— Не сакрэт, што вы намерваецеся рабіць далей?
— У маёй працы сакрэтаў няма. Плюну на архіўны пыл, як раіў мой сябра Яраш. Буду шукаць жывых людзей, якія ведалі Савіча, працавалі з ім. — Шыковіч падняўся, пацягнуўся, каб распрастаць самлелае цела. І раптам павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста?
Сербаноўскі падняўся, падышоў да сейфа, дастаў з кішэні ключы, адчыніў тоўстую дзверку.
— Я пакажу вам маленькі дакуменцік, які мне ўдалося адшукаць. — І дастаў з верхняй палічкі блакнотны пажоўклы лісток, доўгі і вузкі, працягнуў Шыковічу. Той у адзін позірк прачытаў:
«Хведзя!
Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак — и я табе раскушу эты арех. Имею „ключик“. Табе — слава и спасибо гестапо, а мне — грошы. Давай согласие. Не тяни.
Твой Кравец».
Напісана алоўкам, па-расейску, з памылкамі.
Шыковіч прачытаў другі раз, трэці, здзіўлены і ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капітана. Зачыніўшы сейф, Сербаноўскі круціў на пальцы ключы і тлумачыў:
— Гэта з «архіва» следчага паліцыі Хведара Швагерава. Яго судзілі ў сорак пятым, далі пятнаццаць год. Я вось разбіраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады ніхто не расшыфраваў гэтай запіскі. Хто пісаў? Калі? З якой прычыны? Відаць, палічылі, што намёк на Савіча — непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.
Яны глядзелі ў вочы адзін аднаму, глядзелі з той шчырасцю і разуменнем, якое яднае людзей, робіць сябрамі. Сербаноўскі адчуў, зразумеў, як раптам змяніў сваю думку аб ім пісьменнік, і парадаваўся, хоць лічыў, што яму не да твару выяўляць якія б там ні было пачуцці. А Шыковіч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусціць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкія асаблівыя словы.
— Слухайце, Анатоль Барысавіч!.. Каб мы з вамі былі ў больш блізкіх адносінах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такія нецэнзурныя словы, якія пры адпаведнай інтанацыі лепш і мацней за любую пахвалу.
— Мне не трэба пахвалы, Кірыла Васільевіч. Толькі, калі ласка, не думайце, што я і мае калегі заўсёды падбіралі толькі тыя дакументы, якія абвінавачваюць. «На месцы вашага калегі…» Эх, Кірыла Васільевіч! Паверце, што для мяне самая радасная работа — даказаць, пацвердзіць сумленнасць савецкага чалавека.
Шыковіч працягнуў яму руку. Яны застылі ў моцным сяброўскім поціску рук.
— Памажыце нам. А я памагу вам.
— Дзякую, Анатоль Барысавіч.
Шматтонная станіна павольна плыла ў цесным праходзе паміж станкамі, паўсабранымі і гатовымі, шэрымі і ярка пафарбаванымі для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сінім чысценькім камбінезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пільна сачыла за рухам станіны, за людзьмі ўнізе, занятымі працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую «дэтальку», павядзе па праходу і пакажа месца, дзе яе паставіць. Павіснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукі. Яна падцягне іх на небяспечную для людзей вышыню, і тады кран з грукатам і звонам ад'едзе назад. Часам ёй доўга прыходзіцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механікі і зваршчыкі дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азірае цэх з вышыні і зайздросціць слесарам — яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялізных машын маленькія людзі — як мурашкі. Але машыны гэтыя, прыгожыя і разумныя, збіраюцца іх рукамі. Праўда, без яе працы, без крана, яны нічога не сабралі б, бо не здолелі б падняць нават невялікі «вузялок». Гэтая думка заўсёды суцяшае Ніну: не апошні «вінцік» і яна ў цэху.
Ніна пазваніла: «Прымайце сваю дэтальку».
З-за станка вынырнула знаёмая постаць. Хлопец у берэце спыніўся ў праходзе, спіной да яе, глядзіць некуды ў канец цэха, дзе працуюць упакоўшчыкі, і быццам не чуе і не бачыць, што на яго паўзе двухсотпудовая аграмадзіна. Ніна рэзка затармазіла кран. Станіна небяспечна гайданулася. Кранаўшчыца пазваніла гучна, злосна. Хлопец — ні з месца.
Ніна высунулася з будкі і закрычала:
— Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавіць? Разява!
Тады Славік павярнуўся, ухмыльнуўся на ўвесь замурзаны твар, бліснуў прыгожымі зубамі, сарваў берэт і прыветліва махнуў ім.
— Ах, гэта вы, лэдзі?! Рады вас вітаць! І пачуць анёльскі галасок і арыстакратычны стыль…
Але ў гэты момант нехта са слесараў заляпаў малатком так, што зазвінеў увесь метал у цэху. Ніна не разабрала ніводнага слова. А Славік пачуў, як яна кінула з вышыні, як камень:
Читать дальше