Баклан адышоў, падазваў да сябе хлопца-цесляра, штосьці паціху сказаў яму. Хлопец паклаў сякеру на бервяно i, падаўшыся да калёс, адчапіў лейцы; неспакойны конь крануўся, выгінаючы дужую шаўкавістую шыю.
Баклан вярнуўся да госця.
— Ах, каб ты быў, Іван Савіч, няладны! Я-ж столькі часу цябе чакаў! I хоць-бы адно слова ў адказ! Я ўжо быў падумаў, што i зусім не адкажаш. Зазнаўся, думаю… Пабачыў цябе побач з Гаўрыльчыкам — i не пазнаў: не інакш начальства з раёна. Я тут у пашане, можна сказаць, ха-ха… яны да мяне часценька заглядаюць…
Ён зарагатаў. У Кавалевіча мільганула думка — Баклан таксама змяніўся за гэтыя два гады. Праўда, ён не мог сказаць, што гэта за перамена такая…
Баклан па-прыяцельску абняў камандзіра:
— Як гэта ты добра зрабіў, што прыехаў! Самым дарагім госцем будзеш!.. За тое, што пачатак атрымаўся такі няўдалы, не крыўдуй: не ведаў, што прыедзеш… Ну, але мы гэту хібу зараз паправім! Правільна, Рыгор?.. Дарэчы, Іван Савіч, нашто нам час марнаваць, — хадзем, свежай рыбкай пачастую, толькі што вось прывёз… А рыбка сёння — пальцы абліжаш!.. Згодзен?
Кавалевіч кіўнуў галавою ў знак згоды:
— Добра. Толькі, Васіль, пачакай хвіліну. Мы з Рыгорам у хату сабраліся зайсці.
Яму хацелася агледзець хату ў сярэдзіне — як прыгнаны адно да другога бярвенні, дзе будуць пастаўлены грубка i печка, ці сагрэюць яны хату. Іван Савіч меў звычку — усё бачыць сваімі вачамі. Тым больш ён не мог быць абыякавым цяпер, — перад ім была хата, якую будавалі для сям’і яго баявога таварыша.
— Як тут у цябе, Васіль, з цэглай: для печы i грубкі хопіць? — запытаўся Іван Саівіч у старшыні, калі яны пераступілі дубовую падваліну пад прарэзам дзвярэй. — Трэба-б паспець да халадоў скончыць.
Ці хопіць цэглы, Баклан не ведаў. Яго выручыў Рыгор, які сказаў, што цэглы цяпер у калгасе няма, бо тая, якую раней атрымалі з завода, ужо скончылася.
— Заўтра паеду ў выканком. Папрашу даць яшчэ… — заўважыўшы, што Кавалевіч нездаволены такім няпэўным адказам «папрашу», паправіўся — Адным словам, цэгла будзе.
— Так-бы i сказаў адразу!
Іван Савіч ведаў — цэгла будзе. Рыгор прамовіў гэтыя словы такім тонам, што нельга было не паверыць.
Калі яны выйшлі з хаты, цесляры, цягнучы за доўгую вяроўку, падымалі на зруб першыя кроквы. Вяроўка паволі паўзла па верхняму бервяну, нібы па блоку. Кавалевіч хвіліну зацікаўлена пазіраў на цесляроў, потым, як-бы схамянуўшыся, папляваў на рукі i сам узяўся каля аднаго хлопца за вяроўку. Гаўрыльчык, а за ім i Баклан, далучыліся да яго. Тры таварышы i цесляры дружна пацягнулі вяроўку. Людзі, што працавалі ўгары на зрубе, паставілі крокву i прымацавалі ніжнія, з выразамі, канцы яе да верхніх бярвенняў. Кавалевіч ужо доўгі час не працаваў у калгасе, i цяпер, у гэтыя хвіліны, адчуваў сябе радасна, па-святочнаму.
Калі паставілі пяць крокваў, стары, з ружоваю лысінай i падстрыжанай бародкай, цясляр весела крыкнуў, прымаўкаю:
— Mo’ да часу, да пары, хай спачынуць тапары. Годзе, хлопчыкі, перакурым хвіліну…
Седзячы ўгары на верхнім бервяне зруба, ён скруціў з абрыўка газеты цыгарку. Дастаючы з кішэні гімнасцёркі карабок з запалкамі, папрасіў Гаўрыльчыка:
— Цвікоў-бы вялікіх, таварыш намеснік! Цвікі канчаюцца! Бачыце, кроквы дроцікамі пачалі збіваць… — ён выняў з кішэні падобны на цвік абсечак тоўстага дроту.
— Ведаю, дзядзька Пятро. Заўтра ў раён еду — буду стукаць там. А пакуль — дроцікамі трэба. Сам ведаеш, цвікоў столькі расходзіцца, што хоць ты завод у нашым сяле адчыняй!..
Цясляр засмяяўся, кіўнуў у знак згоды галавой:
— Правільна сказаў — цэлы завод трэба!..
«I тэты да Гаўрыльчыка, — заўважыў Кавалевіч, — а не да Баклана…»
Яму здавалася, што дзядзька Пятро запытаўся ў намесніка не выпадкова.
Пайшлі да Баклана ўтрох. Ён жыў у хаце, што стаяла недалёка, на ўскраю сяла.
Ix спаткала на ганку Васілёва маці, прыветлівая жанчына ca светлымі, ледзь прыкметнымі, як у сына, брывамі. На галаве ў яе была новая пярэстая хустка з махаркамі. Старая чакала гасцей, — дачуўшыся ад хлопца, якi прывёз рыбу, што прыехаў сынаў камандзір, яна пачала адразу смажыць i пражыць, напякла цэлую гару дранікаў.
Пакуль збіралі на стол, Кавалевіч разглядваў фотакарткі, што віселі над сталом. Карткі амаль усе былі новыя, пасляваенныя. Некалькі маленькіх захавалася i з партызанскага часу: гэтыя былі памятыя i невыразныя, — відаць, ix рабіў неспрактыкаваны чалавек. На адной картцы, устаўленай у рамку вішнёвага колеру, пад шкло, Кавалевіч убачыў сябе: ён, седзячы пры камлі, слухае партызана, які стаіць на кукішках i нешта паказвае на памятым лісце паперы. Партызан зняты са спіны, але па абрысах постаці не цяжка пазнаць, што гэта Баклан.
Читать дальше