Яна зноў усмiхнулася, з большаю мяккасцю.
- Чаму ў вас тут цiха сягоння? - сказаў ён i тут жа паправiўся: - Нудна тут сягоння ў вас. Брат ваш гаварыў мне сягоння, што музыканты вашы паехалi.
- А дзе вы брата майго бачылi?
- Тут.
- А нашто ён гаварыў вам гэта?
- А от трэба было яму, дык ён i сказаў.
Яму было прыемна i здавалася патрэбным гаварыць так, каб ёй здавалiся здарэннi не такiмi простымi, нават таемнымi. Ён не ведаў, што гэта - яна гуляе з iм, пакпiць хоча над iм цi гэта ў яе тут жаночая незразумелая шчырасць... Ён ужо не прымячаў яе твару, ён глядзеў на яе рукi, на фалды шырокай яе адзежы. I не спадабалася яму, што многа блiшчастых караль у яе на шыi, яны мелi выгляд крыклiвы i рабiлi ўражанне нейкага блiшчастага звону i гэтым зневажалi глыбокае хараство...
Яна бачыла, што гэты хлапец нудзiць па нечым i ў гэтую хвiлiну па ёй. I сваiм пачуццём жаночым дагадвалася, што нават гэта не зусiм па ёй, а ў ёй наогул па жанчыне, па яе прывабнасцi. Яна разумела гэты смутак мужчыны i ўжо на вопыце ўпэўнiлася, што не пастаянны ён у мужчыны да аднае жанчыны i пройдзе пры цеснай блiзасцi i тады прабудзiцца нявызначаны i агульны не перад ёй, а перад паняццем "жанчына"... Яна ўспомнiла былую зiму ў горадзе, i ўсё гэтае ўразуменне зняважыла яе, i яна раптам варожасць, вельмi кволую i не заўсёды прыметную, адчула да Андрэя. I ёй раптам стала патрэбным памучыць яго, каб пасля назаўсёды забыць, бо цяпер ужо зусiм адчула яна, што нецiкавы i непатрэбны ён ёй. Так яна i пачала з iм цвялiцца. Яна яшчэ ўсмiхнулася яму, пасля вырвала пальцамi травы i кiнула на яго. Ён устрывожыўся радаснай трывогай i востра глянуў на яе. Яна па-жаночы глянула на яго i апусцiла вочы. Тады ён падсеў да яе блiжэй. Яна зноў усмiхнулася, зноў апусцiла вочы. Ён падняўся, падышоў да яе i раптам сеў зусiм блiзка i прыцiснуўся да яе. Яна маўчала, i ён моцна сцiснуў яе руку, а пасля абхвацiў рукою яе плячо. Яна ўжо знала, што гульня скончана, што ўсё ўжо зроблена, што для тае мэты больш можа толькi пашкодзiць. I яна пасядзела так з iм паўхвiлiны i, цiха адапхнуўшы яго, паволi ўстала i, паважна гойдаючы станам, пайшла ў свой бок. Ён не здзiвiўся гэтаму, толькi не чакаў гэтага. Ён усхвацiўся раптам i пайшоў за ёю. I ў тую хвiлiну радасна блiснула ў яго ўпэўненасць, што гэта ж яна наўмысна, каб ён iшоў за ёю, што яна шчырая з iм. А яна азiрнулася i сказала яму:
- Не iдзi.
- Я пайду, - сказаў ён з горкай трывогай.
- Не iдзi, нiчога табе ад мяне не будзе. I нiчога табе ад мяне не можа быць.
- Можа быць, - сказаў ён з пачуццём блiзкiм да пачатку злосцi.
- Ну-ну! - сказала яна горда з фальшывай сталасцю.
- Нонна! - пазваў ён яе.
Яна здзiўлена паглядзела на яго i зноў пайшла. I, дайшоўшы да самай будкi, яшчэ раз азiрнулася i з такой жа фальшывай сталасцю, але ўжо са смехам у вачах, пакiвала на яго пальцам i схавалася ў будку.
Ён некалькi хвiлiн стаяў на адным месцы, з прытупленаю вастратою ў пачуццях, пасля пайшоў назад i стаў на мосце i глядзеў моўчкi на ваду. Пасля яму стала брыдка перад ёю, што ён стаiць тут i не адыходзiць; пачаткi гордасцi заварушылiся ў iм, i ён плюнуў унiз i пайшоў кустамi на палявую дарогу.
- А ну яе к чорту, - сказаў ён моцна, з патугаю, несучы ў душы смутак.
I ахвацiў гэты смутак думкамi, выйшаўшы ў поле. Тады яскрава i выразна думаў, што гэта ж па гэтай цыганскай дзяўчыне такi востры смутак у яго.
V
У тую ноч Нонна доўга не спала. Была ў яе журба i даходзiла да мяжы са смуткам...
Тады свяцiў над паплавамi месяц, i ясна, i пуста, i страшна цiха было ў прасторах. Бялела нейк далёкая роўнасць зямлi, не шумела трава, i iншых нiякiх не было зыкаў. I моцна пахла вясенняю ноччу... Некалькi разоў звечара пачыналi плакаць далёкiя птушкi, а пасля толькi раз адна крыкнула... Так i свяцiлася ноч i цiха драмала...
Брат Нонны звечара доўга хадзiў каля будак, гаварыў з старым цыганом з другое будкi, пасля хадзiў путаць конi i доўга там свiстаў iм i, як пачаў узыходзiць месяц, лёг у будцы i зразу моцна заснуў. I ў суседняй будцы спалi. Тады Нонна выйшла босая i неадзетая, i села пры рэчцы, i сядзела так, не варушачыся. Яе некуды цягнула, хацелася некуды iсцi, нешта рабiць, дзейнiчаць, нешта i некага пакiнуць, нешта i некага знайсцi. Але было гэта нявызначаным у свядомасцi, як пункт. Нешта давiла ёй душу, i падобна было, што як бы гэта нешта было добрае, патрэбнае i слаўнае i цяпер няма яго... I трудна было ёй прывясцi ў парадак пачуццi. Давiла яе i тое, што свяцiў над паплавамi месяц, i разам з тым нейк i важна i патрэбна было тое, што свецiць ён. Давiла цiшыня i размах пустых прастораў, i разам з тым дарагою i любаю была гэтая шырокая цiш.
Читать дальше