Гэта быў тонкі намёк на тое, што Тукала некалі пакінуў першую жонку з дзіцем. Ён зразумеў гэты намёк і закіпеў яшчэ горш. Але голас панізіўся:
— Я не думаю цябе вучыць. Але калі ты лічыш, што з цябе мала таго, што зрабіў твой сын, то з мяне гэтага — вось так. — Ён правёў далоняй па шыі. — Я не буду трымаць у сябе хуліганаў.
Ах, вось яно што! Нарэшце Шыковічу ўсё стала ясна: Тукалу цяжка было паведаміць аб рашэнні звольніць Славіка, а таму ён гэтак і нерваваўся.
«Баязлівец! Атрымаў цёплую пасаду і забываеш, што ёсць звычайныя чалавечыя адносіны».
Раптам стала шкада сына: нельга караць двойчы за адну і тую ж віну. Знявага да Тукалы расла, як снежны камяк. Кірыла адчуў нават страх: не сарвацца б зноў. Падняўся, засунуў рукі ў кішэні, ступіў бліжэй да рэдактара — пад яго спакой.
— Страхуешся? — спытаў знешне спакойна, але з'едліва.
— Мне няма чаго страхавацца! — ужо без нервовасці, паважна адказаў Тукала, надзеючы акуляры.
— Лягчэй за ўсё выкінуць чалавека з калектыву, — уздыхнуў Жывіцкі. — Ніколі не спяшайся…
— А што яму да чалавека!..
— Няхай пра такога чалавека падумае ў першую чаргу бацька!.. А калі бацька апраўдвае… Калі бацька паказвае прыклад… А потым ходзіць прасіць за сына… шукае яму цёплага месца…
Гэта быў подлы ўдар. Шыковіча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваім вушам. Няўжо гэта кажа Алёша Тукала, якога яшчэ тыдзень назад ён запрашаў да сябе ў госці? Слізняк!
Халодная разважлівая злосць апанавала Кірылу. Цяпер ён рабіў усё свядома, з разлікам.
Сумна паківаў галавой.
— Столькі год я з табой сябраваў і не ведаў, што ты такая дрэнь.
Эх, як Тукала зноў падскочыў.
— Чуеце?.. Станіслаў Іванавіч!
— Хлопцы, як вам не сорамна, — паспрабаваў прымірыць рэдактар.
— Цяпер разумею, што не зусім таго, каго трэба, я выкінуў за дзверы. Вось каго трэба! І не за дзверы. За акно. Дазволь, Станіслаў Іванавіч? — І Кірыла пайшоў, каб абысці доўгі стол.
Тукала хутка адступіў за рэдактарскі стол. Спалатнелы, стаў побач з Жывіцкім, які таксама насцярожана падняўся.
Шыковічу стала смешна. Ён дайшоў да краю стала, хмыкнуў і накіраваўся да выхаду. Калі дзверы за ім зачыніліся, Тукала выхапіў хусцінку і пачаў выціраць успацелыя рукі і лоб.
— Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Жах!
Жывіцкі засмяяўся.
Не разумеючы прычыны яго смеху, Тукала пачаў развіваць цэлую тэорыю наконт славы і зазнайства.
Яраш абсталёўваў аперацыйную навейшай апаратурай. Рэканструкцыі яго неаднойчы прыводзілі ў жах аддзел аховы здароўя. Але няўмольныя вартавыя фінансаў не маглі ўстаяць перад яго хірургічным аўтарытэтам. Патрыёты горада, яны таксама ганарыліся славай хірургічнага аддзялення бальніцы, якое лічылася лепшым у рэспубліцы. Аперацыйная прывяла ў захапленне дэлегацыю чэшскіх лекараў, якіх нялёгка здзівіць медыцынскай тэхнікай. А Яраш усё адно быў незадаволены: ёсць апаратура лепшая. Пераабсталяванне ён планаваў даўно. Многія з патрэбных апаратаў былі набыты загадзя. Але ўстаноўку іх адцягваў: па-першае, шмат чаго не хапала, па-другое, ён спадзяваўся, што пад канец года галоўны лекар і аддзел будуць больш шчодрымі.
І раптам ён пачаў работу па пераабсталяванню нечакана. Сам працаваў з манцёрамі і мантажнікамі вечарамі. Плаціў ім прэміяльныя са сваёй кішэні. За гэтае дзівацтва яму ўжо неяк раней наківалі на партбюро. З тым жа, што ён часта працуе не толькі з манцёрамі, але і са сталярамі, з паркетчыкамі, у клініцы звыкліся. Добрыя душы тлумачылі, што Ярашу проста няма куды дзяваць сілу і энергію, злыя — што такім чынам ён хоча павялічыць сваю папулярнасць.
Каб яму сказаў хто, што ўсё гэта робіцца так тэрмінова з-за адной хворай, ён, напэўна, пачаў бы аспрэчваць, можа, нават з абурэннем. Не, апаратура ўдасканальваецца не для адной хворай! Для ўсіх. Але ён разумеў, што было б няпраўдай адмаўляць, што гэта ўваходзіць у падрыхтоўку да аперацыі Зосі Савіч. Ён зрабіў сотні розных аперацый, нямала ўжо і такіх — на сэрцы. Але бадай ні да адной не рыхтаваўся з такой стараннасцю і адказнасцю. Як да найвышэйшага экзамену. Тут усё павінна быць узважана і ўлічана. Каб ніякай выпадковасці. Яго апраўдаюць усе, што б ні здарылася. Але сам ён не даруе сабе, калі гэтая спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Неяк уначы ён увесь захаладаў ад такой думкі, гэтак жа, як некалі, калі цяжка хварэў Віця і ён, хірург Яраш, страціўшы веру ў медыцыну, раптам падумаў, што сын можа памерці. З'яўлялася думка: а можа, запрасіць каго-небудзь з калег з Масквы, з Кіева? Да яго прыедуць. Рэдка які хірург бярэцца аперыраваць блізкага чалавека. Блізкага… А гэтую дзяўчынку ён ведаў роўна восем сутак, бачыў, размаўляў, калі яна прыносіла яму ежу на гару, дзе і ўдзень панаваў паўзмрок. Ён амаль не ведае (можа, толькі здагадваецца), як яна жыла васемнаццаць год свайго жыцця. І ўсё-такі яна была блізкім чалавекам. Ні адзін хворы ці хворая не жылі так у яго сэрцы, у думках.
Читать дальше