Черный Кузьма
Макаркавых Волька (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Макаркавых Волька
Кааператар Сафрон Дзядзюля вельмi заўзята расказваў, што прыцемкам, спускаючыся з высокага сельсавецкага ганка, ён убачыў такi малюнак: нейкая незнаёмая жанчына шпарка выйшла з-за дубовага паркана, якi абгароджваў царкву i могiльнiк навакол яе, i ўпэўнена пайшла да таго месца, дзе калiсьцi была брама. Не знайшоўшы iншага спосабу ўвайсцi ў могiльнiк, жанчына пералезла цераз жэрдкi, якiя на месцы брамы былi наглуха папрыбiваны канцамi да слупоў. Паркан быў высокi, i Сафрон Дзядзюля не мог бачыць, што жанчына рабiла на могiльнiку. Ён толькi заўважыў, што яна адразу накiравалася кудысьцi за царкву, дзе чатыры вязы густа ўсцiлалi зямлю жоўтым лiсцем. Ужо зусiм было цёмна, калi жанчына выйшла з могiльнiка. Стоячы за рогам паркана, Дзядзюля бачыў, як яна некалькi разоў азiрнулася на царкву i цяпер ужо зусiм паволi пайшла ў вулiцу. Неўзабаве жанчына зайшла, мусiць, у адну з канцавых хат, бо раптам яе нiдзе не вiдаць стала.
Постаць i хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалi Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Успамiны гэтыя былi прыкрыя. Але з-пад гэтай прыкрасцi даволi ўпарта высоўвала галаву ганарыстае задаваленне.
Гэта было таму назад год дзесяць. Сафрон Дзядзюля сватаўся да Макаркавых Волькi. Вольцы тады было яшчэ не больш васемнаццацi год, i гэта была самая лепшая танцорка i заўзятая весялуха на ўсю вёску. Сям'я Макаркавых была бежанская. Яшчэ ў iмперыялiстычную вайну тут з'явiўся высокi чалавек з жонкай i малою дачкою. Прыехаў ён на сытым маладым канi. Сафрон Дзядзюля быў тады яшчэ падростак i разам з iншымi, такiмi як ён, падшывальцамi, цёрся каля бежанскай фурманкi, пакуль высокi гаспадар яе хадзiў па хатах i апытваў прытулку. Бачачы на возе толькi адну бабу з малой дзяўчынкай, Сафрон так асмялеў каля чужога каня, што надумаўся навырываць з яго хваста валаснi сабе на вуду. Конь хоць быў у аглоблях, але ўхiтрыўся так зачапiць нагой Сафрона, што той адразу адцураўся валаснi. Дзяўчынка на возе зарагатала. Сафрон адбегся, хапiў сукаваты пошвырак i смальнуў каню ў бок.
Бежанец астаўся ў вёсцы, i праз пэўныя гады Сафрон Дзядзюля пачаў ныць па чорнавалосай Вольцы. Ён хадзiў за ёю доўга, але ў яе i ў думках не было iсцi замуж, i не толькi за яго, але за каго б там нi было. Яна хацела ехаць вучыцца, i от аднойчы, не ведаючы, як ад яго адчапiцца, яна сказала яму нi то стала, нi то жартам:
- Я за цябе не пайду, бо ты такi...
- Якi? Ну якi?
- Ты такi, што абы дзе сеў, то пасля цябе заўсёды астаецца куча смецця, попелу з папяросы, пяску i гразi з-пад ног.
- Ну, а больш? - перабiў ён, увесь чырвоны ад злосцi.
- Калi ты возьмеш у рукi якую-небудзь рэч, то адразу пачнеш на ёй цвiком, шклом цi хоць запалкай вырысоўваць сваё прозвiшча i зглумiш тое, што трымаеш у руках.
- А яшчэ?
- Стол, за якiм ты сядзiш, заўсёды астаецца пасля цябе зрэзаны нажом i сколаны. А на кожным лiсце паперы, якi трапiцца табе пад руку, ты сто разоў распiшашся...
- Ну, кажы далей!
- Што ж далей?.. Ну, ты пусты ганарлiвец... i яшчэ - кожнага любiш абсмяяць... От зiмой, я памятаю, мая мацi несла ваду i, пакаўзнуўшыся, упала, а ты пасля рагатаў, што, пакуль яна ўставала, у яе голыя каленi вiдны былi.
Апошнiя словы Волька сказала гнеўна, гнеў гэты явiўся ў яе нечакана, пры ўспамiне аб гэтым выпадку.
Усё гэта было праўда, i тым больш зняважыла высокiя Дзядзюлевы пачуццi. Праз паўгода Волька паехала вучыцца на рабфак, а яшчэ праз паўгода ёй наўздагон пайшла заява аб тым, што яна "лiсiца ў воўчай скуры" i не проста пайшла вучыцца на рабфак, а "пралезла" туды, i калi яна "працягвае" там вучыцца, то "гэта няправiльна", бо бацька яе заўсёды трымаў сытыя конi. "Пад гэтага каня страшна было падысцi", - такiя гэта былi кулацкiя стаеннiкi. Усiм было вядома, што ў тыя часы Вольчын бацька меў толькi i занятку, што з ранку да вечара вiсець крукам у сельсавеце, дамагаючыся даведкi, што ён нiякi не кулак. Ён гаварыў, што ў часы бежанства сыты конь у яго быў таму, што ён, каб уцячы ад гарматнага агню, прадаў, што меў, да апошняй нiткi i купiў каня.
Але Дзядзюля быў вялiкiм актывiстам. Хоць работа ў яго дома i стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезцi ў цэнтр "вялiкiх" спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля i ў сельсавет. Нейк так выходзiла, што ён заўсёды трапляўся пад рукой, заўсёды ўсё ведаў, заўсёды пра ўсё мог тонка здагадацца, i нават самыя лепшыя працаўнiкi так да яго прывыкалi, што трацiлi патрэбу падумаць пра яго, а што гэта за чалавек такi? У гэтай справе Сафрон Дзядзюля быў сапраўдны талент, можна сказаць, глыбокi i тонкi.
Читать дальше