым, калі я стаў хадзіць у школу ў Мілтачы, а дзед Богуш памёр, і дзядзька Іван Шуру са мной не пусціў, найбліжэйшым быў у мяне нейкі час Зяма.
Ну, а Валодзя Казак быў маім сябрам заўсёды, паміж усімі іншымі дружбамі.
Вясной і на нашу… ат сабе вёску, вяртаючыся хто з Паўднёвай, хто з Паўночнай Афрыкі, а хто з Заходняй Эўропы, апускаліся птушкі. Пара буслоў, шпакі і ластаўкі. Асталяваўшыся пасля выраю дома, любыя госці так і не ўмелі толкам расказаць, дзе былі ды што бачылі. Хоць і гаварылі яны — хто клёкатам, хто мітусліва-прастадушным шчэбетам, а хто гуллівым песенным перайманнем — даволі-такі многа, аднак усё, як здавалася нам, толькі пра радасць вяртання, сустрэчы з нашай, і для птушак роднай вёскай.
Шпакі і ластаўкі — драбяза, якую, каб і вельмі хацелася, не падлічыш. І гэта — прыемнае адчуванне, нібы на зоркі гледзячы, таксама незлічоныя. А бусел — у нас яшчэ кажуць бацян — адзін са сваёю бусліхай, і мы іх віталі, можна сказаць, персанальна. Убачыўшы першага бацяна, мы, хлапчукі, з радасным галёканнем куляліся на падсохлых мясцінах, а дарослыя дзеўкі ледзь не плакалі, заўважыўшы яго не ў палёце, а ўжо на гняздзе: замуж сёлета выйсці не ўдасца… Дзед Богуш, дык той аднойчы, пры мне, нават і павітаўся ўголас:
Читать дальше