Хутка яго паклікалі да рэдактара. У доўгім і вузкім кабінеце акрамя рэдактара сядзеў дырэктар тэлестудыі Аляксей Тукала, стары прыяцель Шыковіча, некалі разам пачыналі пісаць, разам працавалі многа год. Кірыла ўзрадаваўся, што размова будзе не адзін на адзін і што нарэшце ён зможа высветліць віну сына. Тукала, напэўна ж, усё ведае.
Шыковіч, як звычайна, весела прывітаўся. Але тое, што Аляксей, працягваючы руку, афіцыйна-ветліва прыўзняўся, насцярожыла яго.
Няўжо Алёша Тукала падкрэслівае дыстанцыю паміж сабой і ім, Шыковічам? Смешна.
Не таму, што сумеўся, а знарок, каб паглядзець, што ж будзе далей, Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Але бачыў, што і дырэктар студыі і рэдактар разглядаюць яго з павышанай цікавасцю.
«Алёшу ўразіла мая новая якасць — уменне выкідваць з кабінета дурняў», — падумаў весела.
Жывіцкі — прынцыповы кіраўнік і ўвогуле добрай душы чалавек. Ён цаніў людзей, якія ўмеюць пісаць, абараняў кожнага здольнага журналіста. Шыковічам жа проста ганарыўся — не кожная газета мае такога нарысіста і фельетаніста. Ніколі ў адносінах да яго не выяўляў сваю рэдактарскую ўладу. Таму і размову гэтую яму пачаць было нялёгка.
— Кірыла Васільевіч, скажы, калі ласка, што ў вас адбылося. Рагойша тут дакрычаўся да сардэчнага прыступу. Лекара выклікалі. Заявіў, што пойдзе ў гарком…
— Няхай ідзе…
Мяккасць і асцярожнасць, з якой Жывіцкі пачаў сваю прамову, адразу зрабілі Кірылу сур'ёзным і злосным. Злосным на Рагойшу. Дзіўна, да слоў рэдактара ён не адчуваў гэтай злосці.
— Не, ты чакай… З крыку Рагойшы я нічога не зразумеў. Растлумач ты хоць, што ў вас адбылося.
— Нічога не адбылося. Ён папракнуў мяне за сына. Я не ведаю яшчэ, што там натварыў мой сын. Але калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў ён, чамусьці звяртаючыся да Тукалы.
Той як бы ўздрыгнуў, узняў галаву ад паперы, на якой рысаваў тоўстым сінім алоўкам кароткіх смешных чалавечкаў, пільна паглядзеў на Шыковіча праз вялікія люстраныя акуляры, у якіх адбіваліся вокны і дрэвы на вуліцы, сказаў:
— Але, накуралесіў твой Уладзіслаў.
— Што ён зрабіў?
— Напіўся. Прыставаў да ангельскіх турыстаў. Чаго ты лезеш да чужаземцаў? Што табе трэба ад іх? Раскрычаўся, што скіне на Ангельшчыну бомбу. Скажы, калі ласка, камандуючы ракетнымі войскамі! — абурана перасмыкнуў Тукала плячамі.
— Усяго? — мімаволі вырвалася ў Кірылы, бо сапраўды ён адчуў палёгку, даведаўшыся дакладна, што ўчыніў сын.
— «Уся-го»?! — Тукала падхапіўся, загрымеўшы крэслам, абурана кінуў аловак, і шасціграннік пакаціўся па доўгім стале з дробным стукам, але не ўпаў на падлогу, спыніўся на самым краі. — «Усяго»! Ты чуў, Станіслаў Іванавіч? З яго гэтага мала! Табе хацелася, каб ён перавярнуў рэстаран дагары нагамі ці забіў каго?..
Шыковіча напачатку мала закрануў крык Тукалы. Ён прасачыў, як каціўся аловак, і сур'ёзна зацікавіўся, якая перашкода спыніла яго на самым краі стала. Сказаў лагодна:
— Не крычы, Аляксей.
Але той ужо ўзрушана хадзіў па кабінеце, зняўшы акуляры (мабыць, баяўся, што яны зваляцца) і размахваючы імі.
— «Усяго»! Вось так мы выхоўваем моладзь! Пішам адно… Шумім пра высокія матэрыі… А ўласныя дзеці…
У гэты міг, мабыць ад Тукалавых крокаў, аловак зваліўся.
Шыковіч перавёў позірк на свайго ўгневанага сябра, на яго маладжавы, заўсёды як бы загарэлы хударлявы твар з радзімай плямкай на левай шчацэ, на прыгожую кучаравую шавялюру. Потым глянуў на рэдактара, які слухаў з сумным і збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялікія залысіны. І чамусьці ўспомніў, што ўсе яны равеснікі, рэдактар нават на год маладзейшы. Але лепш за ўсіх выглядае Тукала, здаецца, якім быў гадоў дваццаць назад, такім і застаўся, нават ніводнай сівай павуцінкі ў валасах. Падумаў непрыязна: «Умее сябе берагчы, чорт».
А Тукала ўсё больш разыходзіўся:
— …Канешне, калі бацька будзе выкідваць з кабінета людзей, то сыну ёсць з каго ўзяць прыклад… Калі бацька сабе дазваляе…
Рэдактар зморшчыўся, быццам яму наступілі на мазоль, і папрасіў:
— Аляксей Рыгоравіч!.. Пагаворым спакойна.
Тукала на момант асекся. Шыковіч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якім з'еў не адзін пуд солі. Сказаў з глыбока затоенай іроніяй:
— Значыцца, ты, Алёша, рашыў навучыць мяне, як выхоўваць дзяцей? Давай, давай…
Читать дальше