- Ну то што, калi бачыў?
- Вельмi рад... Вельмi... Ён цябе будзе глядзець... Будзе цябе на руках насiць.
- Чаму гэта мяне?
- А ён хвалiўся, што ў вас ужо згода.
- Заранне ён да цябе ў швагры лезе, дурны, марцовы кавалер. А ты i ўзрадаваўся...
- Мне што, як хочаш. Я ў чужыя iнтарэсы не лезу.
- Як не! Я не бачу, як ты мяне з iм зводзiш? Ты хочаш жанiцца, дык каб я табе не замiнала?!
- Агата!..
- Ты думаеш, я не бачу, што тут каля мяне робiцца?!.
- Да душы не, сястра! Цi так, цi так - я неўзабаве жанiцца буду. Ты мне папярок дарогi не стаiш.
Пасля раззлаваўся:
- Дурная ты!
Агата змоўчала.
- Немаведама, з чаго наганяеш сама на сябе жах... Ачамярэлi мне твае гэтыя слёзы.
- Я нiколi слёз не пускаю.
- Дык так усё ныеш.
Цяпер сапраўды ў Агаты заблiшчалi на вачах слёзы. Яна сарвала з твару хустку, кiнула на драбiны. Каля воч пачырванела, твар зрабiўся непрыгожым. Стаўшы на каленi, яна дагрэбла градус. Фэлька ўссыпаў кош бульбы ў воз. Яна атрэпвала спаднiцу ад зямлi, выцiрала кулакамi вочы i пэцкала зямлёю твар. Фэлька цмокнуў на каня, рушыў з поля. Яна засталася адна, каб iсцi наводдалек. Спявалi на полi дробныя птушкi, награвалася сонцам пад нагамi жвiрыстае каменне. Чэзла трава на верасеньскiх межах. Тхнула чабаром i пiжмаю; дрымотна звiнела сухая трава цi то зелле. Спарыш i дзяцельнiк гусцiлiся ля дарог, цвiлi i вялi жоўтыя кветкi на высокiх сцяблах. Яны пападалi мiж пальцаў босых ног, пакiдалi там на нагах галоўкi свае. Агата нагiналася, каб выкiнуць iх. Тады мацней пахла верасеньская зямля.
Даўно схаваўся ў лагчыне за ўзгоркам Фэлька з возам, i яна iшла адна сярод жоўтай задумёнасцi.
"Фэлька раней прыедзе дадому, пачакае яе ссыпаць бульбу з воза, два мяшкi зверху, пэўна, скiне адзiн - здаровы, прыгожы, трохi пануры. I няўжо ён сапраўды стараецца збыць мяне з хаты! Цi не з Алiмпаю гэта зладзiў ён, а тая ж ведзьмаватая трохi, дарма што нядаўна каровы яшчэ пасвiла. А за Фэльку яна маладзейшая гадоў на дзесяць, калi не больш. А можа i не яна гэта, можа iншая. Але ж ходзяць разам вечарамi, Фэлька прападаць у яе падоўгу стаў. I Асташонак нечага там трэцца ўсё. Але дзе ён не трэцца, куды ён не ўлезе. Нiдзе спакою не дасць. Нiякай сталасцi не мае i, мабыць, нiколi чалавекам не будзе. Што за карысць, што малады i прыгожы, калi кручаны i невядома калi пасталее. Яшчэ гатоў i Фэльку напсаваць як-небудзь; i чаго Фэлька не патурыць яго, гада - ходзiць ды хвалiцца, што абармотам стаў за тры рублi. Вiсус, пошкудзь гэтая... Няхай бы Фэлька браў сабе Алiмпу, што яму, маладому, жыць так. I ў хаце ладней было б... Цябе Зыгмусь, кажа, будзе на руках насiць. Зыгмусь хоць стары чалавек, усё ў яго ў парадку, i нiкому ён прыкрасцi не зробiць, i пальцамi на яго людзi не паказваюць... I кахае мяне. I па-суседску з Фэлькам будзе жыць - усё будзе душа ў душу. Добра ўсё будзе... Бо i праўда - дарэмна я часам на Фэльку сярдую, ён па-брацку ўсё хоча, каб як найлепей. I што я нагавару яму, дык ён усё змоўчыць. Хiба ён кепскi брат? Нiчога сабе каторы ўжо год не спраўляе, а мне колькi гарнiтураў накупляў. Добры ён, добры. А я крыўджу яго часам, сама не ведаючы, за што. Ён жа сапраўды - калi мяне з хаты збываў? Здаецца ўсё мне. З Зыгмусем з малых дзён дружыць. А каб Зыгмусь быў кепскi, дык хiба ён дружыў бы з iм... А Асташонак... Што там Асташонак!..".
Аднак вострым сумам на момант сцiснулася сэрца. I зноў цiхi прастор палявой восенi агарнуў спакоем душу.
Плыў водар павольнага канання травы i кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў.
V
Моцна стукалi аб зямлю яблыкi. Пахлi загарэлыя вiнёўкi i недаспелыя бэры. Каля платоў расцвiтала бабiна лета. Куры склёўвалi садовую макрыцу, у двары каля студнi плюхалiся качкi. Каля прыгрэбкi Стасюк адкусваў па дробцы ад хлебнай скарынкi i кiдаў курам. Куры хваталi ежу i з зайздрасцю дзяўблi адна адну ў галаву. Тут жа старалiся пажывiцца вераб'i. Кiдаючы крошкi, Стасюк гукаў, каму кiдае. "Гэта табе, Тадора", - заяўляў ён старой, валяватай i кашлатай курыцы. "А ты, Рыжы Яначка, не хватай, калi табе не кiдаюць", - злаваў ён на шчуплага, абскубленага ў бойцы, маладога пеўнiка. "Чаму Чарнявы Рыгор не крадзе чужога?" Але Чарнявы Рыгор у гэты час падскочыў Стасюку пад ногi, каб адабраць у Тадоры крошку. Тадора ўцякла, а якраз папаўся Рыжы Яначка. Дык Чарнявы Рыгор i дзеўбануў Рыжага Яначку ў галаву, аж у таго замакрэў ад крывi грэбень. Стасюк кiнуўся ў плач:
- Цёця Агата, чаму Чарнявы Рыгор, каб ён выдах, Рыжага Яначку чуць не забiў!
Агата паволi iшла па садзе да Стасюка, жмурачыся ад сонца i смеючыся.
- Якога гэта Рыжага Яначку? - пытаўся Фэлька, высунуўшыся з сянец з квартаю недапiтага квасу.
Читать дальше