I вось ужо больш за паўгода мы спім побач, спачатку ў штрафным, а з восені — у агульным бараку. У галавах нашых нараў, на палічцы, стаіць бывалы Сашкаў акардэон, найбольшы скарб барака № 3.
Цяпер Калечыц ішоў у першай пары, глядзеў на бычыны карак фельдфебеля i ўспамінаў тры курыныя яйкі. Пазаўчора Элер прынёс ix аднекуль, вельмі задаволены ўдачай. I сапраўды — перамога! Па харчовых картках прыходзілася па адным яйку ў тыдзень на кожнага немца, а тут!.. Эх, доннэрветар!.. Але як толькі фельдфебель выняў ix з кішэні, каб нахваліцца, адно залатое яйка раптам упала з рукі на брудную падлогу склада і, пэўна ж, разлілося. А гэты дзябёліна стаў ракам i, амаль прыпаўшы вусамі да закарэлай дошкі, хлябтаў сырую яечню i толькі хрыпла пакрэктваў, прыцмокваў ад задавал ьнення…
Сашавы думкі перабіў палонны, што ішоў за ім. Таксама чарнявы, але куды шчуплейшы, нават маладзейшы з выгляду. Француз Ружэ. Ён незнарок наступіў Калечыцу на пятку i з вінаватай усмешкай дакрануўся да яго пляча:
— Пардон, Сашка. Ві-ба-чай.
Імя гэта ці прозвішча — Ружэ, Калечыц, добра не ведаў. Бо колькі тут можна даведацца адзін пра аднаго, калі пры сустрэчах карыстаешся ўсмешкамі, жэстамі ды тым нейкім дзесяткам нямецісіх слоў, якія кожны з ix калечыў па-свойму? Праўда, Ружэ пачаў вучыцца ад Сашы слоў беларускіх і, у сустрэчным парадку, вучыць таго па-французску. Ну, ведаюць — адзін: «мерсі», «пардон», «сіль ву пле», другі: «дзякую», «вібачай», «калі ляска»… Пацеха толькі, прыемная забаўка. A ўсё ж яны змаглі дагэтуль сяк-так узаемна даўмецца, што Сашка — земляроб, «бляншрус» i цяпер ужо «савецік», а Ружэ — рабочы, ткач i таксама (кулак, узняты з усмешкай) «рот фронт». Француз быў прыгажун з малымі, белымі, нібы жаночымі рукамі. А беларус, хоць i рахманы, любіў па-хвацку вітацца. Калісьці, знаёмячыся з Ружэ, ён добра-такі ціскануў яму руку. Хлопец ахнуў ад болю, а потым, з поўнымі слёз вачыма, паказаў збянтэжанаму «бляншрусу» сваю малую, знявечаную руку i расказаў, растлумачыў па-іхняму, пра сваё няшчасце. Летась, калі Ружэ працаваў на будаўніцтве аўтастрады, ваганетка падмяла яго i зламала руку ў запясці. Яе злячылі няўдала: каму там было непакоіцца…
Чатырох палонных, што працавалі на складзе, таўсцюх фельдфебель называў то «апосталамі», то «мужамі галілейскімі». Паўтараў ён гэта па сто разоў на дзень з аднолькавым задавальненнем. Ружэ прыйшоў на склад, пятым апосталам, два тыдні таму назад. Хлопец спалохаўся, што яго, паколькі рука ўжо залячылася, могуць яшчэ, чаго добрага, зноў пагнаць да ваганетак. А на складзе было не толькі лягчэй ды цяплей, але ж i пажывіцца мог чалавек чым-небудзь. Увесь шталаг зайздросціў гэтай маленькай арбайтскамандзе.
Худы, чарнявы хлапчына стаяў ля парогa, сумна, з надзеяй глядзеў на Элера сваімі чорнымі вялікімі вачыма i, на французскі лад калечачы нямецкія словы, прасіўся:
— Іш віль арбайт. Ішь віль зэр гут арбайт… [6] Я хачу працаваць. Я хачу вельмі добра працаваць…
— Што цябе, бязрукага, узяць? — загрымеў, натапырыўшы рыжыя вусы, фельдфебель. — Ёзап, дай мне мой рэвальвер!..
Увішны лёкай Янушчык падсунуў свайму таўсцюху чорную дзвярную ручку, i фельдфебель грозна прыцэліўся. Ды на яго зусім сур'ёзна глядзелі глыбокія, напоеныя горкім сумам вочы юнака, i Элер апусціў свой «рэвальвер».
— Ну, добра, працуй. Паглядзім, што з гэтага. выйдзе.
Пад вечар, калі да кухні пад'ехала машына з хлебам, грозны таўсцюх, вельмі зацікаўлена чытаючы на хаду газету, даволі спрытна прыхапіў з кузава булку хлеба, прынёс у склад i раскроіў на пяць кавалкаў. Чатыры, роўныя, раздаў старым апосталам, а пяты, большы, даў Ружэ.
Праз некалькі дзён зоркае вока каменданта шталага прыкмеціла, што ў Элера не чатыры, а пяць памагатых. Сухі, крыклівы маёр загадаў фельдфебелю аднаго неадкладна прагнаць. Калі таўсцюх паведаміў гэта сваёй камандзе, Ружэ збялеў i памкнуўся да дзвярэй.
— Гальт! — закрычаў фельдфебель. Ён грозна паглядзеў на сваю пяцёрку i тыцнуў пальцам на француза Лекашэ: — Ты тут найбольшы лайдак. Ты заўтра не прыходзь.
Выбар гэты быў Сашу прыемны ўдвая. Па-першае, таксама, як i Янушчык, куртаты Лекашэ быў яшчэ большы за таго падлізнік. Пры ім «апосталы» асцерагаліся не толькі ўзяць сабе ці сябру які-небудзь шалік ці шкаргіэткі, замяніць падраныя чаравікі на навейшыя, але ж нават i ўголас падумаць нра такое «злачынства». I гэта ў той час, калі сам ix наглядчык, заўважыўшы штосьці такое, толькі крычаў: «Ага, на складзе завяліся мышы!» — або i наогул, не заўсёды ўдала, рабіў выгляд, што нічога не бачыць. Па-другое, i, відаць, галоўнае, — Саша ўжо не хацеў разлучацца з Ружэ.
Читать дальше