Але за гэта я ўжо яму дзякую, са спазненнем ды наўздагон. За тое дзякую, што праз чужую мову я часамі даходзіў тады — усе мы даходзілі — да хараства такога ж блізкага, як і сваё, да праўды роднай і нам, беларускім мужыцкім дзецям. Скажам, у той гуральскай казцы, дзе хлопец з апошняй у сям'і місай мукі адчыніў дзверы свіронка, а сіберны вецер раптоўна так дзьмухануў, што вымеў з місы ўсю муку — панёс яе, не збярэш, не дагоніш!.. Гэта быў толькі пачатак польскай народнай казкі, толькі яго я і помню цяпер, але і ён мне гаворыць многа…
Быў у нас і другі культуртрэгер, з іншаю мовай і іншым панствам, — мілтачоўскі поп.
Маліцца мама мяне вучыла і прымушала з самага малку, аднак са словам «рэлігія» я пазнаёміўся толькі ў школе, упершыню спыніўшыся на ім у «роскладзе годзін», павешаным Камаром на сцяне, толькі тады ўсвядоміў, што не адны малітвы, але і ўсе тыя гісторыі, якія нам бацюшка так цікава расказвае, гэта таксама рэлігія. Бо сам ён іх называў інакш — «законом божиим».
Рэдка яго прывозілі да нас, затое дні гэта былі нібы святочныя. Зранку па бацюшку пасылалі падводу, мы ведалі хто, чый тата або брат паехаў гэтым разам у Мілтачы, і мы чакалі, хваляваліся. Чамусьці мне найлепш уяўляецца прыезд зімовы. Пачуўшы званок з-пад дугі ці ўбачыўшы праз намаразь акна каня і сані, мы рваліся з класа на двор, і Камар нас пускаў, бо і сам ён ішоў сустракаць паважанага госця. Не апрануўшыся, мы высыпалі на двор і крычалі ўжо не «дзень добры», а «здрастуйця». Старэнькі, сівы, ён цяжка вылазіў з саней-вазка, так незвычайна, багата апрануты, у чорнай каракулевай шапцы, у чорным доўгім паліто з каракулевым каўняром, а пад паліто, калі ён распранаўся ў канцылярыі і ўваходзіў у клас, была яшчэ чорная доўгая раса. Без пазлацаных рызаў, у якіх мы вельмі рэдка бачылі яго ў царкве, або калі ён прыязджаў хаваць каго-небудзь, ці раз у год служыў малебен у нашай капліцы на могілках. Трэба сказаць, што наш пастухоўскі фальклор ахопліваў і бацюшку, была і такая прыпеўка:
Гоп-па-па, гоп-па-па,
чорна с… у папа,
а ў папіхі белая,
поп за ёю бегае!..
Аднак у школе мы пра гэта забываліся. Ён таксама, як і Камар, садзіўся на першую парту, яшчэ больш пацясніўшы вучняў або выселіўшы не аднаго, а двух, гаварыў сваё «ну-с…» і пачынаў расказваць «з галавы». Усе тыя гісторыі — які быў страшны сусветны патоп і як потым голуба паслалі з каўчэга ў разведку і ён вярнуўся з маслічным лістам у дзюбе; як браты прадалі Іосіфа ў няволю, а потым самі, у вялікі голад, прыязджалі да яго, калі ён стаў амаль царом; як маленькага, вельмі прыгожага Майсея бедная маці схавала ў трыснягу ў прасмоленым кашы і як яго знайшла там фараонава дачка… — усё гэта і многа іншага з расказаў бацюшкі хвалявала маё ўяўленне, гучала для нас цудоўнымі казкамі. І казкі гэтыя былі, у параўнанні з Камаровымі, куды больш даступныя для нас на мове расейскай, якую так ці гэтак, уперамешку з роднай, ужывалі ў нас дарослыя, — у сваіх гарадскіх ды ваенных успамінах, у песнях, — на мове, якая была і ў тых кнігах, што засталіся па хатах з вайны.
Можна было б цяпер і таму бацюшку падзякаваць наўздагон, як і настаўніку, за хоць такое, ускоснае ды міжвольнае, далучэнне нас да багаццяў сусветнай літаратуры, аднак у тым іх навучанні было, у кожнага, сваё «але»…
Чужаніца настаўнік прыехаў сюды з далёкага, невядомага краю, разам з паліцыяй, пад аховай яе вінтовак і «божых пальцаў» марочыў нашы галовы, занечышчаў нашы светлыя душы недарэчнай варожасцю да ўсяго, што наша, роднае — дома, на нашым месцы пад сонцам. Бо ён чытаў нам не толькі мудрыя, светлыя казкі свайго польскага народа, вершы і апавяданні з яго чалавечнай, высакароднай літаратуры, але і ўсякую так званую патрыятычную марноту. Захоплена, раз-поразу задзіраючы ўгару руку, чытаў нам Камар саладжава-нягеглыя вершыкі, скажам, пра вусы, шаблю і Каштанку, кабылу пана Пілсудскага, пра якога мы дома і на вёсцы, ад тых, каму мы верылі найбольш, добра ўжо ведалі, што ён — галоўны кат ужо не ў Мілтачах, але на ўсю нашу Заходнюю Беларусь, на ўсю Польшчу, для ўсіх працоўных, бедных людзей. І пра Савецкі Саюз, пра «большэвікуў» Камар чытаў і гаварыў нам толькі дрэннае: і хамы ўсе там, і разбойнікі… А мы ўжо ведалі, што там і зямлю далі людзям, і волю роднай мове кожнага — праўда, найлепш для нас зразумелая.
І поп не толькі вучыў нас маліцца, не толькі расказваў цікавыя казкі, святыя гісторыі. Часта, сказаўшы сваё «ну-с», ён пераходзіў на палітыку, да Саветаў, дзе, як казаў, «коммуна, что означает, дети, кому на, а кому и нет». Хіхікаў аж да кашлю, тады адхаркваў макрату, акуратна выплёўваў яе ў вялікую чыстую хустачку, прыглядаўся туды, паволі складваў хустачку, клаў яе белы квадрацік у глыбозную кішэню расы і, як Камар, пачынаў пра разбойнікаў, дзікуноў ды яшчэ і бязбожнікаў, якім калісьці, на тым свеце, давядзецца гарэць, не згараючы ў вечным агні…
Читать дальше