Той, у якога дрыжэлі лапаткі, сведчыў пакуль што свабодны, яго адкапалі найпазней, дзесьці ў нетрах Палтаўшчыны. Як ён ні намагаўся выгарадзіць сябе і, для сябе ж, прыглушыць віну свае кампаніі, ён, аднак, сведчыў супраць тых, за перагародкай. А яны агрызаліся. І вось, калі ў гэтай, агіднай па-звярынаму грызні, абмежаванай толькі страхам i асцярожнасцю, пачулася адзін раз хлёсткая рэпліка — мне стала страшна…
Страшна i горка ад таго, што сёння, восенню шэсцьдзесят першага года, у перапоўненым клубе многія з тых, што прыйшлі сюды па запрашальных білетах, — раптам весела запляскалі ў далоні…
Чаго тут больш — ідыятызму ці бяздумнасці?
Вось дзе старонкі жаху, што не маюць права адысці ў нябыт, словы тых, што цудам выжылі:
— Немцы нейкія, ці, ліха ix душу ведае, хто яны, укінулі мяне ў агонь, калі хата гарэла. Засланіла я твар рукамі i перабегла…
Гаворыць гэта ўжо старая сёння жанчына, з тварам, абпаленым у тым агні.
— Дзеці малыя цалавалі гэтым немцам ці паліцаям ногі: «Дзядзечка, татачка, не страляйце мяне!» А яны стралялі.
На прапанову старшыні суда — паглядзець на пад судных: можа, каторы ёй прыпомніцца, жанчына не павярнула нават у той бок галавы:
— Хай яны на свет не глядзяць! Не хачу я на ix i глядзець!..
На трыбуне другая жанчына.
— Усе мы ляжым, пастраляныя, а я — жывая — ляжу з усімі i чую ўсё. Хлопчык мой з-паміж трупаў устаў ды гукае: «Мамка, ідзі, ужо немцы пайшлі!..» Яны яго адтуль, дзе ўжо былі адышліся, застрэлілі з аўтамата… Устала я пасля, дзетак сваіх пазбірала на дзяругу, параўнялароўненька, абцерла кроў… Потым ужо, калі нашы прыйшлі, напісаў мне мой чалавек: «Ці жывыя вы там?» А я яму напісала пра ўсё: «Ці патрэбна я табе цяпер — адна ды такая?» А ён піша: «Я яшчэ i не такое бачыў. Я i сам інвалід, без нагі». Вярнуўся ён, i дзетак трое мы нажылі…
У зале воплескі.
Падбадзёраная гэтым, цётка павярнулася да тых, што за сталом — вяршыцеляў народнай справядлівасці:
— Вот, можа, таварышы дарагія, помач якую далі б на дзяцей… Самі ж ведаеце, як яно ў калхозе…
У зале тое, што ў стэнаграмах ды ў справаздачах называецца ажыўленнем.
Цётку пацешыў пракурор:
— Ідзіце, жывіце здаровы. Усё будзе добра.
Цётка пайшла ад трыбуны.
Ёй абяцалі i ад нашага імя.
1961
Школьніцай Ганя насіла пошту. З сельсавета, дзе была іх сямігодка, у родную вёску, за шэсць з палавінаю кіламетраў. Пісьмы, газеты, павесткі — часамі поўная торба. I ў мароз, і ў разводдзе — то адубелая наскрозь, то мокрая па калені.
Дома была яна гаспадыняй ледзь не з сямі гадоў: маці памерла, а бацька другі раз не ажаніўся. З-за яе і малодшай сястрычкі, каб не прывесці ў хату мачыху. Ганя пачула пра гэта рана, зразумела — таксама хутка.
Жыць было цяжка, вучыцца не вельмі лягчэй, аднак школу яна закончыла амаль з аднымі пяцёркамі.
Не быўшы ні разу ў сваім раённым палескім мястэчку, дзяўчына паехала адразу ў Мінск, дзе паступіла ў медыцынскі тэхнікум.
На пятнаццатым годзе была яна высокая, худзенькая і сарамлівая — аж занадта. Хадзіла ў брызентавых тапачках, у бумазеевай кофце і ў спадніцы, унізе абшытай істужкамі, а ў запасе была ў яе яшчэ адна даматканая кашуля, цётчынай работы, і ватоўка. Жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна. Стыпепдыі плацілі семдзесят рублёў, з чаго яна кожны месяц адну-дзве, а то і тры дзесяткі пасылала дахаты.
На другім курсе палепшала: знайшла работу, днём вучылася, увечары дзяжурыла ў вайсковай бальніцы пры тэлефоне; там і кармілі яе, і прыадзелася трохі. Але не змянілася Ганя, — памятала і тое, што трэба было памятаць пра самую сябе, і пра бацьку, і пра сястру ў далёкай, роднай і няшчодрай хаце.
Калі пачалася вайна — хто б мог падумаць пра гэта! — ціхая, непрыкметная студэнтачка… усцешылася ў душы, што вось і настаў ён, нарэшце, час подзвігаў. Аднак горад зусім нечакана, незразумела хутка занялі фашысты. А яна, таксама нечакана, пачала неўзабаве працаваць прыбіральшчыцай у адной з трох у горадзе клінік — якраз у той, дзе лячылі параненых немцаў.
I пачала рыхтавацца да подзвігу. Адна, без дружбы і кіраўніцтва. У сваю прахадную каморку ў мяшчанскім драўляным асабняку на ўскраіне, у свой, зроблены татам, куфэрачак яна насіла медыкаменты, якія — у парадку барацьбы — крала ў ворагаў. Знайшла гранату, чатыры абоймы патронаў… Каб перайсці з усім гэтым туды, да партызан. I не вельмі хавалася ад гаспадыні: свае ж людзі, савецкія!..
Арыштавалі Ганю напрадвесні.
Читать дальше