- Няшчасная мацi, у якой гiтлераўцы забiлi дзяцей. Божачка мой, лiтасцiвы мой!
-А цi не чула ты, чаму гэта Галаскi абязлюдзелi?
- А ты ж чаго сам апынуўся тут?
- Вярнуўся з уцёкаў, i мне пустэча як сто пудамi на грудзi i - канцы могуць прыйсцi.
- А тут, кажуць, быў такi Пархвен, што з п'яным пеўнем бiўся. Дык яго дачка, дай Божа ёй здароўя, нямецкага пана, нейкага Пфайфеля, на той свет адправiла. Гiтлераўцы яе шукаюць i траслi Галаскi так, што ўсе з хат, хто куды мог, разышлiся.
- А дзе яна?
Жанчына на яго паглядзела:
- Як жа ты так пытаеш? Цi маеш ты, чалавеча, розум? Хто ж гэта можа ведаць, дзе яна? А каб i ведала, то - хiба я ведаю, дзе яна? Няхай яе Бог ратуе.
- Я ж яе - ты ведаеш? - бацька.
- Што ты выдумляеш?
- Дальбог жа, гэта я з пеўнем бiўся. З мяне ж праз усё жыццё смяялiся. Гэта я. Не верыш? Дык сядзi ж у гэтай хаце. Аддаю яе табе.
Жанчына ўздыхнула i пайшла, а ён убачыў, што заходзiць сонца. Стаў перад акном i зноў жахнуўся: недзе там, далёка, ляжала сонца, дуб стаяў чорным асмалкам, а адна галiна зелянелася. Толькi яна адна i асталася. Ледзьве прычакаў ён, пакуль сцямнела, а тады рушыў на другi канец Галаскоў, дзе, ён праз усё жыццё ведаў, у чалавека пад свiрнам заўсёды ляжаў лом. З радасцю ён абмацаў яго, узяў на плячо i пайшоў, сам сабе шэпчучы:
- Гаспадара няма, а ты, ламок, ляжыш сабе. Вылежаўся, выкачаўся.
Ён iшоў гадзiны са дзве цiха i бесперастанку. Ён пакiдаў за сабою ўсё, што калiсьцi поўнiла яго жыццё. Вось ён мiнуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу i як бы ўпаў у вiльгаць логу, а адтуль iшоў проста. Свяцiлi зоры, i стаяла цiшыня. Сэрца яго калацiлася, але разам з тым цвёрдасць намераў уцiхамiрвала яго хаду. Усе гэтыя кiламетраў сем ён прайшоў паволi: ён ведаў, што доўга яму трэба будзе выбiраць месца i зручны момант. Вось ён i два ляскi мiнуў, i балота, i азярцо абышоў, i хутарская паляна мiльгацела светлякамi. Унь там! Трыма крокамi ён перайшоў схiлiсты адкос, лёг на зямлю i прыгледзеўся. Нерухомая постаць нямецкага салдата вiдна была ў змроку. Цягнучы за сабою лом, ён адпоўз на ранейшае месца i выйшаў на адкос праз чвэртку кiламетра. Позiрк направа i налева - нiкога нiдзе. Божа, памажы! Сэрца распiрала яму грудзi. Ён падклаў лом пад рэйку i павярнуў угару. Божа, якая цяжкая рэйка! Утапiць бы яе ў лужу. Ён яе спусцiў з адкосу i некалькi разоў калупнуў пад яе ломам. Балота! I рэйка пайшла ў прорву. Зараз можа быць усё, чаго так прагне яго змучаная душа. Ён адышоўся можа за паўкiламетра, i лёг на зямлю, вухам на траву, i чакаў. Вось яно, грымiць зводдалеку, звонiць, дыхае. Божа, як марудна, канца няма, але раптам гром, грукат, стукат, бразгат, i ўстанавiлася цiшыня. Шчасце! Палавiна страчанага жыцця вярнулася да чалавека. Каб так кожную ноч! Але ж лома няма. З рэйкай ён уплыў у балота. У мястэчку, у зяця, у каваля, два ламы былi, ляжалi ў прыбудоўцы к сенцам. А што каб цiхом пайсцi i ўзяць да наступнай ночы? Як бы там нi было - трэба хутчэй даваць адгэтуль ходу. Сонца ўжо застала яго каля Галаскоў. Па той бок рэчкi мястэчка вiдно было яму выразна. Ён падумаў: напэўна, i мястэчка абязлюдзела. Чаму там так цiха i нiякага руху? Нацянькi ён рушыў проста да кавалёвага дома. I як толькi апынуўся ля шула кавалёвай брамы, убачыў: ён вельмi неасцярожны - проста перад iм усю вулiцу акiдае позiркам немец. Ён кiўком пальца паклiкаў да сябе Пархвена. I калi той ступiў тры крокi, гiтлеравец крыкнуў i паказаў яму пальцам, куды iсцi. Пархвен цiха рушыў да вялiкага натоўпу, якi нерухома i маўклiва займаў усю вулiцу. Пархвен бачыў, як стаяць местачкоўцы. Чаго яны так пасталi тут? Унь стаiць муляр Костусь, а унь Юрась-мельнiк, Раман-шавец. Унь настаўнiк, у якога яшчэ вучылася Марыля. (Божа мой, дзе яна!) Унь стаiць Тамаш Васiлюк, той самы, што ў юнацкiх гадах вельмi сябраваў з iм, Пархвенам. Унь Васiль Сцяпуцкi, якi разам з Пархвенам калiсьцi хадзiў у заработкi. Унь Янук Кастэцкi, дачка якога Ганнуся дружыла з Марыляй. Усе стаяць. I Раман Шабуня, i Змiтрок Ярмалiцкi, i Канстанцiн Шкуцька, i Мiкалай Цвiркевiч... Пархвен стаў, не дайшоўшы да натоўпу. Тут нямецкi крык загадаў яму ўвайсцi ў натоўп. I толькi ў гэтую апошнюю хвiлiну Пархвен заўважыў, што аўтаматчыкi трымалi наведзены на натоўп цэлы рад аўтаматаў. I ў гэты момант як бы нейк загаўкаў прарэзлiвы i крыклiвы гiтлеравец:
- Чацвёрты раз заяўляю: калi зараз жа не будзе сказана, хто забiў афiцэра сельскай гаспадаркi Пфайфеля, аўтаматчыкi расстраляюць адным залпам усiх да аднаго!
Тут Пархвен убачыў, як наводшыбе ад усiх чамусьцi стаiць Марцiн Лагута. Натоўп не зварухнуўся. I зноў нямецкi галасiна:
Читать дальше