Дык што ж гэта, калі падумаць, за праява?
Тут табе хутка сорак год пасля перамогі пралетарскай рэвалюцыі, тут табе навокал — «хоть трн года скачн» — калгасна-індустрыяльны сацыялізм, «хто не працуе — той не есць», а яны, лайдакі скалазубыя, нібы пазіруюць для самай шырокаэкраннай, самай каляровай і эпічнай кінакарціны з мінулага. На ўласных конях, добра-такі незаконна адпасвеных, топчуць сабе незаконна ды ў белы дзень грамадскую сенажаць і — хоць бы што! Чарнамазыя, барадатыя і безбародыя, кучаравыя і ў кепках, дай божа — кавалі, а то дык канакрады, карцёлснікі ці проста так сабе, свабодныя мастакі на ўтрыманні сваіх языкаста-рукастых варажбітак. Едуць вось, бесклапотна смяюцца і хмельна гамоняць. Сытыя коні то нагінаюцца раз-пораз да высокай травы, то туляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін на аднаго, то проста ідуць кудысьці, рупліва, нават весела ідуць… I небывала, можа, зусім небывала ў гэтых мясцінах таленькаюць, шчасліва перазвоньваюцца, гутараць маленькія званочкі…
— Коней, мусіць, паіць, — азваўся нарэшце Андрэй. — Там жа вунь брод за вербамі.
Ен нечакана засмяяўся.
— Ты чаго?
— Ходзяць немцы і абіваюць бераг лесу.
— Ну?
— А гэта, брат, у блакаду… Немцы і іх, цыганоў, ганялі па пушчы. Хацелі вынішчыць, нібыта — як партызанскіх памочнікаў. Мы тады неяк на «жалезку» прабіраліся, выкручваліся ад карнікаў, і напаткалі цэлы цыганскі табар. «Адкуль ідзяце?» — «З-пад Рудні», — кажа самы аброслы бэчка [19] Бэчка — бацька ў цыганскім вымаўленні.
, важак. «А што там чуваць?» — «Ходзяць немцы і абіваюць бераг лесу». I стаў гэты выраз у нашым атрадзе крылатым. Не прынясе, скажам, разведка талковых звестак, так і смяюцца з яе: «Што, абіваюць немцы бераг лесу?..» I тол мы з тых дзён называлі цыганскім мылам.
— Чаму?
— Дьміеяк яны былі да нас прыбіліся зноў. Абадраныя, галодныя — адно страхоцце! Барыс наш якраз баранчыка разбіраў, дык цыганяты накінуліся на трыбухі, давай ірваць рукамі ды глытаць. А рукі тыя, відаць, ад роду нямытыя. Барыс даў ім мяса. Кінуць кавалак у агонь ды, доўга не чакаючы, хапаюць — проста рукамі з прысаку — у рот!.. Накармілі мы іх і з сабою далі. А самі паехалі, здаецца, гарнізон у Тарычы граміць. Дык яны ў наш лагер падкраліся — там быў адзін вартавы, разявака, — ды ўсё пакралі. I тол. Бо думалі, што гэта мыла. Памочнікі! Недараслі яны, каб памагаць. Наогул, брат, каню цыганскаму пад хвост такая вольніца!..
— Ну, а цяпер — куды яны цяпер? Дзеля чаго ім гэты звон?..
Крыху пазней, ад сустрэчнага чалавека, мы даведаліся, што недалёка адгэтуль, на ўзлессі, другі ўжо дзень шумела цыганскае вяселле. I гэта мужчыны-вясельнікі проста ехалі да ракі.
Аднак і ад гэтага тлумачэння, і ад цвярозай Андрэевай праўды справа не стала звычайнай.
Вось ужо колькі гадоў мінула, і цыганы ўжо ні быта не валочацца, зноў прывыкаюць да аселага, пра-цоўнага жыцця, — а яно часамі возьме ды вернецца зноў…
Што — яно?
Ды луг у квецені, сыты табун і званочкі. Безліч маленькіх, сардэчных званочкаў!..
I такое табе (для скептыкаў — такі нават анахранізм) злагоджвае рыбацкую няўдачу.
Зрэшты, рыбак з мяне, нават і мякка кажучы, не вельмі ўдалы. Мне таксама куды больш «інцярэсна, як бяроцца». А не бярэцца, дык ёсць уражанні, думкі, сустрэчы. Іх заўсёды хапае.
I яны, калі праўду казаць, даражэй мне за ўсё. Бо ў мяне часамі нібы і зайздрасці рыбацкай няма. Вось і цяпер — магу нават прызнацца, што таго бярозаўскага акунька злавіў, вядома ж, не я…
Мясціна гэтая была заўважана яшчэ з акна аўтобуса.
Бясконцыя палескія лугі; шырокая, спакойная рака, аблямаваная алешнікам і лазняком; высокі, доўгі, няскончаны мост; хата дарожнага майстра, да якое з насыпу за мостам сыходзіць трэба па крутой сцяжыне, потырч, весела.
Была субота, вечарэла, рабочыя пайшлі ўжо з моста, — нікога нідзе ні душы. Толькі над хатай дарожніка, яшчэ больш падкрэсліваючы гаючую цішыню і пустыннасць, сціпла дыміўся комін.
Аднак тады спыніцца тут мы не маглі. Вогнішча наша загаманіла над велічна ціхай Ясельдай толькі на трэці дзень.
З зялёнага ляснога гарадка сюды прыехалі з намі два маладыя настаўнікі, Генадзь і Мікола.
Планавалася рыба і юшка. На рыбу была ў нас надзея, зранку — нават упэўненасць, два спінінгі і чатыры вуды. На юшку хлопцы ўзялі сваю халасцяцкую каструлю, скавараду і некалькі бульбін. Соль, цыбуля, перац і ліст ляжалі ў адным з нашых рукзакоў. Ну, а вада, вядома, там, дзе і рыба.
Читать дальше