Дарэчы, пра помнiкi.
З год таму я прысьнiў фантасмагарычны сон. Па маiм родным Наваполацку езьдзiў, зносячы помнiкi Ўладзiмiру Iльлiчу, звычайны савецкi бульдозэр. Дзецi падбягалi да бульдазэрыста, казалi яму адрас чарговага помнiка, дзядзька спаважна запiсваў яго ў свой нататнiк i ехаў рабiць сваю справу далей.
Сёньня, калi шчыльныя шэрагi помнiкаў правадыру працоўных пад гучныя воплескi гэтых самых працоўных ужо iстотна парадзелi, фантасмагарычным у маiм сьне засталося адно тое, што дзея адбывалася ў Наваполацку, дзе - рэч амаль неверагодная! - нiякiх помнiкаў Iльлiчу нiколi не было. Не было нават вулiцы Ленiна. Праўда, дзядуля дзейнiчаў, так бы мовiць, i "пры наяўнасьцi адсутнасьцi". Калi тутэйшыя "нацыяналiсты" спрабавалi пераназваць наваполацкiя вулiцы з дэбiльнымi назвамi тыпу Юбiлейная, Алiмпiйская або Камсамольская, бацькi горада ня проста адмахвалiся, як ад дакучлiвых мух (ня лезьце, маўляў, зь нейкiмi там Скарынамi й Калiноўскiмi), але са значэньнем падымалi ўгару палец i, палохаючы самiх сябе, прыхлопвалi гнiлых iнтэлiгентаў апошнiм аргумантам: "В городе еще нет улицы имени Ленина!" Цяпер ужо можна з усёй пэўнасьцю дадаць: i нiколi ня будзе. Нi вулiцы, нi помнiка.
Вялiкi пралетарскi пiсьменьнiк М. Горкi, ня верыць якому няма анiякiх падставаў, у лiстападзе 1917 году пiсаў пра Iльлiча: "он обладает отсутствием морали и чисто барским, безжалостным отношением к жизни народных масс" (М. Горький. Несвоевременные мысли. - Париж, 1917. С. 113). Не, зусiм не памыляўся мудры Анры Барбюс, сказаўшы ў разгар сталiнскага генацыду, што СТАЛIН - ГЭТА ЛЕНIН СЁНЬНЯ.
19 траўня 1922 году Iльлiч загадаў рыцару рэвалюцыi Дзяржынскаму падрыхтаваць высылку за мяжу красы расейскае iнтэлiгенцыi. Дзеля гэтага правадыр раiў рыцару "собрать систематические сведения о политическом стаже, работе и литературной деятельности профессоров и писателей". А вось i гатовыя ворагi: "питерский журнал "Экономист"... по-моему, явный центр белогвардейцев. В No 3 напечатан на обложке список сотрудников. Все это явные контрреволюционеры, пособники Антанты, организация ее слуг и шпионов и растлителей учащейся молодежи" (у зб.: Ленин и ВЧК. Масква, 1975. С.566-567). Як вам ленiнскiя парады? А тэрмiналёгiя? Цi не нагадвае нешта вельмi знаёмае з 30-х гадоў?
Чую голас апанэнта: ну вось, пакланялiся Ленiну, вырываючы зь ягонай бясцэннай спадчыны адныя цытаты, а цяпер той самай мэтодаю выкрываем яго. На гэта я адкажу: генiяльныя iдэi Iльлiча, якiя доўгiя гады паўтаралiся як малiтвы-заклёны, так i не ўвасобiлiся ў "светлое будущее". А вось ленiнскiя ўказаньнi й запаветы, ад якiх робiцца вусьцiшна, вельмi хутка рабiлiся страшнай рэальнасьцю: расстрэламi, высылкамi, тэрорам.
Мiж iншым, цытаваны вышэй лiст напiсаны "самым чалавечным чалавекам" за колькi дзён да першага кровазьлiцьця ў мозак. Можна толькi здагадвацца, якiя б яшчэ запаветы выйшлi з-пад пяра Iльлiча, калi б не хвароба.
Дык хто ж усё-ткi быў стваральнiкам савецкай таемнай палiцыi? Хто быў пачынальнiкам тэрору, якi закрэсьлiў дзясяткi мiльёнаў чалавечых жыцьцяў? Ленiн цi Сталiн?
Нялiшне паразважаць над гэтым пытаньнем, калi вы бачыце, як афiцыйныя асобы ўскладаюць кветкi да велiчных помнiкаў. Нялiшне падумаць пра гэта, праходзячы па Ленiнскiм праспэкце й незьлiчоных вулiцах iмя Ленiна. Нам, беларусам, дарэчы будзе ўзгадаць на гэтых вулiцах i ля гэтых помнiкаў, як Ленiн i кiраўнiцтва ягонае партыi спачатку аддалi Беларусь немцам у Берасьцi ў 1918-м, а потым, не спытаўшыся ў нашага народу, не пусьцiўшы ягоных прадстаўнiкоў на перамовы, па жывым распалавiнiлi ейнае спакутаванае цела Рыскай дамоваю ў 1921-м.
Цi думалi вы пра гэта ў самай ганебнай савецкай чарзе? Не, я не пра чаргу па мiску нiшчымнае лягернае баланды. I не пра чаргу на кватэру. I не пра чаргу на выезд за мяжу. I не пра чаргу па вiно, мыла, цыгарэты... Я - пра чаргу да генiя, што разам з паплечнiкамi штурхануў краiну на шлях, якi давёў да бясконцага стаяньня ў гэтых чэргах. Пра чаргу ў Маўзалей.
Ну, а як наконт вашых дзяцей - "юных ленiнцаў" i "акцябрат" (слова настолькi чужое беларускай мове, што ягонае зьнiкненьне пройдзе зусiм незаўважна). Як наконт дэвiзу, якi яны мусяць ледзь не штодня паўтараць на лiнейках i зборах? Да якой "борьбы" яны павiнны быць гатовыя? За якое "дело"? Якой партыi? Ды той самай, дзякуючы якой мы зрабiлiся абязмоўленымi жабракамi са зьнявечанымi мазгамi. (Кажуць, недзе ў Францыi прызналi Ўладзiмiра Iльлiча найвыдатнейшым мысьляром XX стагодзьдзя. Пажылi б тыя французы хоць з тыдзень у краiне, што ледзьве не пабудавала ў 1980 годзе камунiзм).
Читать дальше