— Дзед, можа, маеш яшчэ запалкі? — прыпамятаў ён і другую сваю патрэбу.
— Не, запалак ня маю. У самога недзе паўкарабка асталася. Але, калі трэба магу «кацюшу» даць.
— Якую «кацюшу»?
Дзед моўчкі пайшоў у сенцы і хутка вынес адтуль невялікі руды капшучок, разьвязаўшы які, выняў «кацюшу» — кавалак крэменю, абламаны канец напільніка і нейкі абрывак трантаў.
— Во, ударыць, іскра выскачыць, затлее і разьдзьмуць.
— Добра. І яшчэ… Там напарнік захварэў. Каб як падтрымаць…
— Гэтак? Захварэў, кажаш? — насьцярожыўся дзед, і ў яго спакутваных вачах мільгануў цень непакою. — Ад атаму, можа?
— Хто ведае. Але есьці няма.
Дзед уздыхнуў, павярнуўся, быццам куды выправіўся, ды спыніўся.
— Што ж табе даць? Каб жа ня выграблі ўсё. Во бульбачкі зь мех засталося. Сказалі: мы добрыя, гэта табе, каб ня ўмёр. Дык бяры з паўмяшка.
— Не данясу.
— Ну вядзёрка…
Яны ўдвох пайшлі ў цёмны прахалодны застаронак, дзе гаспадар, грузна дыхаючы, навыбіраў зь нейкай скрыні леташняй, з доўгімі белымі парасткамі бульбы. Набралася няновае пакарабачанае вядзерца. Здаецца, не без шкадаваньня дзед падаў вядро хлопцу.
— Во, болей няма. Каб ты гэта двума днямі раней — усё было: і сала, і каўбасы. Дык пабралі. Не пабаяліся, што й радыяцыя…
— А і праўда, што радыяцыя? — занепакоена спытаўся салдат.
— Хто ведае. Я еў і нічога, яшчэ не памёр во. І ўнукам даваў, як прыяжджалі. Але тыя наўрад ці самі жраць будуць — на продаж! У Маскву павязуць на нітраграцыю.
Вось табе й на, думаў салдат. Ён спадзяваўся, што хоць дзед жыве ў бясьпецы, неяк гаспадарыць ля самай зоны, не галадае. Аж на дзеда знайшлася іншая пошасьць — не радыяцыя, ня голад, дык бандытызм. Раней сялян рабавала ўлада, а цяпер гэтыя — на фурах. Сапраўды, куды дзецца працоўнаму чалавеку, дзе знайсьці прытулак?
Салдат таропка разьвітаўся і зь вядром у руцэ пашыбаваў па тым самым полі наўпрост да ракі. Сьпярша азіраўся, але дзеда не было відаць. Наводшыбе ад пабуранай вёскі сіратліва мясьцілася абрабаваная сяліба, трохі прыхаваная за некалькімі дрэвамі садка. Бы партызан, бы партызан, — думаў пра сябе салдат, прыпамятаўшы нейкі фільм, што глядзеў у дзяцінстве. Толькі там партызаны несьлі ў лес авечку, а ён — вядро бульбы. І ўсё тоячыся, баючыся. Не нашмат, аднак, зьмяніліся часы… Праўда, тыя хоць мелі вінтоўкі, а ён што?
Увесь час на хадзе ён саваў руку ў кішэню бушлата і адшчыкваў патроху хлеба. І кожны раз думаў, што гэты раз — апошні, што астатняе трэба пакінуць бамжу. І ня мог утрымацца. Голад яго, здаецца, ад таго ня меншаў, а нават большаў. Тады ён аж вылаяў сябе — трэба ж урэшце знаць меру! Ды ягоны дурны жывот, мабыць, не хацеў ведаць меры і патрабаваў яшчэ. Тады салдат стаў суцяшаць сябе, што бульбу ўжо ён прынясе ўсю. Яны напаляць на беразе прысаку і напякуць яе — хопіць на двух. Ужо ён наесца…
Сонца тым часам увабралася ў паўдзённую высь і здорава прыпякала плечы ў бушлаце. Салдат зьдзеў шапку і сунуў яе пад дужку вядра. Так стала вальней і не было відаць, што ён нясе. Ён удала перайшоў затравянелае поле, зноў выйшаў да аброслых крапівой каляінаў на бродзе. Тут трохі спачыў у цяні пад алешынай, зноў разуўся. Пераходзіў брод, не сьпяшаючыся, з насалодай мацаючы босымі нагамі ў сьцюдзёнай вадзе. На другім беразе сеў, каб абуцца. І тады нейкая сіла змусіла яго зірнуць пад суччо недалёкіх елак. Сьпярша ён нічога там не заўважыў, а затым зірнуў зноў і сумеўся ад сполаху. Між елак ля броду стаяў худы, нейкі быццам аблезлы, зь белаватымі праплешынамі на баках воўк. Што то быў воўк, а не сабака, салдат адчуў пэўна: такімі насьцярожанымі і маларухавымі сабакі не бываюць. А ў гэтага — настырчаныя вушы, апушчаны долу хвост… Аднак у ім не прыкмячалася і ніякай адзнакі хцівасьці — можа, болей зьдзіўленьня і зьбянтэжанасьці ад нечаканай сустрэчы з чалавекам. Не адрываючы позірку ад ваўка, салдат падняўся, узяў вядро. Воўк здаля толькі пільна сачыў за ягонымі рухамі, сам, аднак, застаючыся разгублена нерухомым. У паставе ваўка па-ранейшаму не было жаднай прыкметы драпежнасьці — хіба адчай і бясьсільле. Можа, як і чалавек, ён быў згаладнелы і чакаў якой дапамогі, падумаў салдат. А калі ён шалёны? І салдат сьпярша памалу, а затым усё хутчэй пашыбаваў ад ракі. Воўк за ім не пабег.
Штораз азіраючыся, хлопец шпарка ішоў краем бору. Напачатку праз хвойнік яму быў відаць воўк, але спакваля яго аблезлая постаць пачала зьнікаць, заслоненая дрэвамі і падлескам. Хутка ён і зусім схаваўся. Тады салдат пайшоў крыху марудней. Гэта нечаканая сустрэча ў лесе новым клопатам уварвалася ў ягоную душу. А ён пасьля гутаркі зь дзедам у каторы ўжо раз гатовы быў паверыць, што не такая яна ўжо і страшная — зона. Што і ў зоне ці каля яе жывуць людзі. Але воўк… Нават воўк! Хіба такі павінны быць нармальны воўк у летнім нармальным лесе? Але калі воўк так падупаў, дык чаго тады чакаць людзям?
Читать дальше