Малатарня ні на хвіліну не спынялася. Сноп за снопам глытала прагная зяпа машыны, людзі ледзьве ўпраўляліся накарміць гэтую ненажэру — усё падавалі ды падавалі. Сочачы за калгаснікамі, што спрытна ўвіхаліся каля малатарні, Кавалевіч нібы набіраўся новых сіл, адчуваў сябе маладзейшым i дужэйшым. Трывожныя думы пра Баклана непрыкметна развеяліся.
Адначасна Кавалевіч з цікавасцю назіраў за намеснікам. Гаўрыльчык, хоць i быў вельмі рады, што Кавалевіч задаволены тым, як працуюць пры малатарні, не выказваў гэтага.
На людзях Гаўрыльчык знарок марудзіў, стрымліваючы прыродную жвавасць, якая толькі зрэдку авалодвала ім, стараўся паказаць сябе сталым i разважлівым чалавекам. З выгляду непрыкметны i простадушны, з наіўным позіркам адкрытых вачэй, ён падпарадкоўваў усіх спакойнай упэўненасцю i развагай, якія прыходзяць толькi з гадамі i вопытам.
«Як ён пасталеў!» — не адзін раз падумаў Іван Савіч, назіраючы задаволена за былым падрыўніком. Ён памятаў, якім быў Гаўрыльчык у атрадзе, i ўсё не мог звыкнуцца, што з таго зялёнага хлопца вырас такі чалавек.
Непрыкметна гадзіна за гадзінаю прамінула поўдня. За гэты час яны пабылі на полі, каля Чорнага лесу — праверылі, як трактарыст арэ іржышча… Кавалевіч да ўсяго ўважліва прыглядаўся, нібы ён быў не госцем, а гаспадаром.
Спачатку з раніцы Іван Савіч шкадаваў, што не застаў старшыню дома. Аднак новае знаёмства з Гаўрыльчыкам, той светлы працавіты настрой, які перадаўся яму ад калгаснікаў i не пакідаў увесь час, — усё гэта неспадзявана ператварыла яго вымушанае, здавалася-б, непрыемнае чаканне ў радасць. Ён так захапіўся тымі праявамі, якія бачыў навокал, што непрыкметна для сябе амаль забыўся пра Баклана.
Толькі раз, калі абодва ішлі з іржышча, Іван Савіч ні з таго, ні з сяго запытаў:
— Дык як вы жывеце з Бакланам цяпер… пасля вымовы?
— Як жывем?!. Вядома, — пакрыўдзіўся ён. Іван Савіч, амаль перастаў са мной гаварыць. А я — што, хіба я што злое меў да яго? — сказаў Гаўрыльчык, нібы апраўдваючыся. — Мне i самому, паверыце, шкада яго, — я-ж ведаю, які быў Баклан…
— I дарэмна шкадуеш… — адгукнуўся нездаволены бас Івана Савіча. — Няхай крыўдзіцца.
Пад вечар Рыгор павёў Кавалевіча да зруба, каля якога цесляры збівалі кроквы. Зруб быў складзены, відаць, зусім нядаўна: жоўтыя ачэсаныя бярвенні яшчэ не паспелі ні пацямнець, ні патрэскацца. Дзе-ні-дзе на ix выступілі светлыя, клейкія, падобныя на ягадкі, бурштынавыя пацеркі смалы.
Заставалася паставіць кроквы, накрыць хату ды зрабіць, як кажуць будаўнікі, «сталярку» — вушакі, рамы, дзверы.
— Для Кацярыны будуем, — сказаў Рыгор. — Помніце, у Марцінавай роце быў Гаравец Васіль — то яе чалавек… Загінуў, калi мы бралі Балачанскі гарнізон…
Пад нагамі весела трашчэлі свежыя, яшчэ вільготныя, трэскі. Каля сталюгі некалькі цесляроў, нагнуўшыся i расставіўшы ногі, цясалі бярвенні. У паветры стаяў модны, казытлівы пах смалы. Каля цесляроў хадзіў белагаловы хлопчык гадоў дванаццаці, — ён збіраў у кошык трэскі. Напэўна, маці прасіла прынесці, каб падпальваць дровы ў печцы…
У гэты час непадалёк пачулася пералівістае конскае іржанне, непаспешлівае, лянівае тарахценне колаў.
— Баклан едзе, — прамовіў Рыгор, прыслухоўваючыся. — «Звер», Бакланаў конь, іржэ… Эх, якая галасістая жывёліна, што гудок паравозны!..
Гаўрыльчык не памыліўся. Сапраўды, праз хвілін пятнаццаць з-за зруба выехала новая лёгкая каламажка з шырокаплечым чалавекам у вайсковай вопратцы, які прыгорблена сядзеў на драбінцы, звесіўшы ногі.
— Баклан! — паклікаў Рыгор.
Баклан спыніў каня. Саскочыў з драбінак, зачапіў лейцы за абгарэлы слупок ад гародчыка, уцалелы пасля пажару, i, сцябаючы па хромавай халяве пугаўём, неахвотна, уразвалку пайшоў да намесніка. Ён абыякава акінуў позіркам сваю гімнасцёрку, адкалупіў камячок гразі, што закарэў на рукаве.
Толькі, падыходзячы да намесніка, падняў вочы:
— Савіч?!
Баклан адразу перамяніўся. Куды падзелася абыякавасць, — парывіста кінуўся да Кавалевіча, на ўсю сілу сціснуў яго ў абдымку.
— Ну, мядзведзь! рэбры паломіш! — застагнаў усміхаючыся Іван Савіч. — Хто-ж гэта так бесцырымонна з гасцямі абыходзіцца. Гэтак i задушыць, чаго добрага, нядоўга!..
— Так табе i трэба! — не выпускаў Баклан камандзіра з абдымку. — Будзеш ведаць, як наведвацца раз у два гады…
Шэрыя смелыя вочы, амаль бязбровы, пакрыты густым чарнаватым загарам твар. Крутыя ўпартыя сківіды ca шрамам… Няўжо гэта не той самы Васіль, якога ён ведаў i любіў у атрадзе?
Читать дальше