— Да… Такую ксёнжку нада чытаць з бутэлечкай харошага вінца, на мяккай канапе…
Другі раз, тою ж вясной, але тыдняў праз два і ў нядзелю, баба Роха прыйшла таксама не адна, а з такім, як я, хлапчуком. Зноў жа з парога:
— Ганно-сястрыцо, здраствуй! Мало было табе майго пляменніка, дык на яшчэ і ўнука. Куды нянька, туды і лялька. Самому ж вельмі захацелася, як пра твайго яму расказала. Зяма, скажы добры дзень!
Хлопец несарамліва здалёк прывітаўся з усімі, з мамай, Раманам і мною, а тады падышоў да мяне, падаў руку і сказаў на дадатак:
— Здароў!
І я таксама адказаў:
— Здароў!
А баба Роха тым часам тлумачыла маме:
— Мяха яшчэ поўнага не панясе, ды ўсё ж мне трохо весялей. Той кунэлэмул [1] Няўдаліца, прыдурак (жыд.).
, Тэпсік, не хоча памагчы, пану заўстыдам, неганарова. А гэта майго Хаіма-нябожчыка сынок. Сіротка, як і ваш. Бацьку яго, сама, сястрыцо, ведаеш, германец забіў, каб ён аб вугал галавою біўся, дзе ён ёсць!..
Баба Роха пайшла з таварам па хатах, а мы з Зямам пабылі спачатку ў нас, глядзелі кнігі, потым у садзе, на вуліцы. Да Шуры пайшлі, аднак у іх нікога дома не было. А потым, як Зямава баба вярнулася, селі абедаць — усе разам.
Але спачатку, толькі мама адсланіла печ, каб даставаць гаршкі, Роха штосьці ёй там зашаптала, і шэпт быў такі, што я і ля стала пачуў:
— Сама ўжо… я такі поп, што бяру і боб… А за яго… Раструбіць па ўсіх Мілтачах…
— Ды не, Рохачко. Сёння пасоля з пеўнем, а потым панцак забелены, — уголас адказала мама.
Было пацешна, калі баба Роха зачэрпала з місы кавалак мяса, а тады ўзяла яго са свае лыжкі пальцамі і палажыла Зяме на лусту.
— І ты, — сказала, — палцамі бяры. Раней бог стварыў палцы, а тады ўжо відэлцы.
А больш дык добра было, што гэты хлопец, такі не наш, не вясковы, і такі… ну, па-іншаму свой, сядзіць вось у нас за сталом, як калісьці Шура, — той, першы раз, з нашым першым агульным уловам. Ён, Зяма, як і мы з Аляксандрам Сяргеевічам, канчае другі клас, а калі мы кончым трэці, дык і мы будзем у чацвёрты хадзіць у Мілтачы, і тады ўжо нам будзе яшчэ лепш дружыць. Шкада толькі, што вось паабедаем і ён пойдзе… І я папрасіўся Зяму правесці.
— Яшчэ чаго? — здзівілася мама. — Ён жа з бабаю, не адзін. А каровы твае?
Адразу ў дзве столкі супраць. Першае «супраць» адхіліла баба Роха:
— Ганно-сястрыцо, хай сабе дружаць сіроткі. Ці ж ты, здарова, не бачыш? А Зяма і вучыцца добра. Ён яшчэ і карцінкі малюе, як жывапівец.
Мы з Зямам засмяяліся. А пра другое маміна «супраць» я сказаў, што папрашу Тоню: яна мне вінавата не паўдня, а цэлы дзень адпасвіць. Тут яшчэ і Раман сваё гаспадарскае слова сказаў, і наша мама пусціла мяне.
Мех з анучамі ды з кудзеляй баба Роха пакінула ў нас, бо заўтра ўранні Раман меўся ехаць у Мілтачы. Яны ўсё яшчэ нечага, баба і мама, ніяк не маглі дагаварыць, і мы пайшлі з Зямам адны.
Да Мілтачоў ад нас пяць кіламетраў. На той узрост адлегласць немалая, хоць каля дому ці на пашы малыя босыя ногі выбегвалі і не столькі.
Пазней, калі я падрос і ўжо хадзіў у школу ў мястэчка, яно спакваля пачало мне здавацца не такім ужо і горадам, як здавалася змалку, з Аўсянікаў. І пра тое пачуў, ад чаго яно называецца Мілтачы. Мілту, рэдкую заціруху з аўсянай мукі, якое, дарэчы, у нашай вёсцы не варылі, мілтачане, у нейкім сваім легендарна-далёкім паходзе, раскалочвалі проста ў прыдарожным мачуле, маленькай сажалцы, — адтуль і сёрбалі лыжкамі. Легенда кплівая, вясковая, самі мяшчане яе не любілі. Яны былі з гонарам, жаніліся толькі свае са сваімі, усіх вясковых лічылі хамамі, а ў тым сасновым гаі, што паміж Мілтачамі і панскім маёнткам, здымалі з гнёздаў грачанят, якія яшчэ не лятаюць, а ўжо, як зліўкі, сытыя. Мяхамі цэлымі прыносілі і тушылі. Вось ад гэтага іхніх дзевак, як смяяліся ў нас, ніхто вясковы замуж не бярэ: дыхцяць грачынай.
Пра ўсё гэта я буду ведаць пазней. Тым часам я іду і рад, што мы не толькі падыдзем да Мілтачоў, што я не толькі яшчэ раз пабачу мястэчка, але і ў хату да Зямы зайду. Божа мой — цэлае падарожжа ў свет, няхай сабе і намнога бліжэй, чым у цётчыны Яры!..
Я ішоў босы, а Зяма ў старых сандаліках, я ў выбіванкавых портках і ў картовай кашулі, а ён у крамным увесь, а ўжо без шапак мы абодва, стрыжаныя пад машынку. І ў Зямы вушы трохі больш тырчаць, чым у мяне. І вочы ў яго чорныя, вялікія. Мы ішлі, гаварылі, не азіраліся, а потым, як азірнуліся, убачылі, што баба Роха вельмі далёка ззаду, яшчэ толькі на ўзгорак выйшла. Ды мы яе чакаць не будзем — пойдзем трохі памалей.
Читать дальше